Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмаўляецца ад "экспарту рэвалюцыі" ў Беларусь?


Юры Сьвірко, Кіеў Шэф беларускага МЗС нанёс знакавы візыт у Кіеў, дзе яму ўпершыню пасьля памаранчавай рэвалюцыі не сказалі нічога непрыемнага. Прыезд Сяргея Мартынава ва Ўкраіну суправаджаўся двума дыпляматычнымі скандаламі, зьвязанымі з паведамленьнем МЗС Беларусі пра гэты візыт, але меў вынікам канстатацыю “сяброўства” Менску з Кіевам і адмовы ўкраінскага кіраўніцтва ад “экспарту рэвалюцыі” у Беларусь.

Візыт міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава ў Кіеў быў узгоднены адразу пасьля зацьвярджэньня новага прэм''ер-міністра Юрыя Еханурава. Ягонай папярэдніцы Юліі Цімашэнцы так і не давялося зьезьдзіць у Менск, хаця пра гэта дамовіліся Віктар Юшчанка й Аляксандар Лукашэнка.

Цяпер кіраўнікі МЗС Беларусі ды Ўкраіны дамовіліся пра тое, што ў наступным месяцы ў Менск паедзе спадар Еханураў, і таксама ў кастрычніку пройдзе сустрэча спадароў Лукашэнкі й Юшчанкі. Чакаецца, што гэтая сустрэча пройдзе каля беларуска-ўкраінскай мяжы – або на Чарнобыльскай АЭС, або ў Гомелі. Пра гэта паведаміў на супольнай зь беларускім міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым прэсавай канфэрэнцыі шэф МЗС Украіны Барыс Тарасюк. “Гэта будзе кароткая рабочая сустрэча”, – заявіў спадар Тарасюк.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, Барыс Тарасюк паведаміў, што ўжо на гэтым тыдні ў Кіеве пройдзе ягоная сустрэча з сакратарамі радаў бясьпекі Беларусі й Польшчы. На просьбу ўдакладніць, ці выступіць ён як пасярэднік ва ўрэгуляваньні польска-беларускага канфлікту, спадар Тарасюк адказаў:

(Тарасюк: ) “Што тычыцца трохбаковай сустрэчы, якая мае адбыцца ў Кіеве ў чацьвер, дык асноўная мэта яе палягае ў тым, каб абмяняцца думкамі што да ўмацаваньня супрацоўніцтва ў трохбаковым фармаце ў памежных рэгіёнах”.

Нагадаю, што раней прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка казаў пра пасярэдніцтва Кіева менавіта ў канфлікце паміж Менскам і Варшавай вакол Саюзу палякаў на Беларусі.

Візыт у Кіеў Сяргея Мартынава меў асаблівасьці. Беларускім МЗС было абвешчана, што ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам і сьпікерам Вярхоўнай Рады Ўладзімерам Літвіном. Аднак кіраўнік аддзелу акрэдытацыі прэзыдэнцкай прэсавай службы Алег Кошалеў заявіў мне, што сустрэчы спадароў Юшчанкі й Мартынава ня будзе. А сьпікер Літвін зьехаў з двухдзённым візытам у Харватыю, таму беларускага міністра прымаў першы віцэ-сьпікер. У прэсавай службе ўкраінскага прэм’ера таксама заявілі, што ніякіх сустрэчаў сёньня не плянуецца.

Апрача такога дыпляматычнага скандалу з узроўнем сустрэчаў, МЗС Беларусі стварыла яшчэ адзін. У анонсе гэтага візыту на афіцыйным сайце апублікавалі даведку, дзе зазначалася: “Аднак пасьля “аранжавай рэвалюцыі” адбылося заўважнае ахалоджваньне беларуска-ўкраінскіх адносін у палітычнай сфэры. Украінскім бокам зьдзейсьнены шэраг антыбеларускіх дэмаршаў як у аднабаковым парадку, гэтак і ў рамках міжнародных арганізацыяў. З чэрвеня 2005 году Ўкраіна стала цалкам падтрымліваць замежнапалітычны курс Эўрапейскага Зьвязу”.

Пасьля таго, як гэты абзац заўважылі ў Кіеве, ён хутка зьнік з сайту беларускага МЗС.

Таму я спытаўся ў міністра Мартынава, чаму ён зьнік, чаму перад гэтым зьявіўся й ці паўшчуваў ён Барыса Тарасюка за антыбеларускія дэмаршы. Вось які адказ даў Сяргей Мартынаў:

(Мартынаў: ) “Сябрам ушчуваньняў ня робяць. Мы гэта нават не абмяркоўвалі сёньня. Прычыны таго, пра што вы кажаце, зусім відавочныя. Праблемы, якія мелі месца ў пачатку году, натуральна, не маглі быць пакінутыя бяз нашай увагі. А сёньняшні візыт, я думаю, – адлюстраваньне зусім іншага ўзроўню й характару адносінаў. І ён сам па сабе ёсьць адказам на вашае пытаньне”.

Украінскія палітолягі яшчэ не пасьпелі асэнсаваць гэтую заяву пра сяброўства Беларусі ды Ўкраіны й пра тое, што за праблемы мелі месца ў пачатку году. Дырэктар цэнтру сацыяльных дасьледаваньняў “Сафія” Андрэй Ермалаеў нагадаў, што “з Украіны неаднаразова ішлі мэсыджы пра тое, што Беларусь – антыдэмакратычная краіна. Прыгадаем неаднаразовыя заявы Ўкраіны аб тым, што на сытуацыю ў Беларусі трэба ўзьдзейнічаць, што трэба неяк уплываць на дэмакратызацыю працэсаў у краіне”.

Сапраўды, такія заявы шмат разоў гучалі сёлета з вуснаў міністра замежных справаў Украіны Барыса Тарасюка, які гарантаваў, што Кіеў будзе пастаянна нагадваць Менску аб правах чалавека. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі выканаўца абавязкаў міністра Барыс Тарасюк пералічыў шмат пытаньняў, якія абмяркоўваліся зь беларускім калегам, аднак правоў чалавека сярод іх не было.

Больш за тое, на пытаньне найбольш блізкай да прэзыдэнта Юшчанкі газэты "Україна молода", якой ён бачыць ролю Ўкраіны ў далейшай дэмакратызацыі Беларусі, Сяргей Мартынаў адказаў гэтак:

(Мартынаў: ) “Беларусь як сувэрэнная дзяржава сама вызначыцца з працэсамі ўнутры свайго грамадзтва й не патрабуе вонкавай дапамогі – пры ўсёй павазе да нашай брацкай Украіны”.

А кіраўнік украінскага МЗС Барыс Тарасюк пазьней дадаў, што гэта “сапраўды сувэрэннае права Беларусі” й тут можна гаварыць хутчэй пра іншае: “Назавём гэта так – сяброўскае ўзаемадзеяньне”. Калі Сяргей Мартынаў ужо зьехаў з МЗС Украіны на сустрэчу зь першым віцэ-сьпікерам Вярхоўнай Рады Адамам Мартынюком, спадара Тарасюка атачылі зьдзіўленыя кіеўскія журналісты. І ён вымушаны быў сказаць, што Ўкраіна гатовая дзяліцца досьведам зь Беларусьсю, у тым ліку ў працэсах дэмакратызацыі, а яшчэ са спадаром Мартынавым усё ж абмяркоўвалі тэмы выкананьня Беларусьсю сваіх забавязаньняў у АБСЭ.
XS
SM
MD
LG