Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы аўганскі палявы камандзір вучыць гуляць у гольф


Натальля Судлянкова, Прага У Аўганістане ўсё яшчэ страляюць, практычна кожны дзень прыходзяць навіны аб нападах талібаў. І тым ня менш, у гэтай краіне жывуць людзі, якія імкнуцца як мага хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцьця. Адзін зь іх стварыў першы ў сучасным Аўганістане гольф-клюб. Пра яго напісала брытанская газэта “Гардыян”.

Гольфавае поле зь неверагодна зялёнай травой і сьлядамі выбухаў належыць былому палявому камандзіру. Адна з мішэняў знаходзіцца побач з савецкім танкам, які застаўся яшчэ з часоў савецка-аўганскай вайны. Але на рагу вісіць шыльда з надпісам “Вітаем вас у гольф-клюбе”, дзе можна прайсьці найлепшы і адзіны ў Аўганістане курс гольфу. Гэтаму клюбу давялося шмат перажыць. Пасьля савецкай акупацыі засталіся сьляды ад бамбардаваньняў і танк, потым у гэтым рэгіёне ваявалі муджагэдзіны. У 90-х гадох талібы катавалі прафэсіяналаў з клюбу. Але клюб ізноў адчыніўся. Напрыканцы мінулага тыдня тут прайшоў дабрачынны турнір у клясычным гольфе - першая такога кшталту акцыя ў Аўганістане.

Удзельнікам турніру, сярод якіх былі дыпляматы, супрацоўнікі службаў дапамогі Аўганістану і прадпрымальнікі, давялося гуляць у гольф не зусім паводле правілаў. Але цяжка патрабаваць выкананьня правілаў у сытуацыі, калі замест лункі можаш патрапіць у танк.

Самым шчасьлівым чалавекам на турніры, напэўна, быў Махамуд Азал Абдул, адзін з найлепшых гальфістаў Аўганістану. 10-гадовым хлопчыкам ён навучыўся гуляць у гольф у аднаго з амэрыканскіх дыпляматаў. Але ў тыя часы, на пачатку 70-х гадоў, у Аўганістане былі сапраўдныя зялёныя гольфавыя палі, а ў клюбе быў адчынены бар, дзе прадавалася віскі. Калі пачалася савецкая акупацыя, Махмуд Азал Абдул быў арыштаваны і правёў у турме 6 месяцаў. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць заходніх дыпляматаў.

Калі Махмуд Абдул выйшаў з турмы, дзьверы гольфавага клюбу былі зачыненыя. Праз 20 гадоў за Махамадам Абдулом прыйшлі талібы. Яны правялі ператрус у ягоным доме і зьнішчылі сад. “Яны сказалі, што ў Аўганістане ня можа быць мейсца для гольфу, таму што гэта забаронена ісламам”. Яны забралі ўсе гольфавыя прыналежнасьці і трафэі, катавалі Махамада Абдулу.

Ён мусіў пакінуць краіну і пераехаць жыць у Пакістан, але два гады таму вярнуўся. І знайшоў гольфавае поле ў жудасным стане. На пачатку ён дазваляў пасьвіць жывёлінаў на сваім полі, але потым пачаў ізноў гуляць у гольф. Найперш адзін, потым супрацоўнікі ААН падаравалі яму гольфавыя прыналежнасьці. І ён адкрыў гольфавы клюб і курсы. Мясцовыя прадпрымальнікі плацяць 300 даляраў за абанэмэнт на адзін год. Але асноўную частку абанэмэнтаў выкупіў былы палявы камандзір Эзатула Атэф.

Раней ён камандаваў палутара тысячамі ўзброеных ваяўнікоў. Цяпер ён вучыць іх гуляць у гольф. У Эзатулы Атэфа вялікія пляны – ён хоча пабудаваць горад з шыкоўнымі гатэлямі, адчыніць турыстычны цэнтар і гэтак далей. Але пакуль усе гэтыя пляны застаюцца плянамі, Махамад Абдул раніцай бясплатна вучыць маладых людзей гуляць у гольф. “Чаму я гэта раблю? Гэта маё жыцьцё,” – гаворыць самы вядомы аўганскі гальфіст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG