Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым польскім Сэйме будзе беларус


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы абвешчаныя афіцыйныя вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія амаль не адрозьніваюцца ад папярэдніх падлікаў – у Сэйм патрапілі 6 партыяў, наперадзе правацэнтысты, якія пачынаюць кансультацыі ў справе стварэньня новага ўраду. У новым Сэйме будзе адзін беларус.

Паводле дадзеных Цэнтарвыбаркаму, выйграла сёлетнія парлямэнцкія выбары партыя “Закон і справядлівасьць”, за якую прагаласавалі амаль 27% выбарцаў. На другім месцы будучы магчымы ўдзельнік кааліцыі “Закону і справядлівасьці” лібэральная “Грамадзянская плятформа” – яе падтрымалі крыху болей за 24% выбарцаў. Трэцяе і чацьвертае месцы атрымалі папулістская “Самаабарона” і кіруючы цяпер у Польчшы Саюз левых дэмакратаў – гэтыя дзьве партыі атрымалі прыкладна аднолькавую колькасьць галасоў – каля 11%. Далей ідуць кансэрватары зь Лігі польскіх сем’яў і сялянская Польская народная партыя – каля 8 і каля 7% галасоў адпаведна.

У парлямэнце ня будзе прадстаўнікоў Сацыял-дэмакратычнай партыі Польшчы, а таксама польскай Дэмакратычнай партыі, у склад якой уваходзяць такія вядомыя палітыкі як Тадэвуш Мазавецкі, Браніслаў Герэмэк і цяперашні прэм’ер Марэк Бэлька.

Ад Саюзу левых дэмакратаў у Сэйм прайшоў беларус Яўген Чыквін – вядомы праваслаўны дзеяч і адзін з аўтараў ухваленага нядаўна закону аб нацыянальных меншасьцях, які, сярод іншага, дае беларусам магчымасьць карыстацца беларускай мовай у дзяржаўных установах свайго рэгіёну.

На фота - Яўген Чыквін.
XS
SM
MD
LG