Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Эўрапарлямэнце будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Эўрапарлямэнце, сэсія якога працягваецца ў францускім горадзе Страсбур, будзе чарговы раз абмяркоўвацца беларускае пытаньне. Чакаецца прыняцьце адмысловай рэзалюцыі па Беларусі.

У складзе Эўрапарлямэнту -- 732 дэпутаты, якія прадстаўляюць усе 25 краін-чальцоў Эўразьвязу. У сувязі з чальцоўствам Польшчы, Літвы і Латвіі, Эўрапейскі зьвяз ужо мяжуе з Беларусьсю. Хоць афіцыйны Менск і не пусьціў на тэрыторыю краіны прадстаўніка Эўрапарлямэнту ў жніўні, усё ж не лічыцца з пазыцыяй гэтай уплывовай структуры ён ня можа.

Сёлета Эўрапарлямэнт прыняў некалькі рэзалюцый па Беларусі. Да прыкладу ў ліпені эўрапейскія дэпутаты прагаласавалі за рэзалюцыю, прысьвечаную палітычнай сытуацыі ў краіне і свабодзе мэдыяў. Эўрапарлямэнт падтрымаў ідэю стварэньня альтэрнатыўнага радыёвяшчаньня на Беларусь. У сакавіку была рэзалюцыя аб палітычных вязьнях у Беларусі. У ёй дэпутаты Эўрапарлямэнту запатрабавалі прызнаць цяперашні беларускі рэжым дыктатурай. Камэнтар былога намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) “Размовы, спробы пераканаць беларускія ўлады ніякага плёну не даюць, таму, калі будуць больш жорсткія падыходы, то гэта будзе на карысьць народу Беларусі. Я лічу, што цяпер крыху мяняецца падыход, таму што ўжо ідзе гаворка пра сур’ёзныя рэчы. Калі раней гэта была канстатацыя таго, што адбываецца ў Беларусі і асуджэньне ў розных заявах і рэзалюцыях, то зараз ідзе гаворка пра вельмі канкрэтныя рэчы, такія як абмежаваньне доступу афіцыйных асобаў да краінаў Эўразьвязу і пра санкцыі таксама ідзе гаворка. Я ведаю, што і ў Радзе Эўропы на наступным тыдні таксама будзе абмяркоўвацца пытаньне, зьвязанае з Беларусьсю.”

Паводле дэпутаткі Эўрапарлямэнту, якая прадстаўляе Нямеччыну і фракцыю Зялёныя/Свабодны эўрапейскі альянс Элізабет Шродтэр, дэпутаты вяртаюцца да беларускага пытаньня, бо цягам лета адбылося шмат падзеяў. Таму цяпер беларуская праблематыка будзе падрабязна абмяркоўвацца з удзелам Рады Эўразьвязу і Эўракамісіі.

(Шродтэр: ) “Былі розныя рэзалюцыі ў сувязі з масіўнымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Гэта былі так бы мовіць неадкладныя рэзалюцыі. Сёньняшнія дэбаты будуць вялікімі, прычым яны павінны шмат прынесьці ў стратэгічным пляне. Я на гэта спадзяюся, бо такі быў падыход. Як мы можам ажыцьцявіць канцэпцыю добрасуседзтва з Беларусьсю, калі нават фармальныя перадумовы не захоўваюцца гэтай краінай. Мы павінны думаць пра іншае, як Беларусь, суседку Эўразьвязу нейкім чынам вярнуць да дэмакратыі. Я спадзяюся, што сёньняшнія дэбаты прынясуць нешта дзеля гэтай мэты”.

Чакаецца, што беларускае пытаньне ў Эўрапарлямэнце будзе абмяркоўвацца сёньня ўвечары, пасьля дзесяці гадзінаў. Спачатку прагучыць даклад Эўракамісіі, затым пройдуць дэбаты. Галасаваньне па рэзалюцыі заплянавана на чацьвер, у першай палове дня. Ёсьць некалькі альтэрнатыўных яе варыянтаў. Ня выключана, што рэзалюцыя зьверне ўвагу на стварэньне альтэрнатыўнага радыёвяшчаньня і становішча польскай меншасьці. У праекце рэзалюцыі прапануецца накіраваць у Менск дэлегацыю для вывучэньня сытуацыі на месцы. Таксама прапануецца паскорыць адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску і аказаць падтрымку дэмакратычна абранаму кіраўніцтву Саюза палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Паводле дэпутаткі Літвы і прадстаўніцы фракцыі Эўрапейскай народнай партыі і эўрапейскіх дэмакратаў Лаймы Андрыкене магчымыя яшчэ дапаўненьні.

(Андрыкене: ) “Мы будзем вельмі ўважліва назіраць, як будзе праходзіць кангрэс дэмсілаў 1-2 кастрычніка ў Менску, ці не будуць парушэньні правоў чалавека з боку ўладаў. Хацелася б, каб урад і прэзыдэнт Беларусі зразумелі, што не Эўразьвяз ізалюе Беларусь, а якраз наадварот, што Беларусь ізалюе сама сябе”.
XS
SM
MD
LG