Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філарэт асьвяціць храм у шклоўскай калёніі


Алег Грузьдзіловіч, Менск 29 верасьня кіраўнік беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асьвяціць храм, пабудаваны ў шклоўскай калёніі Магілёўскай вобласьці. Там адбывае пакараньне былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Якое месца займае рэлігія ў жыцьці беларускіх вязьняў?

Больш за 40 тысяч чалавек у Беларусі адбываюць пакараньні ў турмах, калёніях і на гэтак званай “хіміі”, зь іх больш за тысячу вязьняў трымаюць у Шклоўскай калёніі. Там утрымліваюць небясьпечных рэцыдывістаў, забойцаў і тых асуджаных, хто накраў шмат грошай. І сярод апошніх -- Ягор Рыбакоў, былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі, якога пакаралі за крадзеж некалькіх мільёнаў даляраў. Паводле умоваў “рыбакоўская” калёнія лічыцца тыповай, гэта азначае, што яна не пазбаўленая розных побытавых праблемаў, але неўзабаве можа перайсьці ў лік узорных папраўчых ўстановаў. Бо тут пачала дзейнічаць царква, якую сёньня асьвяціць мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх Беларусі Філярэт. А вядома, што храмамі, якія асьвяціў сам уладыка, беларуская праваслаўная царква апякуецца з асаблівай ўвагай.

Якое месца ў турэмным жыцьці займае рэлігія? Вось як на гэтае пытаньне адказаў Аляксей Шыдлоўскі: ён адсядзеў больш за год у менскіх турмах за палітычныя графіці.

(Шыдлоўскі: ) “Шмат выпадкаў, калі да вязьняў перастаюць прыяжджаць сваякі, ня пішуць ім лісты, не дасылаюць перадачы, і вязьні ідуць да сьвятароў, бо для іх гэта адзіная магчымасьць з кімсьці хаця б паразмаўляць. Бо ў турме сяброў няма, ёсьць, так бы мовіць, калегі па няшчасьці, а сяброў няма. Там адзіны сябра – гэта Бог”.

Пры гэтым Аляксей Шыдлоўскі згадаў, што ягоныя калегі-вернікі не былі ў роўных умовах. Па нядзелях ў калёнію прапускалі толькі праваслаўнага сьвятара, а вось каталікі, пратэстанты ды прадстаўнікі іншых канфэсіяў на сваю імшу не зьбіраліся, кожны маліўся паасобку. Праўда, Аляксею невядома пра тое, каб нехта зь іх скардзіўся і патрабаваў сьвятара сваёй канфэсіі.

Ці мае праваслаўная царква нейкія прывілеі ў зносінах зь вязьнямі беларускіх турмаў? Паводле дадзеных дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, з 1999 году дзейнічае дамова паміж ім і праваслаўнай царквой. Паводле гэтай дамовы, больш за 50 сьвятароў наведваюць турмы й калёніі, дзейнічаюць 9 адмысловых храмаў, альбо ў некаторых калёніях ёсьць адмысловыя малельныя пакоі. “Зь іншымі канфэсіямі падобныя дамовы не заключаліся, але гэта не азначае, што мы не супрацоўнічаем”, -- паведаміў адказны супрацоўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Пры гэтым ён сказаў, што не валодае статыстыкай такога супрацоўніцтва.

Праваабаронца Алег Гулак спасылаецца на пэўныя прыклады дыскрымінацыі ў беларускіх турмах паводле рэлігійных прыкметаў.

(Гулак: ) “ Я ведаю, што пратэстанцкія грамады хацелі б шчыльна супрацоўнічаць, такія прапановы ад іх былі, але кіраўніцтва краіны іх не падтрымала, а таму і падпарадкаваныя органы ня могуць такія пагадненьні заключыць”.

Паводле зьвестак з каталіцкай царквы ў Беларусі, ксяндзы маюць магчымасьць наведваць сваіх вернікаў ў тых турмах, дзе ёсьць адпаведны дазвол. Называлі, у прыватнасьці, калёніі ў Гарадзенскай вобласьці. Пастары пратэстанцкай царквы сустракаюцца зь вернікамі ў Івацэвіцкай калёніі. Між тым яе адміністрацыя адмоўна паставілася да ініцыятывы вязьняў адкрыць у калёніі малельны пакой. І яшчэ адзін факт. Вядомы апазыцыянэр Павал Севярынец, які адбывае пакараньне адмежаваньнем волі на “хіміі” ў Віцебскай вобласьці, дагэтуль не атрымаў дазволу на сустрэчы з пастарам сваёй пратэстанцкай царквы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG