Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарыя прыадчыніла дзьверы для новых сяброў Эўразьвязу


Юры Дракахруст, Прага Учора швайцарскія грамадзяне прагаласавалі на рэфэрэндуме за тое, каб дазволіць грамадзянам новых дзесяці краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу жыць і працаваць у Швайцарыі. Першапачаткова прыблізна тры тысячы імігрантаў будуць штогод атрымліваць дазвол на працу ў Швайцарыі.

За тое, каб адчыніць нацыянальны рынак працы для людзей з новых 10 краінаў Эўразьвязу, учора прагаласавала 56% выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні. Яўка склала 54%.

Прэсавы сакратар Эўразьвязу Франсуаз Ле Бэйль заяўляе, што Зьвяз вітае рашэньне Швайцарыі. Спадарыня Бэйль выказала асаблівае задавальненьне тым, як шырока і свабодна праходзіла абмеркаваньне пытаньня, вынесенага на плебісцыт.

(Ле Бэйль: ) "Гэта вельмі добра. Гэта важны рух, бо вынік рэфэрэндуму адпавядае Дублінскаму і Шэнгенскаму пагадненьням. І гэта вельмі добра для швайцарскіх грамадзянаў і для грамадзянаў краінаў зьвязу, бо гэта скасоўвае кантроль на мяжы".

У чэрвені швайцарцы таксама на рэфэрэндуме ўхвалілі далучэньне краіны да Дублінскага і Шэнгенскага пагадненьняў, якія ўводзяць бязьвізавы рэжым паміж краінамі-удзельніцамі пагадненьняў.

Напярэдадні ўчорашняга галасаваньня ўрад выступіў з заявай, што калі гэты рэжым ня будзе распаўсюджаны на краіны, якія летась уступілі ў Зьвяз, то Эўразьвяз прыме меры ў адказ адносна Швайцарыі.

Некаторыя правыя палітыкі і прафсаюзы абвінавацілі ўрад у ціску на выбаршчыкаў. Паводле іх, калі адкрыць межы працаўнікам з Усходу, яны затопяць краіны, і гэта пагоршыць становішча карэнных жыхароў.

Аднак прадстаўнікі Эўразьвязу кажуць, што заява швайцарскага ўраду – не пагроза, а канстатацыя факту – Швайцарыя, 60% экспарту якой прыпадае на краіны Зьвязу, ня можа дазволіць сабе ізалявацца ад аб''яднанай Эўропы.

Камісар Эўразьвязу ў пытаньнях занятасьці, былы прэм''ер-міністар Чэхіі Ўладзімер Шпідла заявіў, што ўзрадаваны рашэньнем швайцарцаў, якія апроч іншага паказалі, што ўспрымаюць новыя краіны-сябры Эўразьвязу як паўнавартасных сяброў аб''яднанай Эўропы. Спадар Шпідла падкрэсьліў, што перасьцярогі наконт масавага наплыву таннай працоўнай сілы надзвычай перабольшаныя.

(Шпідла: ) "Паводле досьведу, раней насамрэч не было аніякага значнага прытоку працоўнай сілы. Калі да Эўразьвязу далучыліся Гішпанія і Партугалія, гэтага не адбылося. Калі глядзець на статыстыку міграцыяў паміж краінамі-сябрамі Зьвязу, бачна, што гэты эфэкт зьяўляецца нязначным".

Вынікі ўчорашняга рэфэрэндуму кантрастуюць з высновай рэфэрэндуму 2001 году, калі 77% швайцарцаў выказаліся супраць нават пачатку перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз. Аднак прафэсар паліталёгіі Цюрыхскага ўнівэрсытэту Даніэль Кублер лічыць, што ўчорашняе галасаваньне не азначае, што швайцарцы адмаўляюцца ад сваіх традыцыйных незалежнасьці і нэўтралітэту, якіх яны трымаліся сотні гадоў.

(Кублер: ) "Швайцарыя, сказаўшы “так”, нэўтралізуе ціск на сябе ў накірунку далучэньня да Эўразьвязу".

Прафэсар Кублер лічыць, што ўчорашнім галасаваньнем народ умацаваў сваю незалежнасьць, бо гэта дазваляе знайсьці Швайцарыі мейсца ў новай Эўропе, у той жа час захоўваючы магчымасьць супрацьстаяць “прыцягненьню” пашыранага Эўразьвязу.

Вынік ўчорашняга рэфэрэндуму не азначае, што цяпер любы чалавек з Польшчы, Чэхіі, Славеніі ці Кіпру можа проста прыехаць у Швайцарыю і пасяліцца там. Першапачаткова квота на працоўных мігрантаў складзе 3000 чалавек штогод.
XS
SM
MD
LG