Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працягваецца галадоўка прадпрымальніц у Берасьці (абноўлены)


Алег Супрунюк, Берасьце Прадпрымальніцы Любоў Лаўруковіч і Любоў Рэзановіч, якія пачалі галадоўку 20 верасьня, па-ранейшаму ў такі спосаб пратэстуюць супраць дзеяньняў падатковай інспэкцыі, якая прымушае дадаткова сплаціць у бюджэт дзясяткі мільёнаў рублёў у якасьці так званага рэспубліканскага збору.

Нягледзячы на пагаршэньне стану здароўя і Любоў Лаўруковіч, і Любоў Рэзановіч кажуць, што пакуль не зьбіраюцца прыпыняць галадоўку. Акцыю пратэсту яны ладзяць у хатніх умовах. Спадарыня Лаўруковіч, ад якой патрабуюць дадаткова сплаціць у бюджэт прыблізна 30 мільёнаў рублёў, распавяла пра ўмовы, паводле якіх галадоўка можа быць спыненая.

(Лаўруковіч: ) “Так, мы чакаем, каб альбо па-іншаму трактавалі, альбо адмянілі гэтае рашэньне. І далі нам паперу ў рукі, што рашэньне адмененае ў наш бок”.

Рашэньне, пра якое кажа спадарыня Лаўруковіч, тычыцца дзеяньняў падатковай інспэкцыі, якая абавязвае берасьцейскіх уладальнікаў таксовак сплаціць рэспубліканскі збор за выкарыстаньне аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах. Паводле меркаваньня падатковых службаў, прадпрымальнікі павінны сплаціць ад 20 да 50 мільёнаў рублёў нават за тыя машыны, што ўвезеныя за два гады да ўсталяваньня рэспубліканскага збору.

Пра немагчымасьць сплаціць гэты збор на падобных умовах заявіла выканаўчы дырэктар Саюзу прадпрымальнікаў Берасьцейскай вобласьці Ніна Карпінчык:

(Карпінчык: ) “Ясна, што народ не пацягне гэтыя зборы заднім чыслом. Натуральна, што заднім чыслом ні ў адной краіне сьвету іх не спаганяюць”.

Калегі галадоўніц 26 верасьня перадалі ў Берасьцейскі аблвыканкам заяву, у якой заклікаюць улады адмяніць санкцыі супраць прадпрымальнікаў, у тым ліку і спробы арышту аўтамабіляў, за якія нібыта трэба сплаціць дадатковы збор у бюджэт.

У выпадку ігнараваньня сваіх патрабаваньняў гэтыя ўладальнікі таксовак зьбіраюцца далучыцца да ўдзельнікаў галадоўкі.
XS
SM
MD
LG