Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галіна Лукашэнка: “Юрыдычна мы з Аляксандрам Рыгоравічам муж і жонка”


Ігар Карней, Менск Сёньня газэта “Комсомольская правда в Белоруссии” друкуе інтэрвію з Галінай Лукашэнка – жонкай прэзыдэнта краіны, якая 10 гадоў таму адмовілася ехаць за мужам у Менск і засталася ў родных Рыжкавічах.

Адразу пасьля таго, як у 1994 годзе кіраўніком краіны быў абраны дырэктар шклоўскага саўгасу “Гарадзец” Аляксандар Лукашэнка, я быў выпраўлены ў камандзіроўку на ягоную гістарычную. Атрымаўшы ад “варот паварот” у маці прэзыдэнта, накіраваўся ў Рыжкавічы, дзе загадчыцай дзіцячага садку працавала Галіна Радзівонаўна – першая лэдзі краіны. Зайшоў у звычайны вясковы садок і ўбачыў спадарыню Лукашэнку за звыклай гаспадарскай справай – падмятала падлогу. Дзеці якраз спалі, і мы досыць доўга абмяркоўвалі нечаканыя нават для яе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, яна гаварыла пра нежаданьне штосьці зьмяняць ў звыклым ужо ўкладзе жыцьця і пераяжджаць у Менск; тады яна нават пакрытыкавала мужа за спробу прынізіць ролю беларускай мовы. Успамін ад кантактаваньня з Галінай Радзівонаўнай застаўся самы станоўчы.

Праз 10 гадоў журналістка “Комсомольской правды в Белоруссии” Ганна Ляшкевіч прывезла з Рыжкавічаў тыя ж уражаньні: вельмі добрая, чулая, імкнецца ўсім дапамагчы. Мала што зьмянілася ў жонцы прэзыдэнта... Хіба толькі яе сталі больш апекаваць спэцслужбы – ад астатняга сьвету дом Лукашэнкі адгарадзілі высокім плотам, звычайныя шыбы замянілі шклопакетамі, а зь дзіцячага садка Галіна Радзівонаўна перабралася на працу ў Шклоўскі райвыканкам.

У першыя год-два пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам журналісты часта надакучвалі Галіне Радзівонаўне. І яна, як чалавек тактоўны, амаль нікому не адмаўляла. Аднак, як мяркуюць, зь ініцыятывы самога прэзыдэнта такія кантакты былі спыненыя і апошніх гадоў 7-8 нідзе ў прэсе імя жонкі прэзыдэнта не ўзгадвалася. Сёньняшняе інтэрвію ў “Комсомольской правде” – першае пасьля працяглага маўчаньня. Яно, дарэчы, апярэдзіць дакумэнтальную кнігу пра сям’ю Лукашэнкі. Рукапіс зараз праходзіць экспэртызу ў Міністэрстве інфармацыі. Зямляк Лукашэнкаў, музэйны супрацоўнік Мікола Жыгоцкі, у 1997 годзе ўжо выдаў кнігу, прысьвечаную першаму прэзыдэнту краіны. Цяпер да друку рыхтуецца яшчэ адна ягоная праца, у якой “бацька” будзе “ачалавечаны”, шмат месца прысьвячаецца сямейнаму жыцьцю – маці, жонцы, дзецям. У часе збору матэрыялу Мікола Жыгоцкі неаднаразова сустракаўся з Галінай Радзівонаўнай, якая была ледзьве не галоўным пастаўшчыком раней не друкаванай інфармацыі.

(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, у сьвеце асуджаюць такі лад жыцьця, калі прэзыдэнт не жыве з жонкай, на людзях зь ёй не паказваецца. Прэзыдэнты ж павінны быць прыкладам для сваіх грамадзянаў…”.

(Жыгоцкі: ) “Гэта правільна, так, маральны аспэкт тут ёсьць. Але так неяк яны, відавочна, дамовіліся з Галінай Радзівонаўнай. Хоць яна мне колісь казала: гэта ўсё часова, усё будзе наладжана і адрэгулюецца”.

