Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачаліся вайсковыя манэўры па супрацьдзеяньню незаконным вайсковым фармаваньням


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі пачаліся вайсковыя манэўры, падчас якіх будуць адпрацаваныя захады змаганьня зь незаконнымі вайсковымі фармаваньнямі. Між тым ад пачатку 50-ых гадоў у краіне не было ніводнай арганізацыі, якая б узялася за зброю дзеля пэўных палітычных мэтаў. .

У Беларусі пачаліся вайсковыя манэўры па супрацьдзеяньню незаконным вайсковым фармаваньням. 26 верасьня праходзіла штабная частка манэўраў, а ў аўторак пачынаецца гэтак званая актыўная фаза вайсковай гульні. У Берасьці пакінуць свае казармы і возьмуць курс на Барысаў некалькі соцень салдат і афіцэраў 38-ай брыгады спэцыяльнага прызначэньня. Зь Віцебску ім на дапамогу выйдзе калёна 103-ай мабільнай брыгады. Праз колькі дзён на Барысаўскім палігоне яны возьмуць ў кальцо ўмоўнае незаконнае вайсковае фармаваньне. Таксама ў манэўрах будуць задзейнічаныя вайскоўцы частак тэрытарыяльнай абароны, прызваныя на зборы ў Вілейскім раёне Менскай вобласьці і Верхнядзьвінскім раёне Віцебскай вобласьці. “Партызаны”, як завуць іх у народзе, возьмуць пад ахову пэўныя грамадзянскія аб’екты. Усяго, паводле зьвестак міністэрства абароны, у манэўрах задзейнічаны больш за 4 тысячы вайскоўцаў.

На маё пытаньне, ці не зьяўляецца ўсё гэта апэратыўным рэагаваньнем на нядаўні выбух ў Віцебску, кіраўнік прэсавага цэнтру міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык адказаў рашучым “не”. Вячаслаў Раменчык не ўдакладніў: якія менавіта незаконныя фармаваньні замежжа браліся за ўзор, калі распрацоўваўся сцэнар манэўраў. Але афіцэр запэўніў: умоўны праціўнік мае абсалютна пэўныя рысы.

(Раменчык: ) “ Натуральна, што улічваюцца сучасныя вайсковыя канфлікты ў сьвеце, ўсё аналізуецца, і з ўлікам сучасных вайсковых пагроз мы адпрацоўваем свае дзеяньні”.

А як даўно ў Беларусі дзейнічалі сапраўдныя незаконныя вайсковыя фармаваньні? Гісторык Ігар Кузьняцоў кажа, што гэтая старонка ў гісторыі краіны была перагорнутая больш за 50 год таму.

(Кузьняцоў: ) “Такія ўзброеныя фармаваньні былі ліквідаваныя ў Беларусі прыкладна да 50-51 году. Адразу пасьля вайны гэта былі мясцовыя, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі і не пасьпелі адыйсьці, таксама тыя, хто змагаўся з Саветамі паводле ідэйных меркаваньняў. Альбо пазьней, ўзяць таго ж Філістовіча, якога закінулі на тэрыторыю Беларусі. Вакол такіх людзей таксама фармаваліся групы, але невялікія . Як “украінская паўстанчая армія ” альбо “зялёныя браты” ў Літве, у нас такога масавага супраціву не было”.

Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя сытуацыя зь няўрадавымі вайсковымі арганізацыямі ў Беларусі крыху зьмянілася. Часова ўзьніклі ваенізаваныя арганізацыі пры розных палітычных рухах. У тым ліку такое фармаваньне мела незарэгістраваная арганізацыя “Русское нацыянальное единство”. Дакладна вядома, што былы міліцыянт Ігнатовіч, якога пазьней асудзілі за выкраданьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, інструктаваў сяброў “лясной школы”, якую арганізавалі актывісты РНЕ ў Беларусі. Але пра рэальную ўзброеную дзейнасьць сяброў гэтай арганізацыі, акрамя некалькіх крымінальных здарэньняў, невядома.

Гучнымі дэклярацыямі заявіла пра сябе і так званае “Беларускае вызвольнае войска”, якое нібыта аб’яднала крайніх беларускіх нацыяналістаў. У прыватнасьці, пасьля аварыі на станцыі пампаваньня газу пад Нясьвіжам ад імя гэтай арганізацыі было дасланае паведамленьне, што бяруць на сябе адказнасьць за інцыдэнт.

Дарэчы, нядаўна “Беларускае вызвольнае войска” нагадала пра сябе зноў. Улетку гэтая арганізацыя праз інтэрнэт папярэдзіла пра шэраг дывэрсіяў на чыгунцы вакол Менску. Але нічога з заяўленага ня зьдзейсьнілася. Шмат хто ў Беларусі ўвогуле лічыць, што гэтая арганізацыя прыдуманая спэцслужбамі, каб запалохаць грамадзтва тэрарызмам ды скампрамэтаваць нацыянальны рух.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG