Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму некаторыя фільмы не патрапілі на Нацыянальны фэстываль у Берасьці?


Галіна Абакунчык, Менск У Берасьці праходзіць пяты Нацыянальны фэстываль беларускіх фільмаў. Удзел у кінафоруме бяруць каля трыццаці дакумэнтальных і пяць мультыплікацыйных фільмаў. За першую прэмію, “Крыштальнага бусла”, спаборнічаюць таксама мастацкія кінастужкі — “Анастасія Слуцкая”, “Бальная сукенка”, “Вам заданьне”, “Дунечка”, “Яшчэ раз пра вайну” і “Глыбокая плынь”. Аднак шэраг работ беларускіх кінэматаграфістаў, вядомых за мяжой, у айчынным фэстывалі ня ўдзельнічаюць.

Работа маладога кінэматаграфіста Андрэя Кудзіненкі “Плянэта 20” не патрапіла яшчэ на папярэднія фэстывалі, хаця яго рэкамэндавала адмысловая адборачная камісія. Фільм “Акупацыя. Містэрыі”, які стаў уладальнікам прэміяў шматлікіх міжнародных фэстываляў, але забаронены для шырокага пракату на тэрыторыі краіны, на берасьцейскі кінафорум таксама запрошаны ня быў. Але спадар Кудзіненка кажа, што гэта яго не засмучае:

(Кудзіненка: ) “Я б не паехаў, калі б мяне нават запрасілі. Мне не падабаецца гэты фэстываль, бо яго арганізоўвае Міністэрства культуры і запрашае толькі тых, каго хоча бачыць. Ніякага там прэстыжу няма, бо гэта не фэстываль, а справаздача такая”.

Па-за рамкамі фэстывальнага конкурсу засталіся таксама дакумэнтальныя стужкі “Васіль Быкаў. Рэквіем” Ірыны Пісьменнай і “Вяртаньне” Віктара Корзуна, які таксама прысьвечаны Васілю Быкаву. Гэты фільм з посьпехам прайшоў на многіх кінапляцоўках Украіны, Літвы й Польшчы. Аднак на радзіме па-ранейшаму застаецца забаронены, і вось зь якой прычыны:

(Корзун: ) “Для ўладаў яны проста шкодныя — вось і ўсё. Хоць гэта мастацкая кінастужка, хоць дакумэнтальная — зразумела, што ў іх праўда. Дык для ўладаў гэта самае страшнае, вось яна й баіцца. А народ проста ня ведае, што такое кіно ёсьць”, — мяркуе рэжысэр Віктар Корзун.

Не запрошаныя на сьвята кіно таксама іншыя работы і вядомыя кінамайстры. Да прыкладу, апэратарка Тацяна Логінава, якая працавала над здымкамі “Настасьсі Слуцкай”. Як вынік, айчынны кінафэстываль займеў невысокі мастацкі ўзровень, кажа вядомы кінакрытык Аля Бабкова.

(Бабкова: ) “За ўсе чатыры фэстывалі, якія адбываліся ў Берасьці, на маю думку, я не магу назваць ніводнай мастацкай стужкі, якая б адпавядала высокаму ўзроўню. Таму на гэтым фэстывалі спаборнічае адна нецікавая стужка зь іншай. Толькі аднойчы, на маю думку, было справядлівае рашэньне, калі мастацкаму фільму не прысудзілі галоўнага прызу. І хоць кожны раз “Крыштальнага бусла” нехта атрымлівае, але насамрэч, гэта стужкі, за якія няёмка за іхны мастацкі ўзровень”.
XS
SM
MD
LG