Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык ПАРЭ па Беларусі занепакоены праблемай беларускіх палітзьняволеных


Гутарыў Валер Каліноўскі Чарговы разгляд беларускага пытаньня Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, хутчэй за ўсё, будзе прымеркаваны да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі,– паведаміў “Свабодзе” спэцыяльны дакладчык ПАРЭ па Беларусі азэрбайджанскі дэпутат Асім Малазадэ. На вясновай сэсіі асамблеі будзе агучаны і даклад, які ён рыхтуе.

Спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Асім Малазадэ, які рыхтуе справаздачу ў беларускім пытаньні ў Палітычным камітэце асамблеі, за паўгода пасьля прызначэньня на гэтую пасаду так і не пасьпеў наведаць Беларусь. Яго, як прадстаўнікоў і іншых міжнародных праваабарончых арганізацыяў, беларускія ўлады ня хочуць бачыць на сваёй тэрыторыі. Таму інфармацыю даводзіцца атрымліваць ускоснымі шляхамі,– зазначае спадар Малазадэ.

(Малазадэ: ) “У нас сталы кантакт з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў Беларусі, палітычных партыяў, беларускіх мэдыяў, мы ўважліва вывучаем сытуацыю ў краіне, і даклад, які рыхтуецца ў палітычным камітэце ПАРЭ, павінен ахапіць сытуацыю з функцыянаваньнем усіх інстытутаў у краіне. Надзвычай важным для нас пытаньнем, пытаньнем нумар адзін, зьяўляецца праблема зьняволеных, стану іх здароўя, праблема зьніклых”.

Асім Малазадэ кажа, што для Рады Эўропы галоўная задача ў адносінах зь Беларусьсю – дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў зь беларускіх турмаў. Гэтая праблема застаецца галоўнай перашкодай для наладжваньня дыялёгу Рады Эўропы з афіцыйным Менскам.

(Малазадэ: ) “Мы лічым, што краіна, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Эўропы, ня можа мець палітычных зьняволеных. Для Рады Эўропы гэта самае адчувальнае пытаньне”.

Спадар Малазадэ зазначыў, што сяброўства ягонай краіны, Азэрбайджану, у Радзе Эўропы паспрыяла вырашэньню праблемы палітзьняволеных, сотні людзей былі вызваленыя на патрабаваньне Рады Эўропы, што зьяўляецца, на ягоную думку, найбольшым унёскам гэтай арганізацыі ў працэс дэмакратызацыі Азэрбайджану.

Асім Малазадэ на летняй сэсіі ПАРЭ прадстаўляў свой мэмарандум, які разглядаўся ў падкамітэце па Беларусі, яшчэ адзін такі дакумэнт будзе агучаны на студзеньскай сэсіі. Тады ж будзе вырашацца пытаньне наконт тэрмінаў разгляду беларускага пытаньня на пленарным пасяджэньні ПАРЭ. Хутчэй за ўсё гэта адбудзецца на вясновай сэсіі асамблеі, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

(Малазадэ: ) “Вельмі важна, каб беларускі народ меў магчымасьць вольнага волевыяўленьня і выбару кіраўніка краіны”.

Спадар Малазадэ, які ўзначальвае Партыю дэмакратычных рэформаў Азэрбайджану, цяпер рыхтуецца да лістападаўскіх парлямэнцкіх выбараў у сваёй краіне. Ён спадзяецца на посьпех дэмакратаў і далейшае прасоўваньне Азэрбайджану і Паўднёвага Каўказу ў эўраатлянтычную супольнасьць. Параўноўваючы сытуацыю ў Беларусі і Паўднёвым Каўказе, спадар Малазадэ прызнаў:

(Малазадэ: ) “У вашай краіне сытуацыя горшая, чым у нас, я вельмі шкадую з гэтай прычыны і спадзяюся, нават перакананы, што беларускі народ валодае вельмі вялікім патэнцыялам і здолее пераступіць праз гэтыя праблемы”.
XS
SM
MD
LG