Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Дарэмна Лукашэнка праявіў мяккацеласьць і дазволіў правесьці апазыцыйны кангрэс у Менску”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 25 верасьня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Дачыненьні паміж уладай і апазыцыяй — тэма многіх лістоў, якія дасылаюць у рэдакцыю слухачы “Свабоды”. Асабліва шмат развагаў на гэты конт цяпер, калі апазыцыйныя палітыкі рыхтуюцца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, што мае адбыцца ў Менску ў наступныя выходныя. Свой адметны погляд і на апазыцыю, і на кангрэс у нашага слухача Леаніда Конкіна зь Менску. У сваім лісьце ён піша:

“Апазыцыянэры ўвесь час скардзяцца: няма ў Беларусі дэмакратыі, ня тая эканоміка, беднае жыцьцё, несправядлівыя выбары. І на мітынгах іх б’юць, і на тэлебачаньне не пускаюць… Калі ім усё ў Беларусі так кепска — чаму ж яны тут працягваюць жыць? Няхай зьяжджаюць на свой улюбёны Захад і там змагаюцца супраць дыктатуры за правы чалавека. Але, напэўна, там сваіх крыкуноў хапае: беларускія ім не патрэбныя. Дарэмна Лукашэнка праявіў мяккацеласьць: дазволіў апазыцыі сабарацца ў Менску, нават палац ім дзеля гэтага даў. Ясна ж, чым яны там будуць займацца і што казаць пра ўладу. Няхай бы ехалі ў Кіеў і там муцілі ваду. На месцы Лукашэнкі, я б ужо даўно іх выгнаў з краіны — усіх гэтых крыкуноў і незадаволеных. Баба з возу — каню лягчэй”.

А вы не задумваліся, спадар Конкін, што гэтыя людзі таксама грамадзяне Беларусі? Што яны нарадзіліся на гэтай зямлі і маюць такое ж, як і вы, права, жыць і працаваць на ёй, мець уласныя палітычныя схільнасьці і адстойваць іх? Чаму яны, а ня вы, павінны пакідаць радзіму, калі іхныя погляды не супадаюць з вашымі?

Аднаго разу ў колішнім Савецкім Саюзе ўлада ўжо паспрабавала пазбавіцца ад усіх, хто думае ня так, як бальшавіцкія правадыры. Ці памятаеце, спадар Конкін, якім быў вынік? Мільёны самых адукаваных і заможных людзей сталі эмігрантамі. І яшчэ мільёны тых, якія не захацелі эміграваць, альбо самі былі часткай бальшавіцкай сыстэмы і служылі ёй, ператварыліся ў лягерны пыл у ГУЛАГу, трапіўшы ў жорны дыктатарскага рэжыму.

На тэму хуткага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім апазыцыя зьбіраецца назваць імя адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, выказаўся ў сваім лісьце і наш сталы слухач з Гомелю Анатоль Жэрдзеў:

“Усім добра зразумела, што ніякіх выбараў у сапраўднасьці ня будзе. Улада і надалей працягне ганьбіць апазыцыю, кажучы, што тая рвецца да ўлады, каб потым прадаць народ акулам імпэрыялізму. У гэтых умовах, на мой погляд, варта было б увогуле нікога не вылучаць на ролю адзінага кандыдата, а заклікаць грамадзтва галасаваць за любога, апроч адной усім вядомай асобы. Ужо сёньня трэба тлумачыць людзям, што адзінае выйсьце з гэтага кола — даказаць усяму сьвету несправядлівасьць улады, зрабіўшы выбары несапраўднымі. Дзеля гэтага трэба, каб усе ўдзельнікі выбараў, якія хочуць зьмены ўлады, сапсавалі бюлетэні, адарваўшы ад іх тую частку, дзе ёсьць подпісы сябраў камісіі. І адарваную частку захавалі дзеля перадачы ў міжнародны трыбунал у якасьці доказу фальшаваньня выбараў”.

Спроба ажыцьцявіць нешта падобнае была ўжо на мінулых парлямэнцкіх выбарах, спадар Жэрдзеў. І наўрад ці выпадае назваць яе ўдалай. Тых, хто адважваўся разарваць бюлетэні, запалохвалі, спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Зьведалі перасьлед і тыя, хто заклікалі да падобнай акцыі. Усё тое можа паўтарыцца і на гэтых выбарах. Відавочна, на Кангрэсе дэмакратычных сілаў будуць разглядацца розныя варыянты дзеяньняў. Напэўна, прагучыць і прапанова ўвогуле адмовіцца ад вылучэньня адзінага кандыдата. Але ці будзе яна падтрымана? Імя адзінага кандыдата, нават пры ўсёй прывіднасьці шанцаў на справядлівы падлік галасоў на выбарах — для значнай часткі грамадзтва, якая чакая зьменаў у сваёй дзяржаве — гэта сымбаль, які аб’ядноўвае і згуртоўвае.

Былы вайсковец з Пружанаў Мікола Канаховіч свой ліст на “Свабоду” напісаў пад уражаньнем ад таго, як у Менску адзначалі сьвята гораду. Сам слухач у той момант у сталіцы ня быў, але слухаў перадачу праваднога дзяржаўнага радыё, у якой перад мікрафонам захапляліся абліччам Менску сьпявак Якаў Навуменка і пісьменьнік Навум Гальпяровіч. Мікола Канаховіч з нагоды пачутага піша:

“Пры ўсёй маёй вялікай павазе да гэтых людзей, хацелася спытацца: “Хлопцы, куды гэта вас павяло? Няўжо прадаліся? А можа, ад страху перад дзяржаўным мікрафонам скрывадушнічалі?” Як можна ўсім гэтым захапляцца? Менск — гэта горад абсурду, гэта згвалтаваны горад-пакутнік, горад з брудным тварам. Бо менавіта нацыянальная тапаніміка, архітэктура, аздабленьне вызначаюць, каму ён належыць — тытульнай нацыі ці чужынцам-акупантам. А наш сталічны горад ня мае беларускага твару. На галоўнай плошчы на пастамэнце — постаць ідала, ад якога патыхае нянавісьцю да ўсяго беларускага. У галоўнага праспэкту гвалтам адабранае імя найвялікшага беларуса — Францішка Скарыны. Самае сьвятое гіне — наша маці-Радзіма, а людзі, якія маюць аўтарытэт і магчымасьці, не ратуюць яе. Як ні падмятай, як як ні фарбуй сьцены, але калі гэтыя вуліцы носяць імёны Леніна, Дзяржынскага, Суворава, Кірава, ня можа быць тут утульна беларусу. Хутчэй наадварот: гэта выклікае душэўны супраціў.

А яшчэ горш, калі ў краме на тваю беларускамоўную просьбу гандлярка замест пушкі запалак падае катушку нітак — бо не разумее, што ў яе папрасілі. Дык аб якой прыгажосьці гораду можа ісьці гаворка. Гэта страшна, калі беларус у сваёй сталіцы, на зямлі сваіх продкаў зьяўляецца фактычна чужынцам. Не разумею, як можна ўсхваляць, любавацца тым, што сьмяротна душыць цябе, б’е ў сэрца. Думайце, інтэлігенцыя, думайце, эліта краіны, што і каго вы ўхваляеце, чым і кім захапляецеся”.

Надта ўжо драматычныя, надрыўныя вашы высновы, спадар Канаховіч. Вядома, вам і многім вашым аднадумцам хацелася б бачыць Менск іншым — дзе вуліцы былі б названы толькі ў гонар нацыянальных дзеячаў, дзе наўкол гучала б толькі беларуская гаворка... Але рэальны Менск — іншы. І пры ўсім гэтым і тая гандлярка, якая не зразумела вашай просьбы, і тыя людзі, якія прыйшлі на сьвята гораду і шчыра радаваліся сонечнаму верасьнёўскаму дню і дагледжаным гарадзкім вуліцам, таксама беларусы. Гэта іхнымі рукамі Менск разбудоўваецца і даглядаецца, дзякуючы іхнай працы становіцца прыгажэйшым… Яны ў пераважнай большасьці зусім не вінаватыя ў тым, што ў краіне такая моўная сытуацыя, такая нацыянальная палітыка. Такое грамадзтва, такая дзяржава дасталіся ім у спадчыну. І ў іхным жыцьці горад такі, які ёсьць, які здолелі пабудаваць яны і іхныя папярэднікі. І ці справядліва наракаць на іх і патрабаваць агульнага стану дэпрэсіі і жалобы толькі таму, што горад — не такі, як хочацца вам?

23 чэрвеня ў эфіры “Свабоды” прагучала перадача “Палітычная геаграфія”, у якой журналіст Ягор Маёрчык расказаў пра сваё падарожжа ў вёску Асавая Маларыцкага раёну. Быў у рэпартажы, сярод іншага, і расповед пра тое, як мясцовы жыхар Андрэй Навумчык наважыўся адкрыць прыватны млын. Але пасьля таго, як на яго паскардзіліся за тое, што млын нібыта спажывае зашмат электраэнэргіі, млын давялося спыніць. І вось навіна зь вёскі Асавая, якую даслаў наш даўні сябар Павал Сац:

“Пішу вам на просьбу і пад дыктоўку Андрэя Навумчыка. Вялікая падзяка Радыё Свабода, і асабліва Ягору Маёрчыку. Дзякуючы ягонаму рэпартажу, млын зноў працуе на поўную моц — абедзьве драбільныя