Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арганізатары Кангрэсу дэмсілаў чакаюць замежных гасьцей і магчымасьці выступіць па БТ


Валер Каліноўскі, Менск Завяршаецца падрыхтоўка да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім будзе абраны адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Кангрэс пачнецца 1 кастрычніка а 14 гадзіне ў Палацы культуры Менскага аўтазавода. Сёньня пачаў працу прэсавы цэнтар Кангрэсу.

Стала дзейная нарада дэмакратычных сілаў сёньня працавала над праектамі рэзалюцыяў кангрэсу, перадвыбарчай плятформы адзінага кандыдата ад апазыцыі, узгадняла склад камісіяў. Раней быў зацьверджаны парадак працы кангрэсу. Галоўныя пытаньні (выступы прэтэндэнтаў і выбары) перанесеныя на другі дзень працы, паколькі субота можа быць працоўнай для часткі дэлегатаў,– напрыклад, настаўнікаў.

Паводле старшыні аргкамітэту Аляксандра Бухвостава, вызначаны мэханізм таемнага галасаваньня за прэтэндэнтаў – пераможцам будзе абвешчаны той з іх, хто набярэ больш за 50 адсоткаў галасоў дэлегатаў. Таму ня выключана, што галасаваньне пройдзе ў два туры.

Арганізатары дагэтуль чакаюць рэакцыі на свае запыты ад беларускіх уладаў. Раней у МЗС, МУС, Вярхоўны суд, кіраўніцтву дзяржаўных тэлеканалаў былі накіраваныя звароты з просьбай забясьпечыць візамі іншаземных гасьцей і журналістаў, якія прыедуць на Кангрэс, даць магчымасьць арганізатарам выступіць па тэлебачаньні, скасаваць судовыя рашэньні супраць арганізатараў сходаў, на якіх вылучаліся дэлегаты. Але адказаў няма, – гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Я думаю, што яны баяцца даваць адказы без узгадненьня і дазволу прэзыдэнцкай адміністрацыі. А там таксама (улічваючы, што гэта было заяўлена Лукашэнкам) безь ягонага ведама нічога ня хочуць браць на сябе.”

У цэлым жа Аляксандар Бухвостаў зазначыў, што дзяржаўныя органы асабліва не дапамагаюць у вырашэньні арганізацыйных праблем, але і не перашкаджаюць.

Пачаў працу прэсавы цэнтар Кангрэсу, які ўзначаліў прадстаўнік ПКБ Сяргей Вазьняк. Апрача іншага, яму даручана правесьці перамовы зь дзяржаўнымі тэлеканаламі наконт выступаў у іх эфіры прадстаўнікоў Кангрэсу. Ад гэтага будзе залежаць, ці атрымаюць дзяржаўныя тэлеканалы акрэдытацыю на форум.

У арганізацыйным камітэце тым часам зьбіраюць інфармацыю аб замежных гасьцях кангрэса, якія пацьвярджаюць свой намер прыехаць у Менск, – паведаміла прадстаўніца аргкамітэту Валянціна Сьвяцкая:

(Сьвяцкая: ) “Чакаем шмат гасьцей з-за мяжы, у тым ліку і парлямэнтарыяў шмат павінна прыехаць,– калі ўсё будзе добра і калі іх прапусьцяць праз мяжу. Два дэпутаты з Літвы толькі што паведамілі, што жадаюць прысутнічаць. Са Швэцыі, Нарвэгіі павінны прыехаць, і з іншых краін”.

Будуць на Кангрэсе і беларускія госьці. Каб атрымаць такі статус, ахвочым трэба зьвярнуцца ў аргкамітэт, бо магчымасьці патрапіць на форум без запрашэньня ня будзе.
XS
SM
MD
LG