Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя палітыкі гатовыя працаваць у адзінай камандзе


Міхал Стэльмак, Менск Лідэры апазыцыі гатовыя да супольных дзеяньняў для вызначэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сіл яны падпісалі адмысловую Дэклярацыю.

Рашэньне пра падпісаньне Дэклярацыі было прынята 26 верасьня на пасяджэньні “дзясяткі”. “Мы прыкладзем усе намаганьні для таго, каб у часе выбарчай кампаніі быў адзін кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл”,– гаворыца ў дакумэнце. Паводле Дэклярацыі, для перамогі гэтага кандыдата спатрэбіцца не толькі падтрымка усіх выбарцаў, якія выступаюць за перамены, але і высокапрафэсійная каманда аднадумцаў, якія маюць вялікі досьвед у самых розных сфэрах палітыкі, эканомікі, культуры.

“Мы будзем у гэтай камандзе,”– запэўнілі палітыкі, што паставілі свае подпісы пад дакумэнтам. Як стала вядома, Дэклярацыю падпісалі Ўладзімір Колас, Аляксандр Вайтовіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Васіль Лявонаў, Уладзімір Парфяновіч, Валеры Фралоў, Станіслаў Шушкевіч. Сёньня свае подпісы пад дакумэнтам паставілі яшчэ тры палітыкі–Аляксандр Ярашук, Мікола Статкевіч і Аляксандр Мілінкевіч. Прычым, спадар Мілінкевіч падпісаў тэкст Дэклярацыі пры ўмове, што адзіны кандыдат абавязкова будзе абраны на Кангрэсе дэмакратычных сіл 1-2 кастрычніка.

(Мілінкевіч: ) “Гэта працэс вельмі важны, калі ў кааліцыю далучаюцца новыя людзі. Лявонаў, Фралоў, Вайтовіч і іншыя выказваюць жаданьне браць удзел у кангрэсе і падтрымаць яго – гэта выдатна. Але ёсьць пакуль розныя разуменьні таго, калі будзе абраны адзіны кандыдат. Паводле мяне і маіх прыхільнікаў, адзіны кандыдат павінен быў быць абраны яшчэ раней, магчыма ў траўні-чэрвені. Таму што мы губляем час, мала застаецца часу на працу зь людзьмі, з насельніцтвам. А некаторыя лічаць, што гэты працэс трэба яшчэ падоўжыць. Вось, маўляў, будзе абраны адзіны ад палітычных партыяў, а потым яшчэ далучацца і іншыя. І будуць яшчэ выбары, і яшчэ. Я катэгарычна супраць такога падыходу. Я лічу, што кропка павінна быць пастаўлена на Кангрэсе. І хопіць нам змагацца адзін з другім. Каго абярэ Кангрэс патаемным галасаваньнем– а гэта ўся Беларусь, зьбяруцца актывісты з усяе Беларусі. Пасьля гэтага трэба працаваць на выбарчую кампанію”.

Ня ўсе палітыкі, якія падпісалі Дэклярацыю, падзяляюць гэтую пазыцыю. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт Аляксандр Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Усе, хто падпісваў Дэклярацыю, папісалі без гэтай агаворкі. Вызначэньне адзінага кандыдата, якое плянуецца на Кангрэсе, гэта ўсё зроблена па партыйнай працэдуры. Яны больш туды нікога не дапусьцілі. Там прысутнічаюць чатыры чалавекі – адны партыйныя. Іншых яны туды не пусьцілі. Я б сказаў, што яны хочуць гэты працэс узяць у свае рукі. А гэта няправільна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG