Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску працягваюцца ператрусы, але вінаватых у выбуху пакуль не знайшлі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Прайшоў тыдзень пасьля выбуху ў Віцебску, распрацаваныя самыя разнастайныя вэрсіі – ад крымінальных “разборак” да неасьцярожнага абыходжаньня са зброяй. Апошнюю вэрсію выказаў Намесьнік дзяржсакратара Савета Бясьпекі Беларусі Юры Крывашэеў у часе прэсавай канфэрэнцыі 27-га верасьня . Ён гаварыў пра тое, што не выключае ўдзелу ў арганізацыі выбуха віцебскіх нэфармальных моладзевых структураў – прыхільнікаў розных музычных стыляў

Цяпер, калі Намесьнік дзяржсакратара Савета Бясьпекі Юры Крывашэеў выказаў вэрсію пра тое, што каля кавярні “Эрыдан” зазвычай зьбіраецца шмат нефармальнае моладзі -- “скінгэды”, “гопнікі”, “мэталісты”, г.д., і таму найбольш верагодна, што выбух – гэта адбітак канфлікту паміж рознымі групоўкамі, у Віцебску, мусіла звузіцца кола падазраваных і праверкі ды ператрусы будуць праводзіцца ў іншых моладзевых асяродках.

Такога насамрэч можна было чакаць, але гэта ня так. Учора, калі па беларускім тэлебачаньні ўжо прагучала вэрсія пра моладзевыя “разборкі”, да журналістаў зьвярнуўся жыхар Віцебску Юры Купрыянаў, у якога толькі што адбыўся ператрус. Вось што ён распавёў.

(Купрыянаў:) “Мне ўжо 42-гі год, якая ж я “моладзевая групоўка”! І да партыяў я ні да якіх не належу. Калі што й абмяркоўваем, то толькі ў сям”і, бо ў нашай краіне адкрыта нічога абмяркоўваць нельга. Адно што 12 год таму я служыў у нашай 103-й мабільнай дывізіі, быў начальнікам кантрольна-тэхнічнага пункту. Так што да зброі я ня меў ніякага дачыненьня, у маім падпарадкаваньні былі толькі аўтамабілі, і ўсё! І вось зьявіліся ўчора а 8-й вечара, у кватэры ўсё паламалі, жонка ў шпіталь трапіла зь нярвовым зрывам. Нічога не знайшлі, і мне нічога не патлумачылі”.

Па тлумачэньні спадар Купрыянаў пайшоў у Кастрычніцкую раённую пракуратуру, адтуль яго скіравалі ў абласную пракуратуру. Як ён кажа, складаецца такое ўражаньне, што ў сілавых структураў няма пэўных вэрсіяў, і таму штодня праводзіцца па некалькі дзесяткаў ператрусаў у самых розных людзей.

Кіраўнік абласной міліцэйскай управы гаварыў па мясцовым тэлебачаньні пра верагодныя асабістыя дагляды падазроных грамадзянаў, абяцаў, што любая, у тым ліку ананімная інфармацыя пра падазроных асобаў будзе карыснай для сьледзтва. Але сёньня пра пошукі злачынцаў, інфармацыі, даступнай звычайным грамадзянам, вельмі мала – пра гэта мала пішуць у газэтах і амаль не гавораць па тэлебачаньні. Вядома толькі, што па горадзе ходзяць панічныя чуткі – то пра новыя выбухі, то пра знойдзеныя ў самых розных месцах выбуховыя прыстасаваньні. Шмат гавораць таксама і пра арганізатараў выбуху: хтосьці нібыта бачыў жанчыну, што кінула пад ногі бляшанку з-пад піва, а нехта запомніў трох маладых людзей, якія сьпешны ад’яжджалі ад кавярні “Эрыдан” на “таксоўцы”.

Вельмі шырока абмяркоўваецца тэма выбуху на інтэрнэт-форумах Віцебскага абласнога парталу. На форуме “Палітыка, грамадзтва, улада” нават праводзіцца інтэрактыўнае апытаньне “ Хто арганізаваў выбух?”

Пра гэта распавёў мадэратар форуму Сяржук Серабро.

(Серабро:)” За хуліганства—дзесьці блізу 60%, недзе па 10% -- за тое, што гэта зрабілі беларускія апазыцыя, сьпецслужбы або крымінал. Калі прагучаў другі выбух, колькасьць наведнікаў рэзка ўзрасла, было да 30-ці чалавек адначасова ў гэтай тэме. Настроі ў наведнікаў самыя разнастайныя: былі разгубленасьць, зьдзіўленасьць, усе пыталіся адно ў аднаго, хто б гэта мог зрабіць. Пачалася паніка, кожны хлапок, прабітая шына выклікалі паведамленьні на форум ды па тэлефоне, што адбыўся новы выбух.

Заўчора нехта пад мянушкай Piroman зьмясьціў на форуме “Палітыка, грамадзтва, улада” паведамленьне са словамі: “Дарагі сябар! Я ганаруся тваім учынкам. Я сам зьбіраўся зрабіць нешта падобнае, але ты мяне апярэдзіў.” Далей ішла прапанова пра супрацоўніцтва і абяцаньне новых арыгінальных ідэй па арганізацыі выбухаў.

Хто-ніхто з наведнікаў форуму выказаў меркаваньне, што зварот Piromanа ёсьць ініцыятывай міліцыянтаў, якія вырашылі пашукаць сьляды злачынцаў яшчэ і у інтэрнэце. Аднак паведамленьне праз гадзіну зьнікла з форуму, мабыць, прыбранае адміністратарам сайту.

Дарэчы, у Віцебску насамрэч дастаткова аматараў вырабу выбуховых: узімку аднаму з такіх аматараў-выбухоўшчыкаў мэталёвай сьпіцай прабіла галаву, другі маладзён амаль што страціў зрок, выпадкова разьбіўшы слоік з выбуховым рэчывам. Пра гэтыя выпадкі шырока паведамлялася ў прэсе, а пра пошукі злачынцы, з-за якога ў шпіталі і да сёньня знаходзяцца больш як 20 чалавек, жыхарам Віцебску практычна нічога не вядома.
XS
SM
MD
LG