Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і беларуская мова на Браншчыне


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 27 верасьня 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Алена Яфімава, Каця Грыбанская (Бранск, Расейская фэдэрацыя).

Вясковыя жыхары паўночна-заходніх раёнаў расейскай Бранскай вобласьці, якая мяжуе зь Беларусьсю, і да сёньня гавораць мовай, больш падобная да беларускай, чым да расейскай. Але ўжо мала хто зь іх ведае пра тое, што аўтахтоннай этнічнай групаю на гэтай тэрыторыі зьяўляюцца менавіта іхныя продкі – беларусы. Сама гэтая частка Браншчыны ўваходзіла некалі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а потым з 1917 па 1926 год у склад Гомельскай губэрні, у той час там існавала нават беларуская школа.

Пра тое, як сёньня выяўляецца беларускасьць у Бранску, слухайце ў чарговым выпуску перадачы “Беларусы за мяжою”

(Сурмач: ) “Факт беларускай прысутнасьці на Браншчыне навукова даказаны расейскімі этнографамі і гісторыкамі. Сучасны беларускі гісторык Ігар Катлярчук, які цяпер жыве ў Швэцыі, апублікаваў сваё дасьледаваньне “Беларусы Бранскага краю” ў часапісе “Архэ” (№2, 2001). Сп. Катлярчук некаторы час сам працаваў у Бранску. Ён піша, што “беларушчына” Браншчыны – ужо гісторыя. Паводле зьвестак перапісу 1989 году ў Бранскай вобласьці жыло 11 299 беларусаў, гэта менш за 1 адсотак ад агульнай колькасьці насельніцтва.

Тое, што ў Бранску беларускае насельніцтва ўжо амаль не памятае пра свае этнічныя карані пацьвярджаюць і ўдзельніцы нашай сёньняшняй перадачы – выкладчыца Бранскага ўнівэрсытэту Алена Яфімава і студэнтка Каця Грыбанская”.

(Яфімава: ) “Ведаеце, нават студэнты, якім я выкладаю, былі вельмі зьдзіўленыя, калі пазнаёміліся з гэтым фактам, яны гэтага не ведалі.

Да Беларусі тут крыху больш за 200 км, але яны вельмі мала што ведаюць пра Беларусь. Ня ведаюць ні колькі насельніцтва, дый нічога ня ведаюць. Мабыць толькі ў гутарцы вельмі добра чуецца, што недзе побач тая гаворка”.

(Сурмач: ) “Звычайна мову і нацыянальныя звычаі больш захоўвае вясковае насельніцтва, як там адчуваецца беларускасьць у вёсках?”

(Яфімава: ) “Вёскі тут, на жаль, фактычна разваліліся, а тыя раённыя цэнтры, якія яшчэ засталіся, яны нечым напамінаюць беларускія, але розьніца ёсьць. Ёсьць розьніца і ў псыхалёгіі людзей і нават у адносінах да зямлі. Такое ўражаньне застаецца, калі бачыш гэтыя палі не засеяныя, гэта зьдзіўляе. У нас над кожным каласочкам схіляюцца, для нас зямля – гэта маці, а тут неяк інакш”.

(Сурмач: ) “Выкладчыца Бранскага ўнівэрсытэту Алена Яфімава нарадзілася і вырасла ў Беларусі, а студэнтка Каця Грыбанская вырасла на Браншчыне. Яна кажа, што дыялект, на якім гаворыць мясцовае насельніцтва, мае падабенства зь беларускай моваю”.

(Грыбанская: ) “Канечне, дыялект вельмі падобны да беларускай мовы. Мы былі ў Магілёве, там некаторыя людзі размаўляюць такой "трасянкаю", вось на гэтай "трасянцы" размаўляюць і тут у вёсках. Нават у цэнтры Бранску можна сустрэць людзей, якія размаўляюць на такой мове”.

(Сурмач: ) “А калі ў Бранску, напрыклад, загаворыш па-беларуску, то як гэта могуць успрыняць?”

(Грыбанская: ) “Скажуць, што гэта чалавек зь вёскі”.

