Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NRM выступіць з канцэртамі ў Нямеччыне


Алена Струвэ, Менск Стваральнік нямецкага інтэрнэт-сайту belarusnews.de Максім Грушавы ў хуткім часе прадставіць у Бэрліне і Дрэздэне свой новы праект “Крык пра свабоду” з удзелам беларускага рок-гурту NRM. Акцыю падтрымлівае нямецкая культурна-палітычная ініцыятыва “Pro aktiv ”, а таксама нямецкая амбасада ў Менску.

На афішах, якія зьявіліся ў апошнія два тыдні ў шэрагу нямецкіх гарадоў ды ў артыкулах мясцовай прэсы, зьмешчаная інфармацыя пра канцэрты NRM, а таксама цытуюцца словы ягонага кіраўніка Лявона Вольскага: “Нашыя канцэрты вельмі эмацыйныя. Можна адразу ўбачыць, што мы паходзім з краіны, у якой яшчэ ёсьць нешта, за што варта змагацца. І гэта ёсьць чымсьці больш сур''ёзным за барацьбу супраць McDonalds”.

Паводле Максіма Грушавога, гурт NRM, на жаль, невядомы ў Нямеччыне. Апошнія два тыдні робіцца шмат рэклямы будучым канцэртам. Адмыслова да сольнага выступу Лявона Вольскага, які адбудзецца ў бэрлінскім клюбе Akkut і ў якім возьмуць удзел прадстаўнікі нямецкай філіі “Міжнароднай Амністыі”, будзе выдадзены пераклад ягоных некаторых песень на нямецкую мову. Нямецкія арганізатары акцыі, імкнуцца да таго, каб ўсе тры канцэрты NRM былі адрозныя адзін ад аднаго.

Гаворыць адзін з арганізатараў канцэртаў Максім Грушавы, вядомы ў Нямеччыне як стваральнік Інтэрнэт-сайту belarusnews.de, які інфармуе жыхароў Нямеччыны пра падзеі ў Беларусі.

(Грушавы: ) “Мы арганізуем гэтую акцыю сумесна зь нямецкім журналістам Інгам Петц. Разам зь ім мы вось ўжо год у межах belarusnews.de працуем над праектам “Das neue Gesicht von Belarus” – “Новы твар Беларусі”. Гэта спроба больш наблізіць немцаў да Беларусі, галоўным чынам праз культуру. Зразумела, ў гэтага праекту ёсьць палітычная афарбоўка. Бо турнэ NRM называецца “Schrei nach Freiheit” альбо “Крык пра свабоду” І вельмі сымбалічна, што першы канцэрт адбудзецца 3-га кастрычніка, у дзень нацыянальнага сьвята Нямеччыны. Гэта культурніцкая акцыя мае на мэце набліжэньне Беларусі да ўсё астатняй Эўропы і азначае – “Прэч ўсе сьцены, усе бар’еры!”

Апошні канцэрт беларускага гурту NRM адбудзецца 7 кастрычніка ў Дрэздэне. Акцыю падтрымлівае нямецкая культурна-палітычная ініцыятыва “Pro aktiv ”, а таксама нямецкая амбасада ў Менску, якая прадставіла ўсім удзельнікам канцэртаў бясплатныя візы. Над канцэртнымі афішамі працавалі беларускія мастакі.
XS
SM
MD
LG