Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Вапа аб выбарах на Беласточчыне: "Не паверылі ў зьмены"


Агляд падрыхтаваў Аляксей Дзікавіцкі У Беластоку выйшаў чарговы нумар газэты беларусаў Польшчы “Ніва”.

На першай старонцы сёньняшняй “Нівы” зьмешчанае інтэрвію зь Яўгенам Чыквіным – адзіным беларусам, які ў сёлетніх парлямэнцкіх выбарах атрымаў дэпутацкі мандат у польскі Сэйм. У размове з карэспандэнтам газэты спадар Чыквін, сярод іншага, абяцае і надалей бараніць інтарэсы нацыянальных меншасьцяў, прычым ня толькі беларускай, але і тых, хто ня мае свайго прадстаўніка ў парлямэнце. У папярэднім Сэйме Яўген Чыквін быў адным з аўтараў Закону аб нацыянальных меншасьцях і шмат зрабіў, каб гэты закон быў ухвалены.

“Вельмі важная атмасфэра вакол меншасьцяў. Дыскусія над Законам аб нацыянальных меншасьцях паказала, што сярод польскіх палітычных элітаў існуе шмат недаверу, стэрэатыпаў. Бывае, што меншасьці ўспрымаюцца як пагроза для польскай дзяржавы. Маю, аднак, надзею, што дыскусія над згаданым законам мела ачышчальны характар і ў стасунках з уладай меншасьці ня будуць мець крыўды”, - заявіў Яўген Чыквін.

У сваю чаргу ў матэрыяле “Не паверылі ў зьмены” галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа канстатуе, што выбарчая актыўнасьць беларусаў Беласточыны была адной з самых нізкіх у краіне. Напрыклад, у гміне Нарва прагаласавалі 24% жыхароў, а ў Гарадку – амаль 28%, гэта значна меней ад сярэдняга ўзроўню ў Польшчы, які складаў крыху больш за 40%.

“Справа яшчэ ня толькі ў тым, што наш вясковы выбарнік моцна расчараваўся ў сваіх папярэдніх кумірах. Ён яшчэ проста больш састарэў і ў магутнасьці царкоўных званоў чакае пераходу зь зямнога жыцьця ў вечнае, а не блуканьня па выбарчых участках”, - напісаў спадар Вапа.

І да іншых тэмаў. “Сустрэча пасьля разлукі” – такі загаловак мае матэрыял пра шосты зьезд выпускнікоў ліцэю зь беларускай мовай навучаньня імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску –Падляскім. “Ніва” піша, што на зьезд прыехалі больш за 320 былых навучэнцаў ліцэю, сярод якіх былі і тыя, хто скончыў яно ў пасьляваенны пэрыяд. Газэта адзначае, што прысутныя адзначылі высокі ўзровень навучаньня ў ліцэю, які зьяўляецца адным з найлепшых на Беласточчыне, ды заклікалі працаваць на карысьць беларускай культуры ў Польшчы.
XS
SM
MD
LG