(Сурмач: ) “Нашых суразмоўцаў зьвязвае тое, што абедзьве яны сёньня займаюцца беларушчынай у Бранску. Чатыры гады таму ў Бранскім дзяржаўным унівэрсытэце на юрыдычным факультэце адкрылі аддзяленьне рэгіёназнаўства, дзе студэнты вывучаюць мовы і культуру розных народаў Эўропы.

У сувязі з тым, што Бранская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю было вырашана набраць і беларускую групу. Запрасілі выкладчыцу беларускай мовы зь Менску. Яна спачатку пагадзілася, а потым адмовілася. Тады выкладаць беларускую мову было прапанавана Алене Яфімавай, на той час яна ўжо два гады выкладала ва ўнівэрсытэце гісторыю палітычных і прававых ведаў. Алена добра ведала беларускую мову і пачала працаваць са студэнтамі.

Спадарыня Алена, адкуль Вашае веданьне беларускай мовы?”

(Яфімава: ) “Я нарадзілася на Гомельшчыне. Маці мая нарадзілася на Гарадзеншчыне, а бацька з Гомельшчыны. У дзяцінстве я праводзіла канікулы на Зэльвеншчыне, у Зэльве і цяпер сваякі жывуць.

У Зэльве, мне здаецца, тая культура, асяродзьдзе, яно і спрыяла маёй зацікаўленасьці моваю. Я таксама пачынала вучыцца не на расейскай мове, я вучылася ў вясковай школе, яна была толькі на беларускай мове. І тое, што было закладзена ў маленстве, яно засталося на ўсё жыцьцё”.

(Сурмач: ) “Вы казалі, што жылі ў бабулі ў Зэльве, ці не была яна часам знаёмая з Ларысаю Геніюш?”

(Яфімава: ) “Так, мы жылі побач, мая бабуля жыла на адной вуліцы з Ларысай Геніюш, а маці разам з будучым паэтам Юркам Голубам, калі была яшчэ вучаніцай, хадзіла да яе вучыцца пісаць вершы. У іх было адно захапленьне кветкамі – у маёй маці і Ларысы Геніюш. Маці казала, што ў яе заўсёды былі самыя цудоўныя кветкі з усёй вуліцы”.

(Сурмач: ) “Бываеце цяпер у Зэльве?”

(Яфімава: ) “Апошні раз была ў мінулым годзе ўлетку, была на могілках і наведала магілку Ларысы Геніюш. Шмат успамінаў чула ад яе суседкі, мы сустрэліся на могілках. Яна казала, што Ларыса Геніюш – гэта чалавек, які рабіў усё не дзеля сваёй карысьці, а больш для таго, каб узьняць беларускую мову, каб палепшыць жыцьцё людзей. Калі яна прыходзіла да першага сакратара райкама партыі і патрабавала нешта, яна не зважала на тое, як да яе ставіліся. Яна прыходзіла і заўсёды віталася "Добры дзень". Калі ён адказваў ёй па-расейску "Здравствуйте", яна паўтарала некалькі разоў, пакуль ён не адказваў па-беларуску. Спадарыня Ларыса з увагаю ставілася да праблемаў суродзічаў, дзе магла, дабівалася, каб людзям было лепш.

Што яшчэ цікавага сказала гэтая суседка – гэта тое, што яна была з Ларысаю Геніюш да яе апошняга часу і памятае, што Ларыса сказала: "Я паміраю не сваёй сьмерцю, маю ўражаньне, што мяне атруцілі". У гэтай жанчыны ёсьць шмат матэрыялаў, яна запрашала і казала, што падзеліцца са мною, мае вершы, нават рэчы, якія ёй даравала сама спадарыня Ларыса”.

(Сурмач: ) “Дзе Вы атрымалі вышэйшую адукацыю і як трапілі ў Бранск?”

(Яфімава: ) “Вышэйшую адукацыю я атрымала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на філязофскім факультэце. На жаль, там беларускай мовы не было зусім.

Пакуль я вучылася ва ўнівэрсытэце, я пабралася шлюбам. Мой муж – расеец. Мы сустрэліся ў Эстоніі, там быў лягер моладзі. Ён вайсковец і такім чынам я апынулася тут, ён служыў у Бранску.

Тут у мяне нарадзіліся дзеці, іх у мяне трое”.

(Сурмач: ) “Калі сп. Ларыса прыехала ў Бранск, у пошуках працы яна зьвярнулася ў мясцовы ўнівэрсытэт і ёй адразу прапанавалі працу выкладчыцы. Яна працуе там ужо 6 гадоў і курыруе цяпер беларускую групу на аддзяленьні рэгіёназнаўства".

(Сурмач: ) "Спадарыня Ларыса, колькі студэнтаў у гэтай групе і хто гэтыя людзі?”

(Яфімава: ) “У мяне 23 студэнты, зь іх толькі трое вучацца на бюджэтнай аснове, астатнія – плацяць за адукацыю. Яны ўжо вучацца на 4 курсе.

Хтосьці гэта зрабіў выпадкова, ёсьць дзяўчына, якая мае беларускія карані. Ёсьць такія, якія зусім нічога ня ведалі пра Беларусь, даведаліся, што набіраюцца студэнты і вырашылі паспрабаваць. Але потым яны сказалі, што ім падабаецца мова. Калі мы ўпершыню езьдзілі ў Гомель, яны пыталіся там у студэнтаў, чаму яны саромеюцца сваёй мовы, што беларуская мова вельмі прыгожая. Тыя былі зьдзіўленыя, што расейскія студэнты ня лічаць беларускую толькі вясковаю моваю”.

(Сурмач: ) “Кім будуць вашыя выпускнікі па прафэсіі?”

(Яфімава: ) “Гэтыя людзі могуць працаваць на мытні, у міжнародных аддзелах прадпрыемстваў, у адміністрацыі, у турыстычных фірмах.

Акрамя мовы яны абавязкова вывучаюць і культуру, гісторыю, літаратуру. Літаратуру і гісторыю прыяжджаюць да нас выкладаць выкладчыкі зь Беларусі, з Гомельскага ўнівэрсытэту.

Яны ўсе абавязкова вучаць яшчэ і ангельскую мову”.

(Сурмач: ) “Вы сказалі, што наведалі Гомель, я так разумею, што Вы езьдзіце са сваімі студэнтамі ў Беларусь?”

(Яфімава: ) “Штогод езьдзім. Нам і амбасада Беларусі дапамагае, падручнікі з БДУ нам перадалі, розныя кніжкі, у тым ліку і творы Васіля Быкава.

У нас добрыя сувязі паміж Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэтам, Берасьцейскім і Магілёўскім. Гэтым летам мы былі на моўнай практыцы ў Магілёўскім унівэрсытэце. Ім там і лекцыі чыталі, яны спрабавалі рабіць пераклады, езьдзілі ў вёскі беларускія, размаўлялі са студэнтамі. Ім вельмі спадабалася, найперш, як яны сказалі, іх зьдзівілі людзі, што чамусьці ўсе добрыя.

Да нас у гэтым годзе, крыху па іншай лініі, прыяжджала Вольга Іпатава, сустракалася з нашымі студэнтамі. Студэнты творы Вольгі Іпатавай чыталі яшчэ да яе прыезду, у нас у бібліятэцы ёсьць кніжкі. Пісьменьніца таксама прывезла нам кніжкі, газэты.

Прыяжджала таксама да нас дэлегацыя з Гомельшчыны і былі зьдзіўленыя, што тут вывучаюць беларускую мову”.

(Сурмач: ) “Як Вашыя студэнты ўспрымаюць Беларусь, як незалежную краіну, як ставяцца да расейска-беларускага саюзу?”

(Яфімава: ) “Нашы дзьве студэнткі напісалі ў сваіх працах на конкурсе: "З аднаго боку, мы жадаем, каб Беларусь аб''ядналася з намі. З другога – мы баімся, што Беларусь страціць апошнія элемэнты сваёй культуры, якія яшчэ існуюць. Пакуль яшчэ адраджэньне беларускай культуры магчыма, але калі мы ізноў аб''яднаемся, будзе тое самае, што было за савецкай уладаю і ў царскія часы".

(Сурмач: ) “Адзінай студэнткаю сп. Яфімавай, якая мае беларускія карані, зьяўляецца менавіта Каця Грыбанская”.

(Грыбанская: ) “Маю беларускія карані. У мяне і па маці і па бацьку была радня ў Беларусі, але зараз ужо нікога няма ў жывых”.

(Сурмач: ) “У Беларусі жылі прадзеды Каці па бацьку і па маці, адзін быў вайсковец, а другі працаваў на чыгунцы. Таму яна і выбрала спэцыялізацыю менавіта навучацца беларускай мове”.

(Грыбанская: ) “Мне вельмі падабаецца беларуская мова, культура. Калі я паступала, у мяне быў выбар паміж беларускай і нарвэскаю мовамі. Я ўсё ж выбрала беларускую, гэта мне бліжэй”.

(Сурмач: ) “У параўнаньні з тымі студэнтамі, якія не маюць беларускіх каранёў, Вам лягчэй даецца мова?”

(Грыбанская: ) “Мы ўсе жывем у Бранскай вобласьці, наш бранскі дыялект вельмі падобны да беларускай мовы таму нам усім лягчэй, чым, напрыклад, у Маскве. Але ў нас ёсьць студэнты, якія прыехалі, напрыклад, зь Цюменскай вобласьці”.

(Сурмач: ) “Студэнты, якія вучацца побач з Вамі ня думаюць, што Беларусь – гэта толькі частка Расеі?”

(Грыбанская: ) “Не, яны разумеюць, што Беларусь – гэта не частка Расеі. Усё ж, калі пераяжджаеш празь мяжу, напрыклад, у Гомель, адчуваецца розьніца. Там чысьцей, больш парадку, сорамна нам за наш горад”.

(Сурмач: ) “Вы былі ў Беларусі, пабачылі, што людзі там не размаўляюць на сваёй мове. А вы прыехалі з Расеі і размаўляеце па-беларуску, як яны на вас глядзелі?”

(Грыбанская: ) “Калі мы былі ўпершыню ў Гомелі, мы бачылі, што студэнты размаўляюць толькі па-руску. Яны напачатку думалі, што мы апазыцыянэры. Потым, калі яны даведаліся, што мы расейскія студэнты, яны зацікавіліся”.

(Сурмач: ) “Яны таксама задумаліся, ці не трэба ім таксама вучыць беларускую мову?”

(Грыбанская: ) “Мабыць, мабыць”.

(Сурмач: ) “Каця, пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту дзе б Вы хацелі працаваць?”

(Грыбанская: ) “Я вельмі спадзяюся зьвязаць свой лёс зь беларускай моваю, зь беларускай культураю. Я, напрыклад, меркавала калі-небудзь пераехаць у Беларусь. Але я выйшла замуж і мой муж сказаў: "Не, будзеш у Бранску".

(Сурмач: ) “Спадарыня Яфімава сказала, што Вы разам з яшчэ адной студэнткаю Людмілаю Марачкінай удзельнічалі ў нейкім конкурсе, дзе пісалі працу пра Беларусь, што гэта быў за конкурс?”

(Грыбанская: ) “Гэта быў такі конкурс між студэнтамі ўнівэрсытэтаў Расеі і краінаў СНД. У Санкт-Пецярбургу ёсьць такая арганізацыя, якая праводзіць гэтыя конкурсы. Былі розныя тэмы, я выбрала тэму пра адносіны Расеі і Беларусі, пра саюз між дзяржавамі”.

(Сурмач: ) “І што Вы там пісалі, трэба такі саюз ці не?”

(Грыбанская: ) “Я лічу, што трэба. Але я лічу, што не зусім зараз такія ўмовы, каб гэты саюз быў раўнапраўным, павінен быць саюз двух незалежных дзяржаваў. Гэта маё цьвёрдае перакананьне. Беларусь – гэта незалежная дзяржава”.

(Сурмач: ) “Вы ня хочаце, каб Беларусь стала часткаю Расеі?”

(Грыбанская: ) “Не, я лічу, што беларусы хаця і нашы браты, але гэта незалежны народ. Яны маюць права на сваю дзяржаву, на сваю культуру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG