Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шмат у Беларусі хворых на інтэрнэт-залежнасьць?


Юлія Шарова, Менск Зусім нядаўна ў Кітаі 400 падлеткаў лячыліся ў клініцы ад інтэрнэт-залежнасьці. Пятнаццацігадовыя юнакі сядзелі за кампутарам ці ня круглыя суткі, некаторых нават выключылі са школы. Ці не пагражае Беларусі выбух вось такога спэцыфічнага захворваньня – інтэрнэт-залежнасьць?

Паводле розных зьвестак, блізу 20 адсоткаў насельніцтва Беларусі карыстаецца інтэрнэтам, а вось ці ёсьць сярод беларусаў інтэрнэт-залежныя й ці шмат іх – вызначыць цяжка. Аднак несумненна знойдзецца нямала людзей, якія бавяць ва ўсясьветным сеціве ці ня круглыя суткі. Нямала й тых, хто доўга завісае на форумах і ў чатах. Ці кожнага аматара форумаў можна назваць інтэрнэт-залежным?

Псыхоляг Вольга Андрэева лічыць, што галоўная прыкмета залежнасьці ад інтэрнэту – гэта калі чалавек ня можа ніводнага дня безь яго пражыць.

(Андрэева:) “У інтэрнет-залежных, як у залежных ад любых іншых рэчаў – ад хімічных прэпаратаў, ад алькаголю, ад наркотыкаў, ад сэксуальных стасункаў, – залежнасьць уплеценая ў тканку жыцьця гэтулькі сур’ёзна, што чалавек ужо ня можа свае паводзіны кантраляваць. Інтэрнэт-залежныя людзі ня могуць кантраляваць час, які яны бавяць за кампутарам. То бок, ён практычна сам ня можа сябе спыніць і як алькаголік ірвецца да алькаголю, ён будзе сабе заўсёды шукаць кампутар. І калі яго няма зь нейкай прычыны, то чалавек адчувае вельмі сур’ёзны стрэс, ён можа быць нават вельмі агрэсіўным”.

Іншымі словамі, калі чалавек цягам тыдня шмат сядзеў на форумах у інтэрнэце, альбо гуляўся ў сеткавыя гульні, а потым зьехаў на выходныя за горад і забыўся пра кампутар – інтэрнэт-залежным яго назваць нельга. Горш, калі ён цягам уік-энду шмат разоў тэлефануе сваім віртуальным знаёмцам і пытаецца, што там новага на форумах ці ў чатах. Гэта ўжо прыкмета залежнасьці.

Я гутарыла з удзельнікамі нацыянальнага фіналу Усясьветных кампутарных гульняў, які нядаўна адбыўся ў Менску. Пыталася пра тое, ці шмат часу яны аддаюць інтэрнэту й навошта ім сеціва?

(Хлопец:) “Гэта вялікая бібліятэка, шмат карыснага ўсяго”.

(Іншы хлопец:) “Гэта найперш сродак знайсьці нейкую інфармацыю, якая мяне цікавіць”.

(Хлопец:) “Найперш камунікаваньне”.

(Яшчэ адзін хлопец:) “У сярэдні па тры гадзіны штодня там баўлю. Форумы, аська, чаты – не. Гэты этап я прамінуў”.

(Юнак:) “Дачыняемся на форумах, зьбіраем інфармацыю”.

(Спадар:) “Выключна для пошты. Паўгадзіны-гадзіна штодня”.

(Іншы спадар:) “Пошту праверыць. Мне для працы трэба кошты пампаваць. Ну й праграмкі розныя”.

(Спадар:) “Палову сутак празь дзень недзе. І ICQ карыстаюся, і на форуме бываю”.

(Хлопец:) “Гадзінаў пяць штодня. ICQ карыстаюся і “міркамі” ўсялякімі”.

(Іншы хлопец:) “Форумы і чаты? Нячаста”.

(Студэнт:) “Гэта навіны і нейкая добрая цікавая інфармацыя”.

Цікава, што ніхто з маіх суразмоўцаў не назваў сябе інтэрнэт-залежным. Кожны казаў: я здаровы чалавек. Затое што хто прыгадаў сваіх сяброў, якія занадта шмат часу бавяць у чатах і дзякуючы ім самасьцьвярджаюцца.

Асобы, якіх можна западозрыць у інтэрнэт-залежнасьці, на прасторах байнэту ўжо сустракаюцца й ня гэтулькі рэдка, цьвердзіць дырэктар прадпрыемства “Надзейныя сістэмы”, якому належыць партал TUT.by, Юры Зісер. На тамтэйшых форумах ёсьць некалькі дзясяткаў асабліва актыўных удзельнікаў. Ледзьве ня круглыя суткі сядзяць яны на форумах, абмяркоўваюць любыя тэмы – ад палітыкі да сэксу, паводзяцца не заўсёды карэктна й часта – непрыстойна. Найбольш вядомы ў беларускім інтэрнэце пэрсанаж – Rembo II. На форумы TUT.by доступ для яго даўно закрылі, але ён вяртаецца зноў і зноў пад новымі нікамі. І зноў і зноў яго гоняць”.

Што ж вабіць людзей у інтэрнэт-форумах і чатах? Разважае Юры Зісер.

(Зісер:) “Мне падаецца, гэта ненатольная чалавечая патрэба ў гульні. Нездарма ў правілах нашых форумаў напісана, што нік – гэта ўвасабленьне альбо самога чалавека, альбо абранага ім віртуальнага вобразу. То бок, форумы – гэта магчымасьць пажыць не сваім жыцьцём, віртуальным жыцьцём, прыдуманым жыцьцём. Шмат хто такім чынам рэалізуе нейкія свае патрэбы, якія ў рэальным жыцьці рэалізавацца ня могуць”.

Сам спадар Зісер зарэгістраваны на форуме. За колькі год у яго набралося недзе каля 180 постынгаў. Зазірае ён туды рэдка, але зазірае – відаць, усё ж ёсьць такая патрэба – крыху пагуляцца.
XS
SM
MD
LG