Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі выбараў у Польшчы – магчымае пагаршэньне стасункаў зь Менскам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Паводле ўсё яшчэ няпоўных дадзеных (атрыманых з 90% выбарчых камісіяў) у Польшчы ў выніку парлямэнцкіх выбараў адбылася радыкальная зьмена ўлады – правацэнтрысты зьмянілі ва ўладзе посткамуністаў. Правыя кажуць пра канец “пэрыяду посткамунізму” ў Польшчы і абяцаюць рэфармаваць эканоміку і дзяржаўны апарат, адмыслоўцы заяўляюць пра магчымае пагаршэньне дачыненьняў з афіцыйным Менскам.

(Качыньскі: ) “У часе перадвыбарчай кампаніі мы нярэдка аказваліся ў цяжкай сытуацыі і здавалася, што гэта ня мае сэнсу, але варта было ісьці да канца. Цяпер мы атрымалі ў якасьці ўзнагароды давер грамадзтва”, – цяжка зьдзіўляцца аптымізму, што гучаў у словах Яраслава Качынскага лідэра партыі “Закон і справядлівасьць”.

Яшчэ два тыдні таму большасьць назіральнікаў лічылі, што пераможа іншая партыя – лібэральная “Грамадзянская плятформа”, але цяпер гэта менавіта Яраслаў Качынскі сфармуе новы ўрад.

“Грамадзянская плятформа”, як другая сіла ў парлямэнце атрымае пасаду віцэ-прэм''ера, сьпікера Сэйму і частку міністэрскіх партфэляў. Абедзьве правацэнтрысцкія партыі не сумняюцца ў тым, што іхная ўрадавая кааліцыя будзе моцнай. Агулам у Сэйме гэтыя дзьве партыі маюць 285 манадатаў, што больш чым дастаткова, каб кіраваць краінай, не азіраючыся на іншыя палітычныя сілы, а апазыцыя будзе занадта слабай, каб ўплываць на сытуацыю ў Сэйме.

У дадатак, у Сэнаце “Грамядзянская плятформа” і “Закон і справядлівасьць” маюць яшчэ больш значную перавагу.

У апазыцыі будзе і кіруючы цяпер Саюз левых дэмакратаў (СЛД), лідэры якога цешыліся, што іхная партыя ўвогуле патрапіла ў парлямэнт з 11% падтрымкай, бо пасьля чатырох гадоў кіраваньня посткамуністы амаль цалкам згубілі давер палякаў.

(Алейнічак: ) “Гэта добры вынік для нашай партыі”, – заявіў лідэр СЛД Войцех Алейнічак.

Паводле аднаго зь лідэраў “Грамадзянскай плятформы” Яна Ракіты такі вынік посткамуністаў сьведчыць пра “канец пэрыяду посткамунізму ў Польшчы”.

Новы ўрад мае намер рэфармаваць сыстэму дзяржаўнага кіраваньня правесьці падатковую рэформу. І тут адмыслоўцы бачаць галоўную небясьпеку для кааліцыі, бо “Закон і справядлівасьць” і “Грамадязнская плтформа” маюць розныя погляды ў справе падаткаў.

(Квасьнесўкі: ) “Ужо ў бліжэйшыя дні можна чакаць праграмных спрэчак паміж дзьвюма галоўнымі партыямі, бо іхныя праграмы, прынамсі што тычыцца гаспадаркі, значна адрозьніваюцца”, – заявіў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, які ўжо ў аўторак пачне кансультацыі зь пераможцамі выбараў у справе стварэньня новага ўраду.

Паводле адмыслоўцаў, можна чакаць, што новы польскі ўрад зойме больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам. Пра гэта неаднойчы заяўлялі лідэры і “Грамадзянскай плятформы” і “Закону і справядлівасьці”, таму, як лічыць экспэрт варшаўскага цэнтру Міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смаліньскі, на пачатку кіраваньня новага ўраду магчымае далейшае пагаршэньне польска-беларускіх дачыненьняў.

(Бародзіч-Смаліньскі: ) “Новы ўрад будзе мець і больш шырокае поле для манэўру што тычыцца размоваў з Расеяй. Посткамуністаў увесь час падазравалі ў тым, што яны саступаюць расейцам, таму левыя мусілі быць вельмі асьцярожнымі. Правым гэта не пагражае”, – заявіў спадар Бародзіч-Смаліньскі.

Канчатковыя афіцыйныя вынікі парлямэнцкіх выбараў у Польшчы будуць аб''яўленыя ў аўторак. Адметна, што ў часе галасаваньня, якое адбывалася на 25 тысячах выбарчых участкаў, парушэньняў закону не было заўважана.
XS
SM
MD
LG