(Карэспандэнт: ) “А саму кнігу, зьмест яе (тым больш, што тут справа тычыцца асабістага жыцьця) трэба было ўзгадняць у адміністрацыі прэзыдэнта?”.

(Жыгоцкі: ) “Я ўзгадняў, так. Адтуль рукапіс аддалі на прагляд ажно ў тры акадэміі. Былі і станоўчыя, і адмоўныя водгукі. Я потым штосьці перарабляў. Пры прэзыдэнце ёсьць Акадэмія кіраваньня, дык давалі таксама і туды. Там далі станоўчую рэцэнзію. Акадэмік Навуменка даў таксама вельмі станоўчы водгук на кнігу”.

У сёньняшняй “Комсомольской правде в Белоруссии” журналістка газэты наўпрост запыталася ў спадарыні Лукашэнкі пра ейны сямейны статус. За 10 апошніх гадоў, якія муж і жонка жывуць асобна, узьнікла шмат спэкуляцый на тэму іх шлюбу. Галіна Радзівонаўна адказвае: юрыдычна яны з Аляксандрам Рыгоравічам – муж і жонка, хоць у Рыжкавічы Лукашэнка наведваецца ня часта. На сямейныя сьвяты яна сама езьдзіць у Менск – да мужа, сыноў, нявестак, трох унучак і ўнука. Апошні раз была 1 верасьня, калі старэйшую ўнучку Вікторыю выпраўлялі ў школу. Ніякіх іншых кантактаў у сталіцы ня мае, і нават у Драздах не адчувае сябе гаспадыняй: “Якая ж я тут гаспадыня, калі тут не жыву!”.

А вось Юлія Чыгір, жонка былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, у гэтым зьвязку ўзгадвае: у сярэдзіне 1990-х Галіна Радзівонаўна часта прыяжджала ў Менск. Неўзабаве пасьля фармаваньня новага палітычнага інстытуту – адміністрацыі прэзыдэнта і новага складу ўраду, жонкі вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў і асобных бізнэсоўцаў аб’ядналіся ў клюб “Сучасьніца”.

(Чыгір: ) “Я была абраная кіраўніцай клюбу, а Галіна – ганаровым старшынёй, таму што яна жыла ў Рыжкавічах і не магла займацца пастаяннай працай, пастаянна быць тут. Хоць яна і прыяжджала на ўсе нашыя паседжаньні і на ўсіх мерапрыемствах, якія мы ладзілі, была тут”.

(Карэспандэнт: ) “А можна сказаць, што сялянскае жыцьцё крыху яе адрозьнівала ад гарадзкіх сябровак па клюбе?”.

(Чыгір: ) “Я б не сказала, што яна была закрытай. Прыемная жанчына, ацэньваю яе як даволі разумную, спакойную, памяркоўную. Абсалютна станоўчая. Так, былі моманты, у якіх ёй было цяжэй, чым астатнім, бо яна была адарваная ад сталічнага жыцьця. Але я б не сказала, што яна дзесьці не валодала інфармацыяй, ці была ня ў курсе спраў дзяржавы ці дзейнасьці свайго мужа. Яна ведала, чым займаецца Лукашэнка, ведала найбольш вострыя праблемы. Увогуле, прыемнай была суразмоўніцай”.

Як сьцьвярджае сёньняшняя “Комсомольская правда в Белоруссии”, “пагаварыць” з Галінай Радзівонаўнай ходзяць і сёньня. У інтэрвію яна расказвае, што часта прыходзяць, каб праз яе перадаць лісты прэзыдэнту: “Сусед з суседам не падзеляць сотку зямлі, і ўжо пішуць Лукашэнку”. Лісты чытае сама, і калі ўжо бачыць, што на ўзроўні мясцовых уладаў вырашыць праблему не атрымаецца, тады сапраўды перадае “наверх”. Але прызнаецца, што і зараз з цяжкасьцю ўсьведамляе маштаб таго, што адбылося: якім чынам 10 гадоў таму яе Саша стаў прэзыдэнтам?
XS
SM
MD
LG