Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі рыхтуецца перадзел зямлі?


Вячаслаў Кулік, Менск 28 верасьня на нарадзе ў адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі адбылося абмеркаваньне праекта ўказу аб зацьвярджэньні новага Палажэньня аб вынятку (адабраньні) і выдаткаваньні зямельных участкаў. Ці ёсьць адказ на пытаньне: чаму кіраўнік краіны жадае зацьвердзіць указ, як падзаконны акт, раней, чым будзе прыняты праект новай рэдакцыі Кодэксу аб зямлі? Як вядома, гэты асноўны дакумэнт атрымаў узгадненьне ва ўрадзе і зараз абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў.

Новая рэдакцыя Кодэксу аб зямлі і праект указу распрацоўваліся ў адных сьценах, паведаміў ў інтэрвію нашаму радыё старшыня Камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Георгій Кузьняцоў. Гутарка зь ім адбылася адразу пасьля нарады ў адміністрацыі, і кіраўнік ведамства заявіў, што ў Беларусі трэба найхутчэй расьсекчы вузлы на так званым “чорным” зямельнага рынку.

(Кузьняцоў: ) “Што ён, не ценявы сёньня? Узялі участак за – ну, няхай зараз -- за 800 тысяч рублёў па нарматыўнай цане, а прадаюць за 40 тысяч даляраў за сьпіной. Гэта не ценявы рынак? Ценявы!”.

Па словах урадавага чыноўніка, на спэкуляцыі ўчасткамі нажываюцца мясцовыя ўлады.

(Кузьняцоў: ) “Узялі тыя, хто быў блізка да ўлады. Да ўлады, якая кіруе сельскімі саветамі. Хто захапіў калісьці кавалак зямлі і думае як яго прадаць, то, канечне, гэтую зямлю трэба адабраць!”.

Паводле паведамленьня інфармацыйных агенцтваў, Лукашэнка ўчора таксама крытыкаваў працэдуру выдаткаваньня зямельных участкаў. Ці сапраўды сытуацыя з атрыманьнем участку пад забудову жыльля такая вострая?

У радыюсе 40 кілямэтраў ля Менску вольнай зямлі няма, гавораць у Цнянскім, Бараўлянскім і іншых сельсаветах. Пра цану перапродажу участкаў мы пачулі раней. А тэрміны афармленьня дакумэнтаў, як заўважыў на нарадзе Лукашэнка, расьцягваюцца на 9 месяцаў. Мажліва, каму-небудзь шчасьціць і на такі тэрмін. А я спашлюся на факт, які можа падацца неверагодным. Група расчараваных гарадзкім асяродзьдзем інтэлігентаў стварае экалягічнае паселішча ў закінутых кутках на Валожыншчыне. Па словах кіраўніка праекту Сяргея, “шчупальцы бюракратаў дасягнулі і гэтых бязьлюдных мясьцінаў”.

(Сяргей: ) “Зараз такіх пасёлкаў больш за 10 ствараецца ў Беларусі. Пэрыяд ад пачатку пошуку зямельных участкаў да іх набыцьця займае некалькі гадоў”.

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што нарада ў прэзыдэнта выльецца ў перадзел зямлі. Па словах экспэрта, адміністрацыйная сіла заменіць рынкавыя рэгулятары. “Прыватнікаў запалохаюць і, напэўна, вытураць з прэстыжных прыгарадаў”.

(Злотнікаў: ) “Я ў “Панараме” БТ бачыў сюжэт. Паказалі пад Магілёвам недабудаваныя катэджы, і ішла гаворка, што шмат гадоў яны стаяць і пара ўжо адбіраць у адных і аддаваць іншым. Я мяркую, што за гэтым дзьве зьявы: па-першае, дзяржава важней, чым прыватная уласнасьць. Дзяржава такога азіяцкага тыпу, як гавораць, дзе ніколі ня будзе ў пашане прыватная уласнасьць. Гэта – першае. А другое, я мяркую, гэта проста перадзел уласнасьці. Таму што нарадзілася новая эліта, і новая эліта патрабуе сваё. Вось гэтыя недабудовы яны могуць і адабраць".



















.
XS
SM
MD
LG