Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Скрабца перавялі ў турэмны шпіталь


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта Радыё Свабода 26 верасьня паведаміў адвакат экс-дэпутата Алег Дубавец. Калі сёньня ён прыйшоў у менскі ізалятар часовага ўтрыманьня, так званую Валадарку, яму паведамілі, што Сяргей Скрабец – вядомы апазыцыйны палітык, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня – пераведзены ў рэспубліканскі турэмны шпіталь па вуліцы Кальварыйскай.

Стан здароўя Сяргея Скрабца, які ўжо трэці тыдзень трымае другую галадоўку, прымусіў лекараў з Валадаркі накіраваць яго ў турэмны шпіталь. Адвакат былога парлямэнтара Алег Дубавец пацьвярджае гэты факт:

(Дубавец: ) “Яго перавялі ў Рэспубліканскі шпіталь. Лечыцца там”.

На маё пытаньне, ці працягвае Скрабец галадаваць, юрыст гаворыць, што ён ня мае дакладнага адказу:

(Дубавец: ) “Я не магу цяпер дакладна сказаць. На мінулым тыдні ён галадаваў. Але цяпер яго перавялі ў шпіталь. Магчыма, яго цяпер там лечаць”.

Ня маюць дакладных зьвестак і родныя былога дэпутата. Ім дазваляюць наведваць яго толькі раз на месяц. Маці і дачка Сяргея Скрабца скарысталіся гэтым правам яшчэ на пачатку верасьня.

Адвакат Дубавец цяпер вывучае крымінальную справу свайго падабароннага, якая ахоплівае аж 35 тамоў. Юрыст думае, што яна можа патрапіць у суд ужо праз два-тры тыдні.

Маці Сяргея Скрабца Ніна Рыгораўна ўпэўненая ў сумленнасьці свайго сына. Яна размаўляла са сьледчым у асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Вячэславам Цераховічам, які вядзе гэтую справу:

(Ніна Скрабец: ) “Я яму кажу: можаце верыць, можаце – не, але мой сын капейкі не прынёс з гэтых грошай. Вы хочаце выставіць яму абвінавачаньне ў крадзяжы? Які крадзеж!? У яго ёсьць трохпакаёўка. Першы ўнёсак на яе далі мы з мужам і бацькі Аляксандры – Сяргеявай жонкі. Мы ўсё жыцьцё ірвалі жылы, каб неяк ім дапамагчы, жыць нармалёва і дзяцей утрымліваць. Мы з бацькам”.

Малодшы брат Сяргея Скрабца – Аляксандар, які праходзіць саўдзельнікам ва ўсіх справах брата, але адрозна ад Сяргея, знаходзіцца на волі, гаворыць, што апошнія два тыдні ён знаёміцца з крымінальнай справай. Ён цьвердзіць, што завершыць азнаямленьне ўжо на гэтым тыдні.

***

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу – тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом "БелБабаеўскі". Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры й абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур''ера, які вёз зь Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG