Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Юшчанка сфармаваў новы ўрад


Сьвятлана Курс, Прага Віктар Юшчанка абвясьціў склад новага ўраду, які экспэрты лічаць чыста тэхнічным. Тым часам расейскія праваахоўныя органы скасавалі ордэр на арышт Юліі Цімашэнкі пасьля таго, яка яна сама зьявілася ў вайсковую пракуратуру Расеі й дала паказаньні.

Прэзыдэнт Украіны на гэтым тыдні абвясьціў склад свайго ўраду, які аналітыкі адразу ж ахрысьцілі “урадам тэхнакратаў”.

Новы кабінэт прыйшоў на зьмену “камандзе аранжавай рэвалюцыі”, якую Юшчанка адправіў у адстаўку пасьля палітычнага крызісу, зьвязанага з абвінавачаньнямі ў карупцыі. Аднак 12 міністраў пераходзяць у новы ўрад пад кіраўніцтвам Юр’я Еханурава.

Сярод іх – міністар замежных справаў Барыс Тарасюк, міністар абароны Анатоль Грыцэнка й міністар унутраных справаў Юры Луцэнка. Аналітыкі кажуць, што і прэм’ер і ўрад – чыста тэхнічныя, ляяльныя да прэзыдэнта, без палітычных амбіцыяў.

Юры Якіменка, дырэктар палітычных і прававых дасьледаваньняў у Цэнтру Александра Разумкова, лічыць:

(Якіменка: ) "Думаю, што галоўнай характарыстыкай гэтага кабінэту будзе меншая ступень ягонай палітызацыі й адсутнасьць значных унутраных канфліктаў. Бо зьмены гэтага кабінэту ў параўнаньні з папярэднім у тым, што ў яго ня трапілі тыя, хто прымаў удзел у розных публічных палітычных канфліктах. Цяперашні ўрад – гэта ня ўрад вялікіх мэтаў і прарываў. Гэта ўрад хутчэй захаваньня, чым дасягненьня”.

Перад сакавіцкімі парлямэнцкімі выбарамі Юшчанка імкнецца да стабільнасьці, а не да радыкальных рэформаў, лічыць аналітык.

Хто не патрапіў у новы склад украінскага ураду? Разам зь Юліяй Цімашэнка з ураду пайшлі яе прыхільнікі, у тым ліку міністар эканомікі Сяргей Цярохін.

Якіменка гаворыць, што цяперашні візыт Юліі Цімашэнкі ў Маскву тлумачыцца выбарамі. Цімашэнка імкнецца ачысьціцца ад абвінавачаньняў у карупцыі. Яе вінавацяць у тым, што ў 1990-х, ачольваючы газавую прамысловасьць Украіны, яна дала хабар расейскім вайсковым чынам. Аналітык лічыць, што Цімашэнка спадзяецца сваімі візытамі ў Маскву здабыць прыхільнасьць прарасейскіх выбарцаў ва ўсходняй Украіне.

Аляксей Каламіец, кіраўнік Кіеўскага цэнтру эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледаваньняў, кажа, што стасункі ключавой фігуры “Аранжавай рэвалюцыі” з Масквою азначаюць, што Расея імкнецца адрадзіць свой уплыў на Ўкраіну.

(Каламіец: ) “Сама яе паездка носіць закрыты характар. Я думаю, што гэты візыт не дадасьць празрыстасьці, адкрытасьці й прадказальнасьці ва ўкраінска-расейскія стасункі”.

Каламіец лічыць, што візыт Цімашэнкі паказвае на тое, што Масква далучаецца да ўкраінскай выбарчай кампаніі. Шмат хто ва Ўкраіне апасаецца, што Крэмль падтрымае каралеўну Аранжавай рэвалюцыі, якая, верагодна, мае добрыя кантакты з расейскімі бізнэсоўцамі. Расейскае выданьне “Газета” піша: “Крэмль засвоіў урок 2004 году і больш ня будзе складваць яйкі ў адзін кошык. Цяпер Масква кантактуе з усімі вялікімі гульцамі – Юшчанкам, Януковічам, Літвіным і Цімашэнкай”.
XS
SM
MD
LG