Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Нью-Джэрсі (Трэнтан)


Ганна Сурмач, Прага (эфір 30 жніўня 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Ірына N., Юля Васіленка, Іна Калатко (Трэнтан, штат Нью-Джэрзі, ЗША).

Амэрыканскі штат Нью-Джэрзі, які знаходзіцца на паўночна-усходнім узьбярэжжы ЗША і мяжуе са штатам Нью-Ёрк, займае выбітнае месца ў гісторыі беларускай эміграцыі. Менавіта там знаходзяцца два вядомыя беларускія грамадзка-культурныя цэнтры – у Нью-Брансвіку і Саут-Рывэры.

Новая беларуская эміграцыя працягвае асвойваць Нью-Джэрзі, і беларуская прысутнасьць там апошнім часам пашырылася на адміністрацыйны цэнтар штату – горад Трэнтан, дзе раней беларусаў амаль увогуле не было.

Амэрыканскі Трэнтан сёньня бадай што можна назваць пабрацімам беларускай Горадні. Гэты горад са 100-тысячным насельніцтвам амаль у два разы саступае Горадні па колькасьці жыхароў, але шмат каго з гарадзенцаў ён вабіць чамусьці больш. Менавіта ў Трэнтане сёньня жыве шмат эмігрантаў з Горадні і Гарадзеншчыны. Новым эмігрантам дапамагаюць старэйшыя, хто прыехалі туды раней. Такім шляхам трапіла ў Трэнтан былая менская студэнтка, родам з Горадні, Ірына.

(Ірына: )”Сябра майго таты жыве тут ужо 8 гадоў, ён сустрэў мяне ў Нью-Ёрку, і я прыехала сюды. Калі я прыехала, я думала, што буду размаўляць толькі на ангельскай мове. Сябра майго бацькі пазнаёміў мяне зь іншымі людзьмі зь Беларусі і калі я спытала, адкуль яны, аказалася, што вельмі шмат людзей з Горадні”.

(Сурмач: )”І пераважна моладзь?”

(Ірына: )”Моладзь, якая прыехала нядаўна, і ёсьць старэйшыя людзі. Ёсьць такія, што працуюць часова, яны прыяжджаюць на заробкі, і праз 2-3 гады вяртаюцца дахаты”.

(Сурмач: ) “Кажуць, што там нават ёсьць цэлая вуліца беларуская, гэта сапраўды так?”

(Ірына: ) “Так, на вуліцы, дзе я жыву і на суседняй, калі ідзеш і бачыш белых людзей, яны альбо з Польшчы, або з Горадні. Калі пытаесься, адкуль яны, і яны кажуць, што зь Беларусі, дык я адразу кажу, што, пэўна, з Горадні. Людзі, якія тут жывуць даўно – 8 ці 10 гадоў, яны заўсёды (я ўспамінаю калі і я прыехала) пытаюцца: "А хто-небудзь у Горадні яшчэ застаўся?"

(Сурмач: ) “Так што Горадня перасяляецца ў Трэнтан?”

(Ірына: ) “Так, і ў ваколіцы Трэнтана”.

(Сурмач: ) “Сама Ірына жыве ў Трэнтане 2 гады. Ірына, якімі былі Вашыя першыя ўражаньні, калі прыехалі ў Амэрыку?”

(Ірына: ) “Я думала, прыеду ў Амэрыку, і тут усё будзе прыгожа. Але, тут усё інакш, чым у нас. Калі я тэлефаную дахаты, мае бацькі, мае сябры, яны думаюць, што тут кругом хмарачосы, усюды толькі прыгожа, можна адразу шмат грошай зарабіць. Але, каб нечага дасягнуць у гэтай краіне, трэба працаваць і працаваць. На вуліцах ня так чыста, як у нас. Людзі зусім іншыя. Няма такога грамадзкага транспарту, як у нас, усе маюць машыны і нават па некалькі”.

(Сурмач: ) “Першыя расчараваньні. Вы пабачылі, што ня ўсё так, як уяўлялася, не захацелася адразу вярнуцца дахаты?”

(Ірына: ) “Першы год я ня ведала, што рабіць, заставацца ці не. Я ж ня скончыла дома акадэмію і думала, што можа паехаць, скончыць і потым вярнуцца сюды”.

(Сурмач: ) “Нешта ўсё ж Вас там прыцягвае, раз засталіся?”

(Ірына: ) “Тут людзі зусім іншыя, яны ведаюць, што яны могуць дабіцца ўсяго ў жыцьці, але для гэтага трэба шмат працаваць. А ў нас, калі ты хочаш працаваць, то вельмі цяжка знайсьці працу і аплата вельмі нізкая. Ты працуеш толькі для таго, каб плаціць за ежу, за сьвятло, за кватэру. А тут ты можаш дазволіць сабе нашмат больш. Я ня так даўно прыехала, але змагла купіць ужо сабе новую машыну. А там я б ніколі гэтага ня мела б”.

(Сурмач: ) “Гэта значыць, што Вы маеце ўжо нейкія заробкі?”

(Ірына: ) “Так, я маю свой уласны бізнэс”.

(Сурмач: ) “І які гэта бізнэс, калі не сакрэт?”

(Ірына: )”Я магу сказаць: я прыбіраю ў дамах, у мяне ёсьць людзі, якія ў мяне працуюць. Працую, і цяпер зьбіраюся ісьці вучыцца ў каледж. Я вучылася ў Беларусі на эканаміста і хачу працягнуць гэтую адукацыю. Каб тут вучыцца, трэба плаціць, вельмі дорага гэта каштуе і таму трэба працаваць”.

(Сурмач: ) “Зь іншымі беларусамі кантактуеце?”

(Ірына: ) “Так, у мяне тут шмат сяброў. На выходныя мы зьбіраемся і езьдзім разам куды-небудзь адпачываць. У мінулыя выхадныя езьдзілі на акіян з намётамі. Новы год мы сустракалі ў Маямі разам зь сябрамі з Горадні”.

(Сурмач: ) “Да беларускіх арганізацыяў у Амэрыцы не далучаецеся?”

(Ірына: ) “Я не, але мой сябра езьдзіў у выхадныя ў Нью-Ёрк на сход БАЗА. Мы езьдзілі таксама ў беларускую царкву”.

(Сурмач: ) “Цяпер у Трэнтан едуць з Горадні і тыя, каму пашанцавала выйграць у амэрыканскай лятарэі на грын-карт. Сям’я Юлі Васіленкі прыехала ў Амэрыку тры гады таму”.

(Васіленка: ) “Быў у нас выбар ехаць ў Чыкага, у Філядэльфію, але ў апошнюю хвіліну вырашылася, што толькі ў Трэнтане нас могуць сустрэць і напачатку троху дапамагчы. Знаёмыя сустрэлі нас на мяжы штату і прывезьлі ў польскі раён, паказалі, дзе ёсьць аб''явы пра арэнду жытла, і ўсё на тым”.

(Сурмач: ) “А з беларусамі потым сустрэліся?”

(Васіленка: ) “Так, сустрэліся. Трэнтан – гэта тая ж Горадня, вельмі цесна тут усе жывуць. Я ня ведаю ў адсотках, колькі тут гарадзенцаў, але шмат, усе адзін аднаго ведаюць ці яшчэ з Горадні, ці тут пазнаёміліся”.

(Сурмач: ) “Вы адчуваеце сябе амаль як дома?”

(Васіленка: ) “Не скажу, як дома, бо людзі ўжо іншыя, інтарэсы іншыя, няма калі бавіць час разам, Але ўсё ж нешта роднае адчуваецца, калі ведаеш, што можаш некаму пазваніць, ці пабачыцца, ці паехаць некуды разам”.

(Сурмач: ) “Юля вучылася на журналістку ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, але скончыла толькі тры курсы. Так што працу давялося шукаць любую, дзе толькі можна было ўладкавацца, тым больш, што ангельскую мову ведала яшчэ недастаткова”.

(Васіленка: ) “Я пайшла ў краму, запоўніла ўсе дакумэнты і атрымала працу, да гэтага часу там працую”.

(Сурмач: ) “Што гэта за праца?”

(Васіленка: ) “Гэта дапамагаеш пакупнікам знайсьці патрэбны тавар, падказаць нешта, параіць – прадавец, але ня толькі, ня толькі ў касе сядзіш, але і кансультуеш”.

(Сурмач: ) “Але гэта кантакты зь людзьмі, як Вас адразу ўзялі на працу зь недастаковым веданьнем мовы?”

(Васіленка: ) “Не адразу, давялося трошку падрыхтавацца, каб узялі. Але узялі і вельмі яны задаволеныя дзяўчатамі беларускімі, расейскімі, з Украіны, бо яны вельмі добра працуюць”.

(Сурмач: ) “Цяпер Юля гадуе маленькую дачку, але працу не пакінула і адміністрацыя крамы ідзе ёй на саступкі, дае магчымасьць працаваць ня поўны працоўны дзень, каб ня страціць добрага супрацоўніка.

Да старэйшага пакаленьня трэнтанскіх гарадзенцаў належыць сям’я Іны і Андрэя Калатко, якія прыехалі ў Амэрыку 8 гадоў таму з двума сынамі і адразу ў Трэнтан.

