Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца суд над карэспандэнтам "Салідарнасьці" Іванам Романам


Сяргей Астраўцоў, Горадня. Сёньня ў Горадні працягваўся разгляд адміністрацыйнай справы прафсаюзнага актывіста, карэспандэнта газэты “Салідарнасьць” Івана Романа, якога абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Начальнік аховы заводу аўтаагрэгатаў У.Малаткоў напісаў заяву ў міліцыю аб тым, што І.Роман распаўсюджваў каля заводзкай прахадной прафсаюзны бюлетэнь “Шабер” (паводле назвы сьлясарнага інструмэнту).

У заяве было слушна ўказана, што спадар Роман належыць да прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Міліцыя зрабіла запыт ва ўпраўленьне юстыцыі наконт гэтай арганізацыі. У адказе было напісана, што мясцовых структураў прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці аўтамабілебудаваньня і мэталаапрацоўкі няма, дзейнасьць яго летась была спынена. На падставе гэтага адказу ў Ленінскім РАУС склалі пратакол, хаця гэта два розныя прафсаюзы, і РЭП дагэтуль зарэгістраваны.

Іван Роман зьвярнуў увагу судзьдзі Натальлі Козел на гэтую неадпаведнасьць. І сёньня ў матэрыялах справы зьявілася новая даведка з упраўленьня юстыцыі аб тым, што ў горадзе няма афіцыйна зарэгістраваных структураў прафсаюзу РЭП.

Адміністрацыйная справа адносна сябры прафсаюзу і журналіста разглядаецца паводле часткі 10 - 1 артыкулу 167, там прадугледжана пакараньне ад 10 да 50 базавых адзінак. Рашэньне суду будзе вядомае ў сераду раніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG