Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пашкевіч: улада ігнаруе Саюз пісьменьнікаў


Валянціна Аксак, Менск На супольным паседжаньні Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і праўленьня Літаратурнага фонду, якое адбылося сёньня ўвечары, было вырашана распаўсюдзіць ліст да грамадзкасьці аб сытуацыі, якая склалася апошнім часам вакол гэтых дзьвюх грамадзкіх пісьменьніцкіх арганізацыяў.

Напярэдадні паседжаньня старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч меў працяглыя гутаркі з чыноўнікамі Міністэрства юстыцыі. Гаворка вялася па сутнасьці выстаўленых гэтым ведамствам абвінавачаньняў пісьменьніцкай арганізацыі, якія сталіся падставаю для вынясеньня двух пісьмовых папярэджаньняў.

Па словах спадара Пашкевіча, яму ўдалося давесьці чыноўнікам беспадстаўнасьць бальшыні высунутых абвінавачваньняў, а менавіта аб замене пячаткі арганізацыі, наяўнасьці статуту, сяброўстве ў СП замежных грамадзянаў, ранейшай шыльдзе на Доме літаратара.

(Пашкевіч: ) “Папярэдне ўсе заўвагі былі разгледжаныя і пагроза ліквідацыі Саюзу пісьменьнікаў была зьнятая яшчэ там, у міністэрстве юстыцыі. Я там шматгадзінныя сустрэчы з службоўцамі міністэрства меў і давялося так кансэнсусна палагодзіць гэты клопат”.

Аднак абвінавачваньне ў палітычнай дзейнасьці арганізацыі застаецца, хоць, на думку спадара Пашкевіча, чыноўнікі ня маюць ніякіх юрыдычных падстаў для яго. Як дасьціпна сказаў старшыня пісьменьніцкае суполкі, тое, што яе справамі цікавіцца не міністэрства культуры, а выключна міністэрства юстыцыі, наводзіць на думку аб сплянаваных дзеяньнях улады па вывадзе СП з актыўнага грамадзкага жыцьця. Прынамсі, Саюз пісьменьнікаў не запрашалі ні на дзяржаўнае сьвята беларускай пісьменнасьці, ні на фэст беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, ні на якія іншыя зьвязаныя зь беларускім словам афіцыйныя імпрэзы.

(Пашкевіч: ) “Сваё стаўленьне Рада выказала да такога вось ігнараваньня на дзяржаўным узроўні. Калі нас не заўважаюць, мы павінны хоць гаварыць пра тое, што нас не заўважаюць. І ў падпольле ісьці Рада не зьбіралася і не зьбіраецца”.

Дырэктар Літаратурнага фонду Вячаслаў Корбут зрабіў спавешчаньне аб фінансавай сытуацыі гэтае пісьменьніцкае арганізацыі, якую загналі ў матэрыяльны тупік непамерныя падаткі і арэндная плата за два пакоі ў будынку Дому літаратара, які не належыць пісьменьнікам, а гвалтоўна перададзены ў гаспадарчыя структуры адміністрацыі прэзыдэнта.

(Корбут: ) “Сытуацыя блізкая да банкруцтва, таму што вымушаная плаціць велізарную арэндную плату кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Гэтая арэндная плата замінае сёньня спакойнай працы”.

Сытуацыю яшчэ два гады таму браўся выправіць сэнатар-пісьменьнік Мікалай Чаргінец, якому тады паверылі і абралі старшынём Літфонду. Аднак сёньня на супольным паседжаньні Рады СП і праўленьня Літфонду была агучаная заява спадара Чаргінца аб сыходзе з гэтае пасады. Рашэньне па заяве будзе прынятае праўленьнем Літфонду на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG