Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Горадні аштрафаваў прафсаюзнага актывіста (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня На 1 мільён 275 тысяч рублёў Ленінскі раённы суд Горадні аштрафаваў сябру незалежнага прафсаюзу Івана Романа. Яму прысудзілі 50 мінімальных адзінак штрафу нібыта за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Іван Роман належыць да прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці(РЭП). Папера аб рэгістрацыі была прадстаўленая судзьдзі Ленінскага раённага суду Горадні Натальлі Козел. Аднак яна вырашыла наступнае: РЭП зарэгістраваны ў мін’юсьце, але ня мае мясцовай — гарадзенскай структуры, таму Іван Роман быццам бы дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі, распаўсюджваючы прафсаюзны бюлетэнь каля прахадной заводу аўтаагрэгатаў. Меркаваньне адваката Аляксандра Бірылава:

(Бірылаў:) “Былі прадстаўленыя дакумэнты аб тым, што ў міністэрстве юстыцыі рэспубліканскі прафсаюз зарэгістраваны. А ў сувязі з чым патрабуецца яшчэ рэгістрацыя на месцах? — гэта ўвогуле юрыдычны нонсэнс і абсалютна незаконнае рашэньне”.

Заяву ў міліцыю на Івана Романа напісаў начальнік аховы заводу аўтаагрэгатаў Уладзімір Малаткоў. Прафсаюзнага актывіста ўразіў тэкст гэтай заявы.

(Роман:) “Гэта словы зь яго заявы: сваімі дзеяньнямі Роман аказвае нэгатыўнае ўзьдзеяньне на абстаноўку ў працоўным калектыве заводу і дэстабілізуе сытуацыю сярод рабочых. І ў сувязі з тым ён просіць прыняць меры па недапушчэньні распаўсюджваньня гэтага выданьня, таму што яно утрымлівае матэрыялы, якія накіраваныя на дэстабілізацыю палітычнай абстаноўкі ў краіне”.

Іван Роман лічыць, што каб такое сьцьвярджаць, трэба мець адпаведнае заключэньне экспэртаў. Прафсаюзны актывіст сам раней працаваў на заводзе аўтаагрэгатаў.

(Роман:) “Я працаваў сам, я ведаю тую сытуацыю, якая склалася на гэтым прадпрыемстве. Там калі чалавек скажа нешта ў курылцы ці яшчэ недзе, дык будзе мець вялікія праблемы, нават даходзіць да звальненьня з працы”.
XS
SM
MD
LG