Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя сама ідзе ў пастку, якую падрыхтавала ўлада”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Празь некалькі дзён у Менску адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім павінна быць названа імя адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Чаму ўлада пасьля доўгага роздуму ўсё ж дазволіла правесьці гэты кангрэс у Беларусі? Ці здолеюць дэмакратычныя лідэры дамовіцца і вылучыць са свайго асяродзьдзя палітыка, здольнага на роўных супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам? На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”.

Сёньняшні агляд пошты пачну з кароткага допісу Ўладзіслава Мальчыкава зь Бярозаўкі Лідзкага раёну:

“Апазыцыя сама ідзе ў пастку. Абяцаньні, якая дала апазыцыянэрам улада — гэта абяцаньні павука, які хоча завабіць муху ў сваё павуціньне. Нешта на гэтым кангрэсе здарыцца. Ня можа быць, каб ня здарылася. Напрыклад, бомбу раптоўна могуць знайсьці. Можа, прарок зь мяне і кепскі, але акты так званага “злоснага хуліганства” ў Віцебску, магчыма, рыхтуюць глебу для канчатковага вырашэньня ўладай апазыцыйнага пытаньня”.

У канцы ліста аўтар зрабіў прыпіску: “Я не хацеў бы зьнікнуць заўчасна. Калі будзеце чытаць, не называйце сапраўднага прозьвішча”.

Ананімныя тэлефанаваньні пра небясьпеку выбуху і наступныя пошукі бомбы за апошнія гады сталі ледзь не атрыбутам любога буйнога апазыцыйнага сходу. Гэтым разам, аднак, дазвол на правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў даў асабіста Аляксандар Лукашэнка — і наўрад ці ягоныя падначаленыя ў такім разе адважацца ўносіць уласныя карэктывы і ў апошні момант спрабаваць сарваць Кангрэс. Тым больш, што ў такім выпадку апазыцыя проста ажыцьцёвіць свае ранейшыя пляны — правядзе кангрэс за мяжой.

Што да магчымых прычынаў і наступстваў віцебскага выбуху. Некаторыя аналітыкі і апазыцыйныя актывісты гэтак жа як і вы, спадар Мальчыкаў, выказваюць апасеньне, што інцыдэнт у Віцебску можа стаць падставай для маштабнага наступу ўлады на апазыцыю. Пакуль што, аднак, справа абмежавалася безвыніковымі ператрусамі ў кватэрах некаторых віцебскіх апазыцыйных актывістаў.

Наступны ліст на тэму Кангрэсу дэмакратычных сілаў даслаў нам Ільля Копыл зь Менску. У сваім допісе аўтар падрабязна аналізуе вартасьці і заганы ўсіх асноўных прэтэндэнтаў, імёны якіх, верагодна, будуць прапаноўвацца на кангрэсе падчас выбараў адзінага кандыдата — гэта Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька ды іншыя.

“Але каго б мы ні абралі, гэта не азначае, што далей усё пойдзе як па масьле. Я згодзен з тымі, хто дамагаецца адхіленьня Лукашэнкі ад удзелу ў выбарах. У адваротным выпадку галасаваць ня мае сэнсу. Пытаньне ў тым, як дамагацца — калі няма доступу да мэдыяў і калі апазыцыя дзейнічае ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў. Уявім сабе, што апазыцыя адмовіцца ад выбараў. Выбары ўсё роўна адбудуцца. У Лукашэнкі ёсьць апрабаваная кішэнная альтэрнатыва — гэта Гайдукевіч.

Атрымліваецца, для апазыцыі і браць удзел у выбарах разам з Лукашэнкам — дрэнна, і адмаўляцца ад удзелу ня лепш. У любым выпадку на галаву апазыцыі будуць выліты цэбры бруду зь дзяржаўных мэдыяў. А апраўдацца ёй не дадуць. Што да міжнароднай супольнасьці, то яе стаўленьне да Лукашэнкі ня зьменіцца, незалежна ад таго, ці будзе апазыцыя ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Беларускі лідэр для Захаду і надалей застанецца нелегітымным. Адзінае, што апазыцыя, узяўшы ўдзел у гэтых выбарах, будзе мець магчымасьць скласьці шматтомную справаздачу аб шматлікіх парушэньнях выбарчага заканадаўства”.

Выбары даюць для палітычна актыўных грамадзянаў і шмат іншых магчымасьцяў, спадар Копыл. Перадвыбарчыя сходы і сустрэчы, агітацыйныя улёткі, магчымасьць выступіць па дзяржаўным тэлебачаньні і радыё… Выбарчая кампанія ў любым выпадку палітызуе грамадзтва, падвышае цікавасьць да асобаў палітыкаў, да працэсаў, якія адбываюцца ў кіраўніцтве дзяржавы. Усе найбольш значныя палітычныя зьмены ў многіх дзяржавах Усходняй Эўропы на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя адбываліся менавіта падчас выбараў. Хоць у многіх выпадках спадзяваньняў на справядлівыя выбары было няшмат, а аўтарытарныя кіраўнікі зусім не зьбіраліся пакідаць сваіх пасадаў.

Наш слухач Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну, як і многія іншыя ў Беларусі, перакананы, што вынік прэзыдэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца ў наступным годзе, прадвызначаны. Спадар Валошка зьвяртае ўвагу на нядаўні прагноз старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай аб тым, што выбары адбудуцца ў адзін тур, а кандыдатаў будзе тры ці чатыры.

“Дарэмна вы зьдзіўляецеся гэтым выказваньням Ярмошынай, — піша слухач. — Успомніце: год таму Лукашэнка выказаў Ярмошынай пажаданьне, каб парлямэнцкія выбары адбыліся ў адзін тур, каб туды трапілі 30% жанчын і не прайшоў ніводзін апазыцыянэр. І аказалася, што прэзыдэнт як у ваду глядзеў. Паміж радкоў заявы Ярмошынай чытаецца наступнае: элегантную перамогу атрымае кандыдат, які набярэ ўжо ў першым туры 75—80% галасоў. Ад дэмакратычных сілаў будуць два ці тры кандыдаты. Ну, і яшчэ адзін “падсадны” ад улады, на выпадак, калі апазыцыя наважыцца зьняць сваіх вылучэнцаў… У выніку выбараў, думаю, не сумняюцца нават самыя зацятыя і фанатычныя апазыцыянэры. Цуду не адбудзецца.

Самая галоўная прычына, чаму нельга дапускаць абраньня адной і той жа асобы на тэрмін, большы, чым восем год — гэта тое, што ў іншым выпадку ствараецца сыстэма, якая вынішчае справядлівыя выбары. Менавіта так адбывалася ў савецкі час. У гэтай сытуацыі адзіна магчымае, што здольна зрабіць апазыцыя — паказаць міжнароднай супольнасьці, колькі выбарцаў вымушаныя былі галасаваць датэрмінова і якой цаной гэта было дасягнута ўладай. А на падставе гэтага можна рабіць шмат высноваў”.

Напрыканцы свайго ліста Васіль Валошка з Радашкавічаў зьвяртаецца да тых службовых асобаў, чыімі рукамі, як ён мяркуе, будуць чыніцца фальшаваньні.

“Настане час, калі кожнаму з вас давядзецца трымаць адказ і перад сваім сумленьнем, і перад Богам — за гвалт і падман людзей. Хутчэй за ўсё, адбудзецца гэта напрыканцы вашага жыцьця. Страшнай будзе гэтая хвіліна для вас, але нічога вярнуць вы ўжо ня здолееце — будзе надта позна. Можа, варта падумаць аб гэтым цяпер?”

Перад сёньняшнімі чыноўнікамі, спадар Валошка, прыклад іхных папярэднікаў, якія праводзілі так званыя “выбары” савецкага ўзору — калі пры любым галасаваньні перамогу атрымліваў “непарушны блёк камуністаў і беспартыйных” з вынікам 99%. Усе ведалі, з дапамогай якіх махінацыяў здабывалася тая перамога, якім чынам лічылі бюлетэні, як не дапускалі да ўдзелу ў выбарах непажаданых асобаў… Але ці панёс хто-небудзь з тых чыноўнікаў хоць якую адказнасьць? Наадварот, многія зь іх і сёньня сядзяць у кіраўніцкіх крэслах (у тым ліку наладжваюць выбарчыя кампаніі паводле старых камуністычных мэтодык), іншыя — атрымліваюць немалыя пэнсіі за сваю дзяржаўную службу. І так будзе, напэўна, да таго часу, пакуль усе падобныя махлярствы застаюцца беспакаранымі і пакуль грамадзтва не асэнсуе неабходнасьці люстрацыі для ўсяго чынавенства.

На заканчэньне ўрывак зь ліста Барыса Япішкі зь вёскі Залядыньне Іванаўскага раёну. Спадару Япішку нядаўна споўнілася 73 гады, і амаль увесь гэты час ён пісаў вершы. З тае прычыны, што іх ніколі не друкавалі, ён некалькі разоў зьвяртаўся да вышэйшых кіраўнікоў Беларусі:

“Пісаў і Шушкевічу, і Грыбу, але адказу не атрымаў. Падрабязна распавядаў пра тое, што я паэт, пісьменьнік, мысьляр, але пры КПСС мяне наўмысна не друкавалі. І вось Беларусь стала незалежнай, КПСС больш няма — а мяне ўсё роўна не друкуюць. Аднаго разу, у чэрвені 1964 году, пасьля доўгіх гадоў творчасьці, плён якой адмаўляліся друкаваць, я спаліў усе свае вершы (а было іх каля 400, ці нават болей). І пачаў пісаць п’есу пад назвай “У Пінскім пэдвучылішчы”.

Разам зь лістом Барыс Япішка зь вёскі Залядыньне Іванаўскага раёну даслаў некалькі сваіх твораў. Вершы, спадар Япішка, шчырыя і напісаны з настроем. Але наўрад ці іх дзе-небудзь надрукуюць. І прычына зусім не ў палітыках, якія цяпер пры ўладзе. Праблема — у творчым узроўні саміх вершаў. Але, думаю, вам ня варта засмучацца. Важна тое, што гэтыя вершы патрэбны вам самому, што ў вас ужо шмат дзесяцігодзьдзяў існуе ўнутраная патрэба такім чынам выказваць свае думкі, самарэалізоўвацца. А тое, што няшмат у вас чытачоў — дык і ў некаторых прафэсійных паэтаў чытацкая аўдыторыя цяпер вымяраецца хіба што некалькімі асобамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG