Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як С.Гайдукевіч патраціць 100 мільёнаў, што мае атрымаць ад “Народнай Волі”?


Ганна Соусь, Менск Як рэагуе на сытуацыю з “Народнай Воляй” лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, якому газэта павінна заплаціць 100 мільёнаў рублёў? Менавіта столькі пастанавіла спагнаць з рэдакцыі на карысьць спадара Гайдукевіча судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Любоў Валевіч.

Суд прызнаў несапраўднымі і зьневажальнымі для гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі зьвесткі, надрукаваныя ў “Народнай Волі” 1 сакавіка 2005 году ў артыкуле “Ліст Гайдукевіча. І факс Гайдукевічу”, у якім гаварылася пра запазычанасьць амаль 1 мільён даляраў старшыні ЛДП Дзяржаўнай кампаніі продажу нафты Іраку ў час кіраваньня Садама Хусэйна.

Сяргей Гайдукевіч заявіў Радыё Свабода:

(Гайдукевіч: ) “Мне вельмі шкада. Іосіф Паўлавіч зьвяртаецца да людзей, але пытаньне ў іншым. Калі сёлета ў сакавіку была надрукаваная самая сапраўдная фальшыўка, я зьвярнуўся да Іосіфа Сярэдзіча з адкрытым лістом. Я хацеў паказаць, што яму дакумэнты проста падсунулі і, мякка кажучы, паставілі яго ў вельмі складаную сытуацыю. Я чакаў цэлы месяц, і пасьля гэтага падаў у суд. Ён мяне паставіў у вельмі складаную сытуацыю. Прычым, паставіў чалавека, самага вядомага пасьля яшчэ аднаго палітыка. Я кандыдат на прэзыдэнта, экс-кандыдат на прэзыдэнта, дэпутат, лідэр буйной палітычнай партыі. Шкада і газэту, шкада і Іосіфа Паўлавіча”.

На пытаньне Радыё Свабода, на што ён патраціць атрыманыя ад “Народнай Волі” 100 мільёнаў рублёў, Сяргей Гайдукевіч адказаў:

(Гайдукевіч: ) “Няўжо вы не разумееце, што я сабе гэтых грошай не забяру. Натуральна, усе сродкі масавай інфармацыі будуць ведаць пра тое, куды пойдуць гэтыя грошы. Трэба паглядзець… Я ж дэпутат, да мяне дзясяткі людзей зьвяртаюцца. Ёсьць школы, дзіцячыя садкі... Усё пойдзе ў гэтым кірунку, паверце мне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG