Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрствам спорту і турызму зацікавілася пракуратура


Ігар Карней, Менск У той час як Міністэрства спорту і турызму складала “чорны сьпіс” фірмаў, якія, на думку экспэртаў, ня здольныя працаваць ва ўмовах прэрагатывы ўязнога турызму, само ведамства трапіла пад увагу рэспубліканскай пракуратуры. Паводле вынікаў праверкі, шэраг чыноўнікаў могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці за парушэньне антыкарупцыйнага заканадаўства. Інакш кажучы, асобныя супрацоўнікі падазраюцца ў хабарніцтве ўзамен за лябірваньне інтарэсаў турфірмаў, гульнявых установаў ды цэлых спартовых камандаў. На падставах фактаў такога крымінальнага “супрацоўніцтва” ужо ануляваныя ліцэнзіі дзесяці турыстычных агенцтваў (дадаткова да ліквідаванай сотні самім міністэрствам) і фірмы, якая займаецца гульнявым бізнэсам.

Міністэрства спорту і турызму з поўным правам можна назваць адным з самых скандальных. Міністры ды іх намесьнікі ў гэтым ведамстве зьмяняліся найбольш часта і ў бальшыні выпадкаў на падставе злоўжываньняў службовым становішчам. Сярод “ахвяраў” – Мікалай Ананьеў і ягоны тагачасны намесьнік Генадзь Аляксеенка, Уладзімер Макейчык, Яўген Ворсін. Але ці ёсьць падставы зьдзіўляцца? Міністэрства кантралюе фактычна ўсе спартовыя аб’екты, мноства турыстычных баз і аздараўленчых комплексаў, вызначае падрадчыкаў спартовых новабудоўляў, апякуе “азартныя ўстановы” – перадусім, казіно, залі гульнявых аўтаматаў і букмэкерскія канторы. Спакуса, як кажуць, на паверхні. Узгадаем, што Юры Сівакоў меў статус неўязнога ў Эўропу і ЗША, што для спартовага чыноўніка проста ганебна. Цяпер галіной кіруе Аляксандар Грыгараў, якому, як сьведчыць пракурорская праверка, міжволі давядзецца папоўніць сьпіс “засьвечаных міністраў”.

Былы кіраўнік спарткомлексу “Раўбічы”, а цяпер адказны за масавы спорт у Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Хандогін, тым ня меней, заступаецца за калегаў: маўляў, кіраваць такой галіной – не мяхі варочаць.

(Хандогін: ) “Хацелася б адразу камунізм пабудаваць, правільна? Усё каб было тут – і для тых, хто адпачывае, і для спартоўцаў. Але хацелася б, каб былі яшчэ грошы і на разьвіцьцё галіны. Зараз прапрацоўваюцца розныя варыянты прыцягненьня інвэстараў, свае імкнёмся пашыраць паслугі. Інвэстары, дарэчы, ёсьць, трэба ім толькі стварыць адпаведныя ўмовы, якія для іх былі б прывабнымі. Некалькі гадоў працуем над стварэньнем прататыпу свабоднай эканамічнай зоны турыстычна-рэкрэацыйнай накіраванасьці. І трэба яшчэ больш на гэты кірунак выходзіць, таму што мы жывём ва ўмовах раўніны і езьдзім, прыкладам, у горы кудысьці ў Аўстрыю. І немалыя грошы там пакідаем”.

На Міністэрства спорту і турызму шмат нараканьняў ня толькі з боку падначаленых яму турыстычных фірмаў, але і ўласна спартоўцаў. Нядаўна славутыя прадстаўнікі баскетболу, валейболу і гандболу накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку і копію – міністру спорту і турызму Аляксандру Грыгараву. Спартоўцы называюць зварот “крыкам душы” і канстатуюць: актыўна культывуючы 2-3 віды спорту, дзяржава кінула на самавыжываньне ўсе астатнія. Гаворыць галоўны трэнэр мужчынскай зборнай у баскетболе Канстанцін Шаравера.

(Шаравера: ) “Шкада, што так усё адбываецца. У нас, прыкладам, два таленавітыя хлопцы, па 19 гадоў, нядаўна ад’ехалі – адзін у Нямеччыну, другі ў Аўстрыю. Як толькі хтосьці трохі “аперыўся”, адразу пераманьваюць. Літаральна днямі са Сьветлагорску “скралі” хлопца 1991 году нараджэньня, якога мы не пасьпелі “загуляць” нават за кадэтаў. Ад’ехаў быццам на вучобу ў Расею і ўсё, прапаў. Прыме там грамадзянства, і хлопец для Беларусі згублены. Хоць укладзена ў яго было шмат. Зараз сэлекцыя ідзе вельмі сур’ёзная ўсюды. Як толькі хтосьці зьяўляецца, адразу трапляе пад нагляд сэлекцыянэраў. А як быць, калі фактычна яшчэ хлопчыку ў Маскве паклалі 700 даляраў! Ну, што можна зрабіць?”

Аб праблемах спорту на нядаўніх зьездах ФПБ і БРСМ гаварыў і Аляксандар Лукашэнка. І нават пагражаў асобным чыноўнікам і трэнэрам пазбаўленьнем пасадаў, калі тыя ня возьмуцца за розум. Магчыма, у той жа пракуратуры падобныя выпады кіраўніка краіны палічылі за сыгналь да дзеяньня. У любым выпадку, бліжэйшым часам мусіць адбыцца калегія Міністэрства спорту і турызму з удзелам як міністэрскага кіраўніцтва, так і прадстаўнікоў пракуратуры. Да таго часу ведамства мусіць выправіць усе акрэсьленыя хібы, а ў іншым выпадку санкцыі да парушальнікаў абяцаюць ужыць самыя жорсткія. Прынамсі, кажуць, што лёс сямі высокіх чыноўнікаў Мінспорту, якія падазраюцца ў парушэньні антыкарупцыйнага заканадаўства, вісіць на валаску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG