Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ці можа дыета спыніць рак?"


Сьвятлана Курс, Прага Палова мужчын і траціна жанчын цягам жыцьця могуць захварэць на розныя формы раку. Людзі хочуць ведаць, як засьцерагчыся ад гэтай цяжкай хваробы. Папулярнай была тэорыя аб бястлушчавай ці клятчаткавай дыетах як спосабах прафіляктыкі раку. Аднак заходнія навукоўцы кажуць, што гэтыя гіпотэзы пакуль не атрымалі пацьверджаньня. Пра гэта піша "The New York Times"

54-гадовы Лесьлі Мічэлсан не хварэе на рак, але ў якасьці дырэктара дасьледчай Фундацыі раку прастаты ён ведае, што гэта за хвароба. Таму сп. Мічэлсан зьмяніў сваю дыету. Раней ён цярпець ня мог крыжакветных расьлінаў кшталту брусэльскай і цьвятной капусты, цяпер ён іх есьць тройчы на тыдзень. Два разы на тыдзень Мічэлсан есьць таматную поліўку. "Я перакананы, што дыета мае значэньне ў гэтым выпадку”, кажа ён. Усё больш людзей баяцца раку і ўсё больш пераходзяць на дыеты. Дактары кажуць, што хворыя на рак заўжды пытаюцца, што ім есьці, каб хвароба не разьвівалася.

Прапановаў тут шмат: Нацыянальны інстытут вывучэньня раку прапануе дыету пад назовам “Ешце 5-9 разоў на дзень для лепшага здароўя”, сваю праграму прапануе й Фундацыя раку прастаты. Аднак навукоўцы кажуць, што на самой справе яны ня ведаюць, ці мае дыета нейкі ўплыў. Ёсьць гіпотэзы, але няма трывалых доказаў на карысьць таго, што дыеты ёсьць прафіляктыкай раку. Бальшыня прапанаваных зьменаў у рацыёне карысныя – менш мяса й тлушчу, болей рыбы й расьліннай ежы. Нават калі дыета і не паўплывае на рак, дык зьберажэ ад сардэчных хваробаў. Доктар Барнэт Крамэр з аддзелу прафіляктыкі Нацыянальнага інстытуту здароўя гаворыць: "Доўгі час існавала перакананьне, што уплыў дыеты на рак зьяўляецца такім жа пэўным, як і ўплыў паленьня. Цяпер шырокая публіка ведае, што тут сувязь не нагэтулькі адназначная”.

Аднак доктар Артур Шацкін, кіраўнік аддзелу харчаваньня ў Нацыянальным інстытуце эпідэміялёгіі й генэтыкі ракавых захворваньняў, кажа, што людзі хочуць атрымаць адказ, хай сабе і недастаткова пэўны. "Немагчыма сказаць што-небудзь дакладна, гэта складанае пытаньне для навукі. Магчыма, праз сем-восем гадоў мы будзем мець новыя мэтады дасьледаваньня й вырашэньня праблемы,” – кажа доктар Шацкін. "На нас ляжыць адказнасьць даць лепшыя парады, але з агаворкай, што нашыя зьвесткі недастаткова пэўныя і мы працягваем працу, каб палепшыць навуку ў гэтым пытаньні”.

Гэта невялікае суцяшэньне для хворых і іхных блізкіх, як і для тых, хто баіцца захварэць. З 1997 да 2004 г. колькасьць амэрыканцаў, хворых на рак, павялічылася з 9 млн. 400 тыс. да 9 млн. 600 тыс. Чалавек. На працягу жыцьця ракам захворвае кожны другі мужчына і кожная трэцяя жанчына. Людзі імкнуцца неяк кантраляваць узьнікненьне хваробы. Своеасаблівай стратэгіяй многія лічаць дыету. Доктар Мэйер Стэмпфэр, прафэсар Гарвардзкага інстытуту грамадзкага здароўя, кажа: “Першае пытаньне, якое задаюць сабе хворыя на рак: “Чаму менавіта я?” І людзі шукаюць адказу. І калі б хворыя на рак, напрыклад, кішэчніка, пачулі, што клятчатка абараняе ад іх хваробы, яны б сказалі, што елі гэтай клятчаткі ня менш, чым здаровыя”. Больш верагоднымі былі б доўгачасовыя дасьледаваньні здаровых людзей, чым дасьледаваньні, якія датычаць мінуласьці хворых людзей, заснаваныя на іх успамінах. Яшчэ лепшымі – хаця й больш складанымі й стратнымі – былі б дасьледаваньні людзей, якія практыкуюць пэўную дыету.

Навукоўцы выказваюць разгубленасьць, калі размова заходзіць аб моднай тэорыі клятчаткі або валакністай ежы. Атрыманыя ў выніку дасьледаваньняў зьвесткі сьведчаць, што колькасьць тлушчу ў рацыёне істотна не паўплывала на ўзьнікненьне раку малочнай залозы. “Усе праведзеныя дасьледаваньні не далі заўважных вынікаў,” – кажа доктар Шацкін. “Клятчатка, якая паступала з гароднінай і садавінай, мела нявыяўлены эфэкт у выпадку раку кішэчніка”. Адно пацьвердзілася: тыя жанчыны, якія мелі рак грудзей на раньняй стадыі і перайшлі на бястлушчавую дыету, на 20% меней захворвалі паўторна.

Жыцьцё людзей у краінах з высокай колькасьцю захворваньняў па шматлікіх парамэтрах адрозьніваецца ад жыцьця ў краінах зь нізкай колькасьцю пухлінаў. Таму немагчыма вызначыць, які ўплыў тут мае дыета, кажа доктар Шацкін. Анкетныя апытаньні ў гэтай сфэры могуць даць неадэкватныя адказы. Прафэсар Баерс, які некалі ўскладаў вялікія надзеі на ўплыў дыеты на разьвіцьцё раку, кажа, што стаў больш пэсымістычны й мудры. Дыета можа паўплываць на агульнае здароўе. Ці ўплывае на рак? Тут сп. Баерс мае сумневы. Як і шмат хто з сучасных навукоўцаў.
XS
SM
MD
LG