Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэматычны выпуск. Рэгіянальная прэса: незалежных выданьняў паменела ўтрая


Аляксандар Уліцёнак, Менск Паводле Міністэрства інфармацыі, друкаваныя беларускія мэдыі перажываюць цяпер сапраўдны бум: у краіне зарэгістравана ажно 1250 выданьняў!

Аднак на тле агульнай статыстыкі замоўчваецца факт імклівых пераменаў у сэктары незалежных грамадзка-палітычных газэт: за апошнюю пяцігодку іх паменела больш чым утрая... І найперш гэта тычыцца сёньня рэгіянальнай прэсы. Што замінае яе разьвіцьцю? Як складваюцца стасункі недзяржаўных СМІ зь мясцовымі ўладамі?

Час трыюмфу незалежнай прэсы, калі, напрыклад, наклады “Свободных новостей” і “Свабоды” перасягалі стотысячны рубеж, даўно мінуў. Самыя папулярныя газэты і сталі першымі мішэнямі для ўлады, якая напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году пачала змагацца за абсалютнае панаваньне ў мэдыяпрасторы краіны. Найперш адтуль выціснулі агульнанацыянальныя выданьні. Гэта запатрабавала шмат часу, чым і скарысталіся недзяржаўныя мясцовыя СМІ: яны імкліва нарошчвалі творчы патэнцыял, стваралі ўласную сетку распаўсюду, умацоўвалі матэрыяльную базу... Пра дасягнутае ў рэгіёнах цэнтральным выданьням нават марыць не даводзілася.

(Улан: ) “На мой погляд, у мяне быў пасьпяховы варыянт мэдыйнага бізнэсу, бо наклад наш быў у чатыры разы большы, чым у раённай газэты. У нас – 10 тысяч, у іх – 2,5 тысячы. Дзякуй Богу, у нас была прыватная служба распаўсюду, паштовая служба была свая...”

Выдаўцу “Новой газеты Сморгони” Рамуальду Ўлану ўдалося нават набыць уласнае памяшканьне для рэдакцыі. Калектыў дабіўся такіх посьпехаў, што нацэліўся на заваяваньне чытацкай аўдыторыі з суседніх раёнаў. Адпаведны ўдалы досьвед ужо быў у маладэчанскай “Рэгіянальнай газэты”, а ў Баранавічах на базе тамтэйшага папулярнага “Іntex-Press” сфармаваўся першы ў краіне выдавецкі дом. Яму належаць восем выданьняў з агульным накладам 70 тысяч асобнікаў у тыдзень. Расказвае дырэктар Уладзімер Януковіч:

(Януковіч: ) “Незалежная сацыялягічная лябараторыя “Новак” праводзіла дасьледаваньні нашага рынку СМІ ў Баранавічах. Дык па тых дасьледаваньнях чытачы давяралі нашым незалежным выданьням. Там былі такія пытаньні пра давер, каму больш давяраюць? У Баранавічах найбольш давяралі “Іntex-Press”. Калі ўзяць вёскі, дзе жыве па 1000 чалавек, зь іх мы маем па 200 падпісчыкаў, то лічбы вельмі красамоўна сьведчаць пра стаўленьне да гэтай прэсы”.

Такая арыентацыя правінцыйнага чытача сталася непрымальнай для вэртыкалі. Хоць яна вельмі моцна падтрымлівала ўласныя мясцовыя выданьні, творчае спаборніцтва ў большасьці рэгіёнаў выйграваў альтэрнатыўны – незалежны друк. І тады шмат дзе ўлада пачала “выпраўляць” сытуацыю з дапамогай ужо адміністрацыйнага мэханізму. Гутарым з выдаўцом “Новой газеты Сморгони” Рамуальдам Уланам:

(Улан: ) “Ціск узмацняўся і узмацняўся. Газэту прыраўнялі да каштоўнасьцяў, да золата, да нафты. Ведаеце, дзяржава мэтанакіравана газэтны бізнэс ставіць у зусім няроўныя ўмовы, вылучае, падкрэсьлівае, што гэта нейкі асобны бізнэс, недапушчальны тут”.

(Карэспандэнт: ) “Як крымінальны? Гэткі палітычны крымінал?”

(Улан: ) “Так. Калі ў 2003 годзе мяне закрыў Смаргонскі райвыканкам, я прапісаўся ў Менску, падаю дакумэнты наноў, схаваў там дзесьці чацьвёртым пунктам выданьне газэты. Першы, другі - сакратарскія паслугі, рэкляма – гэта яшчэ нічога. А выданьне газэты? “Не-не-не, я не вазьму ад вас дакумэнтаў, барані Божа, выкрэсьлівайце гэты пункт!” Як быццам я прызнаваўся, што сабраўся гандляваць наркотыкамі ці зброяй...”

(Карэспандэнт: ) “Мясцовы, рэгіянальны незалежны друк скіроўвае людзей у тым рэчышчы, якое ім не патрэбна?”

(Улан: ) “Так. На самай жа справе Лукашэнка казаў, што нельга, каб хтосьці сядзеў на бэнзакалёнцы, на “трубе”, і рэдагаваў якіясьці там газэты, маніпуляваў людзьмі... Для яго гэта несумяшчальна – займацца бізнэсам і валодаць думкамі людзей”.

Уладзімер Януковіч, баранавіцкі “Іntex-Press”:

(Януковіч: ) “Мэдыі – гэта тое, што ўзьдзейнічае на сьвядомасьць чалавека. На тое, на што нашы мясцовыя ўлады пакуль ня могуць узьдзейнічаць. І прэса становіцца іх першым ворагам. Бо яна зьяўляецца той зброяй, якая пераўтварае ўсіх людзей”.

“Абяззбройваньне” газэтчыкаў – працэдура няпростая. У рэгіёнах гэта задача для ўладаў ускладнялася, у прыватнасьці, тым, што шмат дзе мясцовыя журналісты ўлічылі горкі досьвед нацыянальных выданьняў і пасьпелі выправіць найбольш відавочныя юрыдычныя памылкі, пралікі ў вядзеньні бугальтарскага ўліку... Такім чынам, “з наскоку” дабіцца перамогі вэртыкалі ўдалося толькі ў асобных раёнах. Пакуль розныя службы “капалі” глыбей, шмат дзе пачаліся перамовы зь незалежнымі рэдакцыямі, каб тыя працавалі па схеме дачыненьняў выканкамаў зь дзяржаўнымі “раёнкамі”... Анджэй Пісальнік з Горадні прыгадвае: калі ён спрабаваў зарэгістраваць сваю газэту “Рэпарцёр”, адначасова тым самым займалася кіраўніцтва тыднёвіка “Вечерний Гродно”:

(Пісальнік: ) “І вось мне адмовілі гарадзенскія ўлады пры ўзгадненьні адрэсы юрыдычнай. А ім далі. Як мне тлумачыў тады юрыст гарвыканкаму, “калі б вы гарвыканкам упусьцілі ў саўладальнікі свайго праекту, можа, другая была б дэцэзія гарвыканкаму”.

Дарэчы, за два апошнія гады ў краіне не зьявілася ніводнай новай недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэты. А ва ўжо дзейных выданьнях вяліся й вядуцца “перамовы” з журналістамі, чые імёны найперш прыцягваюць чытацкую ўвагу. Адным прапануюць лепшыя ўмовы ў дзяржаўнай прэсе, іншых папросту запалохваюць... Такая тактыка зь цягам часу дае свой плён. У той жа Горадні, дзе адна за другой закрываліся ці прыпыняліся газэты “Пагоня”, “Біржа інфармацыі”, “День”, “Glos z-nad Niemna”, журналісцкая супольнасьць фактычна раскалолася. Паміж людзьмі, якія напрыканцы 1990-х стварылі адну з самых моцных рэгіянальных філіяў дэмакратычнай Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёньня хіба ці ня лягла прорва... Павал Мажэйка, лідэр мясцовых БАЖаўцаў:

(Мажэйка: ) “БАЖ была арганізацыяй сяброў, арганізацыяй людзей, якім прыемна было разам, якія маюць агульныя тэмы для абмеркаваньня, ходзяць разам на прэсавыя канфэрэнцыі... Але ўжо некалькі гадоў як сытуацыя зьмянілася. Сёньня ад сябра БАЖ патрабуюцца часам рашучыя дзеяньні ў абароне свайго альбо права калегаў на атрыманьне інфармацыі, на публікацыю аб перасьледу журналістаў... “Вечерний Гродно”, нягледзячы на тое, што там ёсьць сябры БАЖу, гэтай функцыі не выконвае. Адсутнічае самае важнае – салідарнасьць журналістаў”.

Віктар Валадашчук, “Газета Слонімская”:

(Валадашчук: ) “Толькі за апошні час у мяне сышлі два журналісты, два рэпарцёры. У прыватнасьці, Гіль пайшоў у “Советскую Белоруссию”.

Уладзімер Янукевіч, баранавіцкі “Іntex-Press”:

(Янукевіч: ) “Нашы журналісты знаходзяцца пад вялікім ціскам. Забарона на атрыманьне другога месца працы, калі яны сыходзяць з рэдакцыі па тых ці іншых прычыных. Калі нашы журналісты адчуваюць ціск у сэнсе пагроз, папярэджваньняў: ну навошта вам працаваць у гэтых незалежных выданьнях? Тэлефонныя званкі, прапановы ад уладаў... Некаторыя здаюцца... 14-16 гадзін – гэта мой працоўны дзень. Мяне жонка ня бачыць у хаце. Мае намесьнікі таксама працуюць у два-тры разы болей… І хто, скажыце мне, можа вытрымаць такую доўгатэрміновую працу? Мы можам казаць толькі аб падзьвіжніцтве нейкім, на пэўным тэрміне. Таму што ня ўсе згодныя вытрымліваць гэта на працягу ўсяго свайго жыцьця”.

Практычна ўсе незалежныя журналісты наракаюць, што ім даводзіцца працаваць значна больш, чым калегам зь дзяржаўных выданьняў. І справа тут ня толькі ў жаданьні зрабіць лепш. Галоўнае – у штучна створаных уладай абставінах. Перашкоды ўзьніклі літаральна ва ўсім, што тычыцца газэтнай тэхналёгіі. Таму й не выпадае расслабляцца людзям, за якімі зь “лёгкай” рукі прэзыдэнта дзяржаўныя ідэолягі імкнуцца замацаваць ярлык “нячэсных” журналістаў.

(Санаценка: ) “Узмацніўся ціск на нас, у прыватнасьці, на рэклямным фронце. Сутнасьць вось у чым. У нас ёсьць рэклямадаўцы – гэта дзяржаўныя і акцыянэрныя прадпрыемствы, якія да выбараў разьмяшчалі рэкляму ў дастаткова вялікіх аб’ёмах”.

Паводле выдаўца газэты “Бобруйский курьер” Анатоля Санаценкі, неўзабаве гарвыканкам склікаў адмысловую нараду з удзелам кіраўнікоў гэтых арганізацый ды ўчыніў сапраўдны разгон: “каго гэта вы падтрымліваеце?!”

(Санаценка: ) “...І была накладзеная забарона на разьмяшчэньне рэклямы ў “Бобруйском курьере”. Гэта, відавочна, адбілася на нашым бюджэце. Мы цяпер зарабляем нашмат менш. І гэтыя прабоіны ў нашым бюджэце пакуль не ўдаецца залатаць”.

У большасьці рэгіянальных грамадзка-палітычных выданьняў, дарэчы, прыбытак ад рэклямы складае ў лепшым выпадку працэнтаў трыццаць. Асноўныя грошы прыносіць наклад. А на яго няма як спадзявацца, калі ў газэце ня будзе мясцовых навінаў, аналітыкі, пабудаванай на ацэнках, інфармацыі з уладных крыніцаў. Паводле канстытуцыі, любы журналіст мае права на яе, аднак насамрэч вакол незалежнай прэсы сьціскаецца пятля інфармацыйнай блякады, цьвердзіць рэдактар ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч:

(Шантаровіч: ) “Дзьверы зачыняюцца: калі раней улады проста не давалі інфармацыі, то цяпер папярэджваюць усіх, хто пра гэта нават не згадваліся. За ўцечку інфармацыі ўжо пачынаюць караць чыноўнікаў, якія спрабавалі даваць яе хоць бы ў прыватных гутарках. Ня тое, што палкі ў колы ўстаўляюць, а ставяць вялізную цяжкую заслону. Жалезны занавес...”

Аляксей Белы займаецца распаўсюдам мясцовых газэт у Ганцавічах, Нясьвіжы, Пінску і Ляхавічах:

(Белы: ) “На жаль, у кожным горадзе свае складанасьці. Так, у Ганцавічах вельмі цяжка атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў. То бок нашых журналістаў могуць выпхнуць з настаўніцкага паседжаньня. Проста выпхнуць з залі... У той жа час у Пінску вельмі складана з распаўсюджваньнем. Там не дазваляюць прадаваць, не бяруць у “Белсаюздрук”. Прыватнікам не дазваляюць гандляваць нашай газэтай”.

Наступ на рэгіянальную незалежную прэсу не спыняецца, і як у выпадку з агульнанацыянальнымі выданьнямі, найбольш дастаецца самым масавым. Пад гэтым ціскам нядаўна фактычна прыпыніла выхад папулярная “Биржа информации” з Горадні, пагроза закрыцьця навісла зараз над “Курьером из Борисава”... Між тым ён набіраў хаду: пачаў выходзіць двойчы на тыдзень, прычым адзін з нумароў быў на 32 старонках. Не ўдалося зламаць газэты эканамічна – знайшлі юрыдычныя, тэхналягічныя недапрацоўкі. І хоць іх можна было выправіць – часу і дазволу на тое даваць ня хочуць... Аднак ёсьць і іншыя, аптымістычныя прыклады. Гутарым з рэдактарам маладэчанскай “Рэгіянальнай газеты” Аляксандрам Манцэвічам:

(Карэспандэнт: ) “Твая газэта прынцыпова выходзіць на беларускай мове, мае абсалютна дэмакратычную рэпутацыю. І адначасова лічыцца, што гэты праект можна аднесьці да ўдалых, калі глядзець на мэдыі праз прызму бізнэсу”.

(Манцэвіч: ) “Зарабляць на гэтым грошы – абавязак кожнага выдаўца, таму што за ім стаіць калектыў. Таму ён павінен быць пасьпяховым. Наколькі гэта атрымліваецца – іншая справа”.

(Карэспандэнт: ) “Вельмі часта кажуць: мы ня будзем даваць рэклямы на беларускай мове, бо такая рэкляма не працуе на брэндавым узроўні. Многія кажуць: мы ня будзем пісаць па-беларуску, бо змагаемся за масавага чытача, а беларуская мова гэтаму не спрыяе...”

(Манцэвіч: ) “Проста той, хто кажа, што на беларускай мове нельга рабіць пасьпяховых газэт, ён не спрабаваў гэтага рабіць. Калі перапынялі наш выхад, у абарону газэты паўсталі чытачы, многія казалі – у першую чаргу таму, што яна выходзіць на беларускай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, езьдзілі нават у Мінск, ледзьве не ў прыёмную прэзыдэнта, каб абараніць”.

(Манцэвіч: ) “Езьдзілі ў розныя кабінэты, у розных калідорах чытачы стаялі. І вось сярод гэтых чытачоў былі тыя, якія гаварылі, што сталі на абарону газэты таму, што яна прынцыпова трымаецца беларушчыны”.
XS
SM
MD
LG