(Калатко: )”Мой родны брат быў тут, ён тут жыве ўжо 10 гадоў”.

(Сурмач: ) “Гэта якраз тое першае пакаленьне перасяленцаў з Горадні, якія заклалі беларускую прысутнасьць у Трэнтане, а потым прымалі новых эмігрантаў з Бацькаўшчыны”.

(Калатко: ) “Прыяжджаюць, цяпер прыяжджала дачка мужавага сябра, таксама тут засталася, яна ўжо працуе. Так што прыяжджаюць людзі. Мы, гарадзенцы, тут усе падтрымліваем сувязі між сабою. Усе адзін аднаго ведаюць, асабліва нашага ўзросту пасьля 35 гадоў”.

(Сурмач: ) “Шмат эмігрантаў у гэтым горадзе?”

(Калатко: ) “Так, шмат, шмат палякаў, я ведаю, што і чэхі тут ёсьць, але ня шмат. Ёсьць расейцы, але я мала кантактую зь імі”.

(Сурмач: ) “Іна па спэцыяльнасьці, атрыманай ў Беларусі, біёляг, а ейны брат скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут. Аднак па прафэсіі абодва не працуюць”.

(Калатко: ) “Ніхто тут не працуе па сваёй спэцыяльнасьці. Брат працуе, робіць дахі. Ён кажа, што яму гэтая праца больш падабаецца. У яго свая брыгада, свой маленькі бізнэс. У мяне свой сэрвіс, гэта прыбіраньне ў хатах. Канешне, не параўнаць жыцьцё тут і жыцьцё ў нас там. Калі працуеш, можаш дазволіць сабе ўсё, а там у нас нават калі працуеш, нічога не дазволіш”.

(Сурмач: ) “Сем’і старэйшых беларусаў ужо пасьпелі абжыцца на чужыне. Сем’і Іны Калатко і яе брата маюць свае дамы і дастаткова забясьпечаныя матэрыяльна, каб не баяцца за сваю будучыню. Дзеці сп. Іны хутка прывыклі да новага жыцьця”.

(Калатко: ) “Тут ім падабаецца, старэйшы вучыцца ў каледжы, другі яшчэ ў школе. Старэйшы, яму 19 гадоў, ужо і сваю машыну мае, а другому зараз трэба будзе машыну купляць”.

(Сурмач: ) “У Амэрыцы ў сям’і Калатко нарадзіўся яшчэ адзін сын, якому цяпер 5 гадоў. Сп. Іна задаволеная тым, што ў амэрыканскім грамадзтве нашмат больш уважліва ставяцца да дзяцей і іх выхаваньня”.

(Калатко: ) “Параўнаць цяжка з тым, як ў Беларусі, як тут дзеці ў школе выхоўваюцца, і як настаўнікі да іх ставяцца. Настаўнікі ўсе такія добрыя. Тут людзі вырасьлі і выхаваны зусім па іншаму, яны такія ўсе ласкавыя. У мяне сын малодшы ходзіць у дзіцячы садок. Выхавацелі там уважлівыя. Не параўнаць з нашымі, як яны зь дзецьмі абыходзяцца. Там адносіны да дзяцей вельмі добрыя, у нас такога няма. Гэта ідзе з пакаленьня ў пакаленьне, таму людзі нашмат дабрэйшыя, больш уважлівыя адзін да аднаго”.

(Сурмач: ) “Выглядае, што Вы пачуваеце сябе ў тамтэйшым грамадзтве больш камфортна?”

(Калатко: ) “Мне тут больш падабаецца, адчуваеш сябе спакойна. Я, напрыклад, позна ўвечары ў Горадні ня выйшла б на прагулку, а тут ходзіш спакойна, нікога не баісься, ніхто цябе не зачэпіць”.

(Сурмач: ) “Так што Трэнтан і Горадня ня вельмі падобныя?”

(Калатко: ) “Натуральна, жыцьцёвы узровень тут вышэйшы. Амэрыканцы вельмі добра ставяцца, прыхільна, заўсёды размаўляюць і радыя, што нам тут добра. Няма злосьці, зайздрасьці, як часам бывае ў нас. У нас жа там усюды злосьць, усе агрэсіўныя. Зразумела, пры нашым ненармальным жыцьці, калі не хапае грошай, усюды праблемы, бядота, дык хто там усьміхацца будзе. А тут людзі спакойныя, добразычлівыя, усе ўсьміхаюцца. Зусім другое жыцьцё. Так што прывыкаем ужо да гэтага жыцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG