Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску кампанія “Сябар” пачала варыць піва


Міхал Стэльмак, Менск Піваварная кампанія “Сябар” абвясьціла пра пачатак вытворчасьці піва ў Бабруйску. Яе кіраўніцтва заявіла пра старт на беларускім піўным рынку буйнога нацыянальнага вытворцы гэтага напою.

У Беларусі кампанія пад назвай “Сябар” зьявілася зусім нядаўна – у жніўні 2005 году. Разам з тым яе нельга навічком беларускага піўнога рынку. Бо дагэтуль яна называлася Беларуская піваварная кампанія, якая была зарэгістравана ў 2004 годзе. Яе заснавалі Detroit Belarus Brewing Company, створаная пры ўдзеле амэрыканскага капіталу, і бабруйскае акцыянэрнае таварыства “Дзеднава”. “Мы прайшлі няпросты шлях”,– заявіў з нагоды пуску вытворчасьці піва ў Бабруйску генэральны дырэктар “Сябара” Віталь Бялоў. Detroit Belarus Brewing Company пра намер варыць піва ў гэтым горадзе абвясьціла ўпершыню чатыры гады таму. 1 красавіка 2003 года прэзыдэнта гэтай кампаніі Сяргея Левіна прыняў Аляксандр Лукашэнка, які ўхваліў гэты праект у Бабруйску.

Раней “Дзеднава” прыйшло ў заняпад, паколькі састарэла абсталяваньне бабруйскага бровару. Аднак, нягледзячы на публічныя абяцаньні Лукашэнкі паспрыяць замежнаму інвэстару, насамрэч Detroit Belarus Brewing Company аніяк не магла зарэгістраваць у Беларусі сумесную з “Дзеднавам” кампанію. У 2003 годзе гэты інвэстар нават публічна заявіў пра намер закрыць праект як беспэрспэктыўны. І фактычна толькі сёлета гэты праект зрушыўся з месца. Вось што пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Сябар” Вадзім Сяховіч:

(Сяховіч: ) “Магу сказаць, што мы фактычна стварылі гэты завод з нуля. У самы першы этап, які пачаўся ў траўні 2005 году і завяршыўся сёньня дэ-факта, было ўкладзена нашымі інвэстарамі 19 мільёнаў даляраў. Зараз пачалася варка па новай тэхналёгіі. 10 кастрычніка новае піва пачне паступаць у гандлёвую сетку Беларусі”.

Ці не напаткае гэтыя інвэстыцыі лёс грошай, якія ў свой час інвэставала ў менскі бровар “Крыніцу” расейская піваварная кампанія “Балтыка”? Інвэстыцыйны досьвед “Балтыкі”, насамрэч, напалохаў многіх замежных інвэстараў, якія зьбіраліся ўкладаць сродкі ў вытворчыя праекты ў Беларусі, у тым ліку ў піўную галіну. Разам з тым беларускія чыноўнікі сьцвярджаюць, што ў тым досьведзе беларуская дзяржава не адчувае за сабой аніякай віны. Вось, напрыклад, як пракамэнтаваў яго прадстаўнік Беларусі ў Пастаянным камітэце так званай Саюзнай дзяржавы Валеры Дрозд:

(Дрозд: ) “Я не лічу, што “Балтыка” гэта сур’ёзны праект. Мы павінны дамовіцца пра ўмовы прыходу капіталу. Каб у нас не атрымалася так, як зрабіла “Балтыка”. Спачатку прывезла абсталяваньне, а потым мы пачалі афармляць дамовы. Таму праект і не пайшоў. Трэба заходзіць з параднага ўваходу, а не з бакавога”.

Кіраўнікі піваварнай кампаніі “Сябар” уважліва прааналізавалі падобныя тлумачэньні беларускіх чыноўнікаў. І, як вынікае з тлумачэньняў яе прадстаўніка Вадзіма Сяховіча, грошы ці, дакладней, абсталяваньне па вытворчасьці піва прывезьлі ў Бабруйск толькі пасьля грунтоўнай працы над юрыдычнымі аспэктамі супрацоўніцтва:

(Сяховіч: ) “Балтыка” ня вырашыла шмат арганізацыйных пытаньняў. Яны спачатку завезьлі абсталяваньне. А тут было створана прадпрыемства, урэгуляваны ўсе пытаньні з абласнымі ўладамі, на рэспубліканскім узроўні. І толькі потым пачалі нармалёвы працэс інвэставаньня. Асноўныя інвэстыцыі – гэта інвэстыцыі нашага заснавальніка Detroit Belarus Brewing Company”.
XS
SM
MD
LG