Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачы дапамагаюць “Народнай Волі” заплаціць 100 мільёнаў штрафу


Ганна Соусь, Менск У рэдакцыю недзяржаўнай газэты “Народная Воля” ў гэтыя дні бесьперапынна тэлефануюць і прыходзяць людзі, якія адгукнуліся на заклік галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча дапамагчы выплаціць 100 мільёнаў рублёў штрафу лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргею Гайдукевічу.

На ганку будынку, дзе месьціцца рэдакцыя “Народнай Волі”, я сустрэла сваю школьную настаўніцу гісторыі Ліну Касянюк. Цяпер яна на пэнсіі. Даведаўшыся аб праблемах “Народнай волі”, Ліна Сямёнаўна вырашыла дапамагчы рэдакцыі:

(Касянюк: ) “Гэта мая любімая газэта. Я яе выпісваю з самага пачатку. Гэта адзіная, па сутнасьці, газэта, якая прыходзіць кожны дзень, газэта, зь якой можна даведацца пра тое, што сапраўды адбываецца ў Беларусі, а не з лукашэнкаўскіх газэтаў”.

У “Народнай Волі”судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць, арыштавалі паперу, гэтаксама быў заблякаваны банкаўскі рахунак выданьня, пакуль ня будзе выплачаная ў адпаведнасьці з рашэньнем суду Ленінскага раёну Менску кампэнсацыя дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гайдукевічу — 100 мільёнаў рублёў. Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч, на працягу бліжэйшых тыдняў у рэдакцыі ёсьць магчымасьць выдаваць газэту, паколькі частка паперы не была арыштаваная. Рэдакцыя дагэтуль не атрымала адказаў зь Вярхоўнага суду Беларусі, куды на імя Валянціна Сукалы былі накіраваныя скарга і хадайніцтва. Іосіф Сярэдзіч патрабуе, каб рэдакцыі была дадзеная магчымасьць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам абскардзіць рашэньне суду ва ўсіх судовых інстанцыях. Дарэчы, касацыйнай скаргі на гэтае рашэньне Менскі гарадзкі суд не задаволіў.

Пакуль я размаўляла з Іосіфам Сярэдзічам, на рэдакцыйны тэлефон паступіла каля дзесяці тэлефанаваньняў ад чытачоў газэты. На званкі адказвала камэрцыйная дырэктарка Яўгенія Церахава.

(Церахава: ) “Нам тэлефануюць кожную хвіліну. Нямала выпадкаў, калі людзі плачуць у слухаўку і просяць нас трымацца. Мы адчуваем падтрымку народу, салідарнасьць людзей з газэтай. Я сама ўсё, што ў мяне ёсьць дома, прынясу і аддам, дзеля таго, каб разьлічыцца з чалавекам, якому патрэбныя гэтыя грошы”.

Вайсковы пэнсіянэр Ільля Копыл пералічыў на рахунак “Народнай Волі” 100 тысяч рублёў. Столькі ж перавяла і пэнсіянэрка са Смалявічаў Зоя Іванова. Адзін прадпрымальнік, які пажадаў захаваць ананімнасьць, пералічыў на рахунак суму, эквівалентную 500 далярам, і дадаў яшчэ 100 рублёў, як ён сказаў, на лекі для Сяргея Гайдукевіча. Як распавяла Яўгенія Церахава, адзін прадпрымальнік зь Лепельшчыны заклаў свой мікрааўтобус, каб пазычыць рэдакцыі грошы. Далей працягвае карэспандэнтка “Народнай Волі” Марыя Эйсмант:

(Эйсмант: ) “Мне патэлефанавала гераіня аднаго з маіх матэрыялаў. Яна інвалід другой групы і ня можа сама паехаць у банк пералічыць грошы, і таму зьвярнулася да мяне з просьбай, каб я заехала і ўзяла ў яе 100 тысяч рублёў. Гэта тое, што яны хочуць ахвяраваць са сваім мужам для “Народнай Волі”. Пры тым, што яны пэнсіянэры. Яна кажа, што чытае газэту на працягу дзесяці гадоў, і будзе дапамагаць “Народнай Волі” усім, чым толькі можа”.
XS
SM
MD
LG