Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч працягвае галадоўку


Міхал Карневіч, Горадня Старшыня Гарадзенскага абласнога гаспадарчага суда Валеры Касцюкевіч абвінаваціў ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і штрафаў згодна з рашэньнямі гаспадарчага суда. А таксама ў тым, што трымаючы галадоўку і не выконваючы рашэньняў суда, Аўтуховіч хоча чыста эканамічную справу перавесьці ў палітычную. Гэта заява прагучала ў навінах абласнога тэлебачаньня. Валеры Касьцюкевіч таксама сказаў, што такімі паводзінамі Мікалай Аўтуховіч падманвае людзей, у прыватнасьці настаўнікаў, лекараў і іншых, хто атрымлівае заробак з бюджэту.

Нагадаю, што толькі заўтра Вышэйшы гаспадарчы суд разгледзіць у Менску скаргу Мікалая Аўтуховіча на рашэньне абласнога суда і вынясе свой вэрдыкт. Аўтуховіч галадае ўжо восьмыя суткі. Ён па-ранейшаму кажа, што супраць ягонага бізнэсу пачаўся чарговы наступ з боку падатковых органаў і мясцовых уладаў. Аўтуховічу і фірме “Ніка-Транс”, зь якой ён супрацоўнічае, падаткавыя органы прыпісваюць амаль каля мільёна даляраў недаплачаных падаткаў і штрафаў.

Ухіленьнем ад выплаты падаткаў сьледзтва палічыла тое, што фірма давала прадпрымальніку Аўтуховічу для работы на ягоных таксоўках сваіх кіроўцаў па дамове. І заробленыя грошы кіроўцы здавалі ў касу прадпрымальніка, а не фірмы. Сьледзтва лічыць, што паслугі таксі аказвала фірма, а не прадпрымальнік, а фірма ня мае ліцэнзіі на перавозку пасажыраў. І значыць, яна павінна вярнуць дзяржаве выручку за ўвесь пэрыяд працы, з вясны 2003 па восень 2004 года.
XS
SM
MD
LG