Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрыян Сэвэрын рыхтуе новую справаздачу па Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Спэцыяльны дакладчык ААН ў пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын завяршыў працоўную паездку па краінах-суседзях Беларусі, якую ён выкарыстаў для атрыманьня інфармацыі наконт сытуацыі ў Беларусі. Беларускія ўлады па-ранейшаму не пускаюць яго на сваю тэрыторыю, не адказваюць на ягоныя пісьмовыя звароты. МЗС Беларусі выказвае незадаволенасьць зьместам сёлетняй справаздачы спадара Сэвэрына, якая стала асновай для крытычнай рэзалюцыі Камісіі ў правах чалавека ААН па Беларусі. З Адрыянам Сэвэрынам размаўляў наш карэспандэнт.

Камісія ў правах чалавека ААН даручыла Адрыяну Сэвэрыну падрыхтаваць новую справаздачу наконт разьвіцьця сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля сёлетняй крытычнай рэзалюцыі, ухваленай гэтым органам.

Справаздача мусіць быць прадстаўленая на 62-й сэсіі камісіі ў Жэнэве вясной будучага году. Аднак беларускія ўлады адмовіліся спрыяць у падрыхтоўцы гэтай справаздачы, не дапускаючы спадара Сэвэрына на сваю тэрыторыю, нягледзячы на ягоныя актыўныя намаганьні наладзіць дыялёг:

(Сэвэрын: ) “Так, я спрабаваў наладзіць дыялёг зь беларускімі ўладамі. Я па-ранейшаму адкрыты для такога дыялёгу. Рознымі спосабамі я выказваў жаданьне наведаць Беларусь, пагутарыць зь яе ўладамі, я запрашаў прадстаўнікоў беларускіх уладаў на сустрэчы, якія мы арганізоўвалі з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва. Я таксама накіроўваў пісьмовыя запыты беларукаму ўраду, просячы адказаць хаця б пісьмова. Але дагэтуль я не атрымаў ніякай рэакцыі зусім.”

Адрыян Сэвэрын тым ня меней зьбіраецца накіраваць першы чарнавы варыянт сваёй справаздачы ўсім зацікаўленым у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку ўраду самой краіны. І спадзяецца атрымаць заўвагі й камэнтары:

(Сэвэрын: ) “Калі ніякіх камэнтароў ня прыйдзе ад беларускага ўраду, адзінай магчымай інтэрпрэтацыяй гэтага для мяне будзе тое, што ўрад пагаджаецца з інфармацыяй, якую я атрымаў з іншых крыніц”.

Апошняя трывожная інфармацыя зь Беларусі, якую спадар Сэвэрын зьбіраецца праверыць, наконт спробаў беларускіх уладаў выкарыстаць этнічныя праблемы для ўсталяваньня кантролю над грамадзтвам, маючы на ўвазе канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі, а таксама наконт намаганьняў беларускіх уладаў стварыць афіцыйную дзяржаўную ідэалёгію.

(Сэвэрын: ) “Афіцыйная дзяржаўная ідэалёгія характарызуе таталітарныя рэжымы. Бо толькі такія рэжымы хочуць кантраляваць людзкія розумы… Такім чынам, гэта вельмі трывожная рэч.”

Ацэньваючы сытуацыю ў цэлым, спадар Сэвэрын прызнаў, што зыходзячы з той інфармацыі, якую ён мае, зрухаў да лепшага ў сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі няма. Адрыян Сэвэрын мяркуе, што незадаволенасьць беларускіх уладаў ягонай працай выліваецца ў адмову ад дыялёгу і прыводзіць да таго, што іх меркаваньні не ўлічваюцца ў ягоных справаздачах.

(Сэвэрын: ) “Я быў і застаюся аб''ектыўным, нэўтральным, з добрай воляй, і адзінае маё жаданьне паспрыяць незалежнай, свабоднай, заможнай, дэмакратычнай Беларусі”.

Адрыян Сэвэрын на сэмінары Парлямэнцкай асамблеі НАТО ў Вільні выступіў з шэрагам новых ініцыятываў па Беларусі. Ён заклікаў склікаць міжурадавую канфэрэнцыю па праблемах Беларус і стварыць міжнародную праваабарончую групу ў праблемах Беларусі, склікаць групу экспэртаў-юрыстаў у справе зьнікненьня апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, якія маглі б даць ацэнку наяўным фактам і доказам, знайсьці і, магчыма, пакараць вінаватых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG