Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія парлямэнтары выпрацавалі канкрэтныя прапановы адносна Беларусі


Алена Струвэ, Менск Празь некалькі гадзінаў у Страсбуры, у рамках чарговай сэсіі Эўрапарлямэнту пачнуцца вялікія дэбаты па Беларусі. У абмеркаваньні беларускага пытаньня ды праекту адмысловай рэзалюцыі возьмуць удзел больш як 700 дэпутатаў з 25 краінаў Эўразьвязу. У дэбатах па Беларусі паўдзельнічае эўрапейскі камісар Олі Рэн.

Паводле саміх парлямэнтароў, якія бралі ўдзел у распрацоўцы дакумэнту, канчатковая рэзалюцыя (галасаваньне па ёй адбудзецца заўтра), ня будзе значна адрозьнівацца ад праекту. Выключэньне складае параграф 12, у якім размова ідзе пра фінансавыя інструмэнты Эўразьвязу адносна Беларусі. Што да астатняга тэксту дакумэнту, які ўтрымлівае вельмі канкрэтныя прапановы прадстаўнікоў самых розных фракцыяў адносна далейшых дачыненьняў як з афіцыйным Менскам, так і з апанэнтамі беларускага рэжыму, то ў гэтых пазыцыях эўрапейскія палітыкі больш-менш салідарныя.

Вядома, што агульную падтрымку дэпутатаў выклікала прапанова прадстаўнікоў Эўрапейскай народнай партыі, многія зь якіх дэпутаты ад Польшчы і Літвы. Яны выказалі сваё стаўленьне да дыскрымінацыі рэжымам нацыянальных меншасьцяў і прапанавалі Эўракамісіі і Радзе Эўразьвязу падтрымаць дэмакратычна абранае кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі ды кіраўніцтва іншых няўрадавых ініцыятываў, якія перасьледуюцца рэжымам Лукашэнкі.

Таксама была ўхваленая прапанова эўрапейскіх “зялёных” што да гэтак званых псэўдаграмадзкіх беларускіх чарнобыльскіх арганізацыяў, якія нярэдка атрымліваюць гранты Эўразьвязу, прызначаныя для недзяржаўных арганізацыяў. Эўрапарлямэнтары запатрабавалі ад Брусэлю стварыць заслону на гэтым шляху.

Прадстаўнікі самых розных парлямэнцкіх фракцыяў прапануюць накіраваць у Менск дэлегацыю для вывучэньня сытуацыі ў краіне, а таксама паскорыць адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску.

У дакумэнце эўрапарлямэнтары рэзка асуджаюць цяперашні палітычны лад у Беларусі, а таксама тое, што беларускі рэжым выкарыстоўвае ўсё новыя рэпрэсіўныя сродкі супраць апазыцыі. “Калі беларускія ўлады ня ў стане палепшыць сытуацыю са свабодай слова, сходаў і свабодай веравызнаньня, Эўракамісія, Рада Эўразьвязу і Эўрапарлямэнт павінны пачаць працэдуру пашырэньня сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забараняецца ўезд у краіны Эўразьвязу, а таксама працэдуру замарожваньня актываў беларускіх уладаў за мяжой”, — гаворыцца ў дакумэнце.

Эўрапарлямэнт вітае намаганьні Эўракамісіі дзеля адкрыцьця незалежнага дзьвюхмоўнага вяшчаньня для Беларусі, падкрэсьлівае важнасьць высокаякаснай і праўдзівай інфармацыі для беларускай аўдыторыі. Эўрапарлямэнт патрабуе ад кіраўніцтва Эўразьвязу пашырыць радыёвяшчальныя ініцыятывы, аказаць падтрымку незалежным беларускім СМІ і незалежным няўрадавым арганізацыям.

У шэрагу патрабаваньняў эўрапарлямэнтароў да выканаўчых уладаў Эўразьвязу ёсьць і абмеркаваньне беларускага пытаньня з расейскімі ўладамім, “каб вызначыць агульную адказнасьць за разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі”.

Эўрапарлямэнтары зьвяртаюцца да ўсіх дзяржаваў-сяброў Эўразьвязу, каб тыя распачалі працэдуру выдачы бясплатных візаў для беларускіх грамадзянаў.

Напярэдадні дэбатаў па Беларусі мы зьвязаліся з фракцыяй “зялёных”, чыя папраўка да тэксту рэзалюцыі выклікала найбольшую дыскусію сярод эўрапейскіх палітыкаў.

(Сакратар фракцыі: ) “Агульны праект рэзалюцыі, калі і будзе зьменены, то нязначна. Галоўная магчымая папраўка — наша прапанова адносна новых фінансавых інструмэнтаў Эўразьвязу дзеля падтрымкі палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі. Эўрапейскі Зьвяз, як вядома, прадугледжвае падобныя фінансавыя інструмэнты адносна сваіх суседзяў. Адносна Беларусі гэтыя інструмэнты, аднак, не ўжываліся, паколькі існуе агульнае меркаваньне, што беларускае грамадзтва не зацікаўленае ў падобных рэформах. Пакуль ня ўсе дэпутаты згодныя з падобнай папраўкай, але, можа здарыцца, што гэтая папраўка будзе прынятая”.
XS
SM
MD
LG