Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграмны прадукт, створаны ў Беларусі, ня можа быць таньнейшым за індыйскі ці кітайскі


Ігар Карней, Менск Ад моманту падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэту “Аб Парку высокіх тэхналёгій” мінуў толькі тыдзень, а адказныя за рэалізацыю праекту супрацоўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі і Нацыянальнай Акадэміі навук ужо заяўляюць, што шэраг усясьветна вядомых вытворцаў абвясьцілі пра намер стаць рэзыдэнтамі беларускай “сыліконавай даліны”.

Самі праграмісты на гэта кажуць, што расцэнкі на іхныя паслугі наўрад ці прыцягнуць у краіну вялікую колькасьць замежных фірмаў, паколькі рынак праграмнага забесьпячэньня паступова перамяшчаецца ў Індыю і Кітай.

Дзяржаўныя мэдыі сёньня цытуюць кіраўніка Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгій НАН Міхаіла Маханька. Сярод патэнцыйных удзельнікаў “Парку высокіх тэхнялёгій” ён называе такія усясьветна вядомыя кампаніі як Hewlett Packard, Microsoft, Boeing, Ericsson. Паводле спадара Маханька, Беларусь – адзін з найбольш прывабных рэгіёнаў для экспартаарыентаванага праграмаваньня ва Ўсходняй Эўропе, паколькі і для замежных, і для айчынных вундэркіндаў мяркуецца стварыць “цяплічныя ўмовы”.

Праграміст менскай фірмы ІВА Сяргей Крэс (а гэтая фірма больш за 10 гадоў выконвае замовы для “Даймлер-Крайсьлер”, ІВМ і іншых) лічыць: падобныя заявы больш нагадваюць спробу піяру.

(Крэс: ) “Чалавек не навуковец, проста займае пасаду дырэктара вылічальнага цэнтру, які зараз гучна называецца. Частка са сказанага – проста сьмех. Займаюцца праграмаваньнем і ў Румыніі, у Турэччыне, Баўгарыі. Але ўсе гэтыя краіны складаюць катэгорыю дарагіх праграмістаў, і Захад усё больш арыентуецца на Індыю і Кітай. І ў нас праца праграміста ня можа быць таньнейшай, чым у астатніх эўрапейскіх краінах. Адзіны плюс на нашу карысьць – тэрытарыяльная блізкасьць. Мэнэджэру прасьцей – сеў на самалёт і праз дзьве гадзіны ён тут. Зь іншага боку – у Індыі не існуе моўнай праблемы. Шмат якія краіны спрабуюць прыцягнуць да сябе кліентуру – прыкладам, падобныя структуры ствараюцца ў Расеі. Але падатковыя ільготы не такія ўжо вялікія. Таму нічога звышбадзёрага ў гэтым ня бачу”.

Беларускіх праграмістаў, якія мусяць вырашаць “найскладанейшыя тэхналягічныя задачы”, плянуюць разьмясьціць на тэрыторыі закансэрваванага навуковага Акадэмгарадку ў менскім мікрараёне Ўручча. Будаўнічыя працы пачнуцца ўжо сёлета. Прадстаўнікі гэтай сфэры кажуць, што цяпер у Беларусі назіраецца вялікі дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, паколькі асноўная маса зьехала за мяжу. Таму камплектаваць “даліну” давядзецца зь сярэдніх здольнасьцяў праграмістаў, якія наўрад ці прыйдуцца даспадобы тым жа Microsoft ці Boeing.

На тле размоваў пра будучыя дывідэнды ад беларускай “Сыліконавай даліны” нават афіцыйныя асобы вымушаныя канстатаваць: самыя таленавітыя праграмісты пакідаюць Беларусь пры першай жа магчымасьці. Гаворыць кіраўнік Цэнтру маніторынгу міграцыі НАН Міхаіл Арцюхін.

(Арцюхін: ) “Знаходзяць гранты, знаходзяць прапановы. Дзейнічае так званая стратэгія закідваньня “сетак”. Выбіраюцца дзесяткі розных адрасоў, адзін абавязкова адгукаецца, і тады настае пэрыяд выбару. Інтэрнэт мае вельмі вялікую ролю ў агульным амаладжэньні кантынгенту тых, хто ад’яжджае. Але гэта, перадусім, індывідуальны выбар, і пошук часта ідзе самастойна”.

Як кажа навуковец, кандыдат фізыка-матэматычных навук Ігар Сташкевіч, які спэцыялізуецца на лязэрных тэхналёгіях, у канчатковай рэдакцыі “Парку” так і ня вырашаная яшчэ адна важная праблема – інтэграцыі навукі і прамысловасьці. А менавіта з-за гэтага пункту праект двойчы накіроўваўся на дапрацоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG