Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя ў Вашынгтоне пра ўплыў Украіны на Беларусь


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Цягам апошніх некалькіх дзён у сталіцы ЗША Вашынгтоне праходзіла міжнародная канфэрэнцыя “Украіна на шляху да сталай нацыянальнай дзяржаўнасьці”. Дачыненьні з Беларусьсю абмяркоўваліся ў кантэксьце рэгіяналізацыі палітыкі і уплываў ў балта-чарнаморскім калідоры.

Гэтай тэме былі прысьвечаныя 2 круглыя сталы канфэрэнцыі. Першы – дачыненьні Ўкраіны і ГУАМ (куды ўваходзіць Грузія, Украіна, Айзэрбайджан і Малдова), другі – Украіна і СНД. У абмеркаваньні бралі ўдзел прадстаўнікі ўрадавых, грамадзкіх і навуковых арганізацый ЗША, Украіны, Грузіі, Латвіі, Беларусі і Расеі.

Абмеркаваньне прадэманстравала адсутнасьць дакладна сфармуляванай зьнешнепалітычнай лініі Ўкраіны ў дачыненьні да ўсіх сваіх суседзяў. Пры гэтым, аднак было відавочна, што колішняя манаполія Расеі на палітычнае дамінаваньне ў рэгіёне зьнікла. Украінскія і Грузінскія прадстаўнікі выказалі моцнае жаданьне двухбаковай і шматбаковай рэгіянальнай каапэрацыі па пытаньнях энэргіі і вырашэньня рэгіянальных канфліктаў праз ГУАМ. Што да дачыненьняў Украіны з СНД, дык амаль аднагалосна гучала сьцьвярджэньне, што СНД сваю магчымую ролю ў гісторыі адыграў і сам сябе пахаваў. Нават паводле пасланьня да канфэрэнцыі дэпутата Расейскай Думы Валерыя Галчанкі, які прадстаўляе фракцыю бальшыні ў Думе, Расеі варта канцэнтравацца на двухбаковых адносінах, паколькі ані Расея, ані Украіна пакуль не выпрацавалі стратэгічнага падыходу да ўзаемаадносінаў.

Асобнай тэмай прагучаў матыў уплыву аранжавай рэвалюцыі ва Украіне на дэмакратызацыю рэшты рэгіёну, у тым ліку і на Беларусь. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Маркус Мікелі сказаў, што Амэрыка вітае ролю Украіны у падтрымцы разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі і што Украіна магла б стаць мадэляй дэмакратычнай трансфармацыі для Беларусі. Беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі ў сваім выступе быў больш стрыманы і зазначыў, што наступствы украінскай памаранчавай рэвалюцыі для Беларусі ня ёсьць адназначныя. З аднаго боку падзеі на Украіне прынесьлі надзею і дух дэмакратыі, зь іншага боку ўзмацнілі рэпрэсыі і пакуль не далі адказу на пытаньне, ці здолее дэмакратыя ўтрымацца ва Ўкраіне.

(Сіліцкі) “Трэба адразу прызнаць, што магчымасьці Ўкраіны ў пашырэньні дэмакратыі на Беларусь даволі абмежаваныя, таму што, па-першае, палітычныя зьмены, якія адбыліся год таму, яшчэ не кансалідаваныя, напэўна яшчэ нічога ня вырашана, і існуюць пэўныя крызысныя тэндэнцыі ва украінскай уладзе. І нажаль ёсьць такая магчымасьць, што некаторыя рэчы яшчэ могуць быць павернутыя назад. У гэтым сэнсе, дэмакратычнай Беларусі выгадна, каб Украіна сама стала на ногі і разабралася са сваімі праблемамі, а ўжо тады пачала актыўна дзейнічаць. Як мінімум, трэба дачакацца вынікаў парлямэнцкіх выбараў у наступным годзе. Калі перамагае кааліцыя памаранчавай рэвалюцыі, тады можна будзе казаць аб даволі значным уплыве Ўкраіны, хоць ён будзе абмяжоўвацца Беларускімі ўладамі. Па-другое, паўстане пытаньне ўсталяваньня стратэгічных адносінаў Украіны з Эўропай і Эўраатлянтычнай супольнасьцю, бо без значнай падтрымкі з гэтага боку нельга разьлічваць, што Украіна будзе важным фактарам у прасоўваўваньні дэмакратыі.”
XS
SM
MD
LG