Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, каб у Беларусі разьвіваўся ўязны турызм?


Іна Студзінская, Менск 27 верасьня – Міжнародны дзень турызму. Беларусь, на жаль, пакуль не зьяўляецца разьвітай турыстычнай краінай, куды імкнуцца замежнікі. У сярэднім у год Беларусь наведваюць 50-60 тысяч іншаземных турыстаў, бальшыня з якіх – транзытам, па дарозе ў краіны Балтыі ці Расею. Колькасьць жа беларусаў, якія імкнуцца адпачыць за мяжой, сёлета ўжо перасягнула 1 мільён 300 тысяч.

Чаму Беларусь абмінаюць замежныя турысты – пра гэта ўжо шмат гаворана на самым высокім роўні. І візы дарагія, і складана іх атрымліваць, і інфраструктура не разьвітая – мала прыстойных гатэляў, асабліва ў правінцыі, дрэнны сэрвіс, дарогі, помнікі ў непрыглядным стане. Але, на думку дырэктара рэклямна-турыстычнага агенства “Эдэльвэйс” Івана Кобзіка, галоўная прычына стрымліваньня ўязнога турызму ў іншым.

(Кобзік: ) “У першую чаргу, стрымлівае яго разьвіцьцё тая палітычная сытуацыя, якая склалася ў краіне, і той імідж, які існуе аб нашай краіне па-за яе межамі. Тут, на жаль, ніякімі іншымі спосабамі, як выпраўленьне гэтай сытуацыі, нічога ня зьменіш. І ніякае ўкладаньне грошай не дапаможа пераламіць сытуацыю і павялічыць колькасьць замежных грамадзянаў, якія да нас прыяжджаюць”.

Што да выязнога турызму, то стрымлівае яго толькі фінансавае становішча беларусаў. Агульная колькасьць беларусаў, якія адпачываюць за мяжой, магчыма, да канца году дасягне амаль паўтара мільёны. Праўда, шмат нараканьняў на якасьць паслугаў, на падман турфірмаў, на транспартныя нязручнасьці. Але для тых, у каго ёсьць грошы, паехаць адпачыць, хоць праз Маскву, хоць праз Літву – не праблема.

Што тычыцца ўнутранага турызму, паціху гэтая галіна разьвіваецца. І зноў прапаную паслухаць меркаваньне экспэрта, дырэктара рэклямна-турыстычнай агенства “Эдэльвэйс” Івана Кобзіка.

(Кобзік: ) “Усё ж экскурсій становіцца больш. Больш цікавых мясьцін з дапамогай турыстычных фірм беларусы могуць пабачыць – той жа Мосар, той жа Будслаў – я з апошніх, што называецца, хітоў прыгадваю. Але, зноў такі, яго стрымлівае дрэнны стан помнікаў гісторыі і культуры і наагул, іх невялікая колькасьць ў нашай краіне і нежаданьне дзяржавы ўкладаць грошы ў іх аднаўленьне, у іх рэстаўрацыю ці кансэрвацыю”.

Пакуль рана гаварыць пра разьвіцьцё экалягічнага і сельскага турызму. Але першыя парасткі ёсьць, дзякуючы энтузіястам. Абяцанай дапамогі з боку дзяржавы жадаючым прымаць турыстаў пакуль няма. Вось адзін толькі прыклад. Юлія Бука 8 гадоў пражыла ў Віцебску, але вярнулася ў родную вёску Валодзькава, што на Глыбоччыне. Мясьціны там вельмі прыгожыя. Вырашыла выкупіць некалькі хат.

(Бука: ) “Гэта землі майго прадзеда, якія потым прыйшлося аддасьць у калгас. І нешта ў мяне ўнутры падказвала: “гэта ўсё маё, я павінна гэта вярнуць”. Я купіла кінутыя хаты. Спадзявалася, што некаму будзе проста цікава прыехаць, паглядзець і адпачыць. Сена, бліны, дранікі, проста сьвежае паветра. Мы ж толькі пачынаем. У нас усё даволі прымітыўна: мінімум цывілізацыі і максымум свабоды. У мяне былі людзі з Менску, спачатку дзьве жанчыны, якія аб’ехалі ўвесь сьвет. Мы іх пакаталі на кані, звазілі ў цікавае месца Мосар, у дэндрапарк. Яны тут езьдзілі на роварах. Я частавала іх сялянскай ежай, прысмакамі. Яны адпачылі і параілі сваім знаёмым таксама ў нас адпачыць”.

Прычым, цікава, што ідзе, так бы мовіць, узаемаабагачэньне. Людзі, звычайна гараджане, знаходзяць у глушы сапраўды адпачынак, пакой, даведваюцца пра жыцьцё продкаў. Сяляне таксама, акрамя прыбытку, атрымоўваюць эмацыйную, энэргетычную падпітку. Распавядае Юлія Бука з Валодзькавічаў.

(Бука: ) “Гэтыя жанчыны, якія аб’ехалі ўвесь сьвет, сказалі: “Мы ня ведалі сваёй Беларусі. Тут на самай справе ёсьць што паглядзець і дзе адпачыць”. Ведаеце, нам было цікава, што гэтыя людзі разумеюць маю беларускую мову, але ня ведаюць, што такое клёцкі. Пытаюцца: “Дык што, яны з душамі? А што такое душа?” І я чытаю ім “Слоўнік “Свабоды”, дзе Рыгор Барадулін піша пра клёцкі з душамі”. Яны былі ў такі захапленьні!”

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Юля, вы лічыце, што сельскі турызм павінен разьвівацца?”

(Бука: ) “Ой, абавязкова! Гэта ж альтэрнатыва. Правільна, Крым – гэта мора. Але хтосьці не хоча на мора. Там столькі людзей, там натоўп. Я не хачу так адпачываць, гэта мне замінае…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG