Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды. "Патрэбная альтэрнатыва, каб выбраць дастойнага кандыдата"


Апытаньне правяла Галіна Абакунчык, Менск 1-2 кастрычніка ў палацы культуры Менскага аўтазаводу адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. Цягам двух дзён прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў краіны павінны вылучыць адзінага кандыдата для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Ці ведаюць пра гэта менчукі і як ставяцца да падзеі?

(Спадар: ) “Не, я гэтага ня чуў. Але альтэрнатыва павінна быць у кожнай справе”.

(Юначка: ) “Пра Кангрэс? Не, ня ведала. Але нармалёва да гэтага стаўлюся, бо альтэрнатыва патрэбная, каб людзі маглі выбраць дастойнага кандыдата. А апазыцыя павінная быць, і , натуральна, што яна заўсёды супраць прэзыдэнта. Гэта лепш нават для яго самога, бо тады яму ёсьць сэнс нешта паляпшаць”.

(Юнак:) “Нешта чуў пра Кангрэс. Чым больш кандыдатаў, чым больш розных думак, поглядаў, тым лепш, бо больш дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “Адносна апазыцыі нічога не магу сказаць. А з нагоды таго, каб была здаровая канкурэнцыя, то так, я за гэта”.

(Спадар: ) “Так, ведаю, што Кангрэс дэмакратычных сілаў у іх там – з вуснаў прэзыдэнта гэта чуў. Ну, Бога радзі – у нас свабода слова, калі нехта хоча – калі ласка, няхай зьбіраюцца”.

(Спадарыня: ) “Вось пра зьезд камсамола чула, а пра гэта не. Добра стаўлюся, бо гэта будзе адзінае меркаваньне многіх людзей. Няхай паспрабуюць. Ці атрымаецца толькі”.

(Юнак:) “Не, ня чуў. Але да ідэі стаўлюся вельмі добра. Бо лічу, што сытуацыя зь цяперашнім прэзыдэнтам, эканамічнае становішча ў краіне вельмі дрэнныя. І такое аўтарытарнае кіраваньне аднаго чалавека ня можа спрыяць добраму разьвіцьцю краіны. Павінныя прыйсьці новыя маладыя й сьвежыя сілы”.

(Спадарыня: ) “Не, ня чулі, але падтрымліваю такія акцыі, бо гэта дэмакратычны падыход, а я хачу, каб нашая краіна была дэмакратычнай. Іншым шляхам да дэмакратыі ня дойдзеш”.

(Спадар: ) “Нармалёвая ідэя. Я за тое, каб усе мелі магчымасьць зьбірацца, абмяркоўваць. Я за тое, каб была апазыцыя”.

(Юнак: ) “Пра Кангрэс я ня чуў, бо ў дзяржаўнай прэсе пра гэта інфармацыі ня знойдзеш, а незалежнай прэсы мала. Вельмі добра да гэтага стаўлюся. Што дэмакратычныя сілы жадаюць вылучыць адзінага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году”.
XS
SM
MD
LG