Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ліквідуюць выдаўца газэты “Курьер из Борисова”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня калегія Гаспадарчага суду Менскай вобласьці не задаволіла касацыйную скаргу барысаўскага недзяржаўнага прадпрыемства “Прэс-сэрвіс”. Нагадаем, што 24 жніўня гэты суд пастанавіў зьліквідаваць “Прэс-сэрвіс” які зьяўляецца заснавальнікам газэты “Курьера из Борисова”.

Як паведаміў на судовым паседжаньні старшыня калегіі Зьміцер Аляксандраў, “Прэс-сэрвіс” вырашыў аспрэчыць папярэдні вэрдыкт Менскага абласнога гаспадарчага суду. 24 жніўня судзьдзя Тамара Бенчук задаволіла пазоў Менскага аблвыканкаму, які зьвярнуўся з ініцыятывай зьліквідаваць заснавальніка незалежнай газэты “Курьер из Борисова”.

Сёньня кіраўнік “Прэс-сэрвісу” Анатоль Удавічэнка паведаміў судовай калегіі, што той вэрдыкт неабгрунтаваны. Прадпрыемства, паводле ягоных словаў, тры гады працавала без парушэньняў заканадаўства. У сваю чаргу, прадстаўнік юрыдычнага ўпраўленьня аблвыканкаму Андрэй Лагачоў пацьвердзіў ранейшую пазыцыю, што “Прэс-сэрвіс”, маўляў, тры гады таму парушыў парадак пры рэгістрацыі, а таму яна павінна быць скасаваная.

Калегія на чале са спадаром Аляксандравым падтрымала гэтую ініцыятыву і адхіліла скаргу барысаўскага прадпрыемства. Між тым, Анатоль Удавічэнка лічыць, што такое рашэньне мае палітычную афарбоўку:

(Удавічэнка: ) “Гэта сам факт наяўнасьці ў горадзе газэты, якая піша пра тое, што адбываецца. Гэта шмат каму не падабаецца. Гэта перш за ўсё выканкаму не падабаецца. Іх структурам. Так званай нашай уладзе. Вось і ўся прычына”.

Паводле спадара Удавічэнкі, сёньняшняе рашэньне азначае, што застаецца ў сіле папярэдняе рашэньне гаспадарчага суду. Паводле яго, “Прэс-сэрвіс” павінны зьліквідаваць да 1 студзеня 2006 году. Старшынём ліквідацыйнай камісіі суд прызначыў кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня Менскага аблвыканкаму Тацьцяну Дзедух. Разам з тым, ужо цяпер дзейнасьць барысаўскага прадпрыемства будзе замарожаная. Прававым наступствам сёньняшняга рашэньня гаспадарчага суду зьяўляецца спыненьне выхаду “Курьеру из Борисова”. Гаворыць яе рэдактар Людміла Атчанашанка:

(Атчанашанка: ) “Тое, што здарылася, не было для нас зьнянацку. Мы не дажылі да свайго юбілею 5 месяцаў. Нам было б 10 гадоў. Былі пляны вялікае сьвята зрабіць. І склікаць усіх чытачоў і падпісчыкаў. Але нас закрылі і ўсё. Цяпер мы ўжо не зможам ім патлумачыць”.

Як паведаміла спадарыня Атчанашанка, апошні нумар “Курьеру из Борисова” быў выдадзены ў нядзелю 25 верасьня. У гэтым нумары надрукавана і інтэрвію з намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыяй журналістаў Эдуардам Мельнікавым, які гэтак пракамэнтаваў сёньняшняе рашэньне гаспадарчага суду:

(Мельнікаў: ) “"Курьер из Борисова" – гэта нармалёвая газэта, якая жыхарам Барысава і барысаўскай акругі давала аб''ектыўную інфармацыю, што робіцца ў рэгіёне, што робіцца на прадпрыемствах, што думаюць людзі, давала рэкляму. Што тут шкоднага? Але ўладам і гэта перашкаджае. Гэта ня першы выпадак. Таму што па ўсёй Беларусі за два апошнія гады больш як два дзесяткі газэт былі закрытыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG