Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбяднейшых у Менску падтрымала Швэйцарыя


Вячаслаў Кулік, Менск 1 кастрычніка адзначаецца Дзень пажылых людзей. У Беларусі перадусім паўстае праблема чэргаў для перасяленьня адзінокіх пэнсіянэраў у сацыяльныя ўстановы. Паводле афіцыйных заяваў, у цяперашні час на 100 працуючых прыпадае 60 пэнсіянэраў. Спэцыялісты прагназуюць, што да 2025 году агульная колькасьць атрымальнікаў пэнсіяў у краіне можа дасягнуць 32 працэнты.

Ужо зараз на Меншчыне, як паведаміла чыноўніца Менскага аблвыканкаму Марыя Гарбацэвіч, перапоўненыя 13 дамоў - інтэрнатаў. У некаторых, як кажа суразмоўца, у сярэднім на аднаго ўтрыманца не хапае нават 7 мэтраў плошчы, што лічыцца мінімальнай нормай паводле санітарных патрабаваньняў

(Гарбацэвіч: ) “У лагойскім доме - інтэрнаце – 6,4 мэтра, у стаўбцоўскім – 6,2 мэтра, у чэрвеньскім дарослым – 5,2 мэтра”.

Цесната – не адзіная загана прытулкаў старасьці. Каб не дачакацца зімой пажару ці абвалу, улада вымушана загадзя шукаць нейкія варыянты выратаваньня

(Гарбацэвіч: ) “Ілаўскі дом – інтэрнат разьмяшчаўся ў вельмі старых будынках ХІХ стагодзьдзя. Мы гэты інтэрнат перамясьцілі ў карпусы пад Ракавым, у піянэрскі лягер”.

Пра ляжачых адзінокіх у Менску клапоціцца гарадзкое таварыства “Чырвонага Крыжа”. Але, па словах яго старшыні Яўгена Казака, служба міласэрнасьці і сёлета скарацілася.

(Казак: ) “13 мэдыцынскіх сясьцёр, якія мы можам утрымліваць, абслугоўваюць 150 чалавек. Гэта людзі, якія практычна прыкаваныя да ложка. Быў пэрыяд, калі існавала бюджэтная дзяржаўная падтрымка службы міласэрнасьці. У штаце тады было 30 мэдсясьцёр страў”.

Спадар Казак кажа, што пра найбяднейшых у Менску зараз узгадала Швэйцарыя.

(Казак: ) “Яна выступіла ініцыятарам праграмы “Гуманітарная праграма для абражаных”. Менск атрымаў 2145 пасылак – харчовых набораў”.

Усё, што далей паведаміў пра 1 кастрычніка старшыня Казак – з разраду дзяжурнага. У календары мерапрыемстваў – палітычная прапаганда, мэдыцынская асьвета, прывітаньні вэтэранам ад БРСМу. Матэрыяльную дапамогу наўрад ці змогуць аказаць установы і прадпрыемствы, бо пачатак месяца – гэта заўжды безграшоўе. Я правёў міні - апытаньне на вуліцах Менска. Настрой у пэнсіянэраў далёка не сьвяточны.

(Першая спадарыня: ) “Я інвалід другой групы. Я на трактарным працавала. Ніхто мне не дапамагае”.

(Спадар: ) “Унучка вучыцца – трэба дапамагчы. Дапамагаю крышку. Ну, як? Пляту кошыкі і прадаю”.

(Другая спадарыня: ) “Павінны лічыльнікі вады паставіць пэнсіянэрам, якія не працуюць. Ніхто не ставіць. Павінны апавяшчальнікі пажарныя паставіць. Нічога. Усім цяжка. Вакол мяне усе такія жабракі, як і я”.

У цяперашні час у Беларусі атрымальнікамі розных відаў пэнсій зьяўляюцца 2,6 мільёна чалавек, альбо кожны чацьвёрты жыхар краіны.
XS
SM
MD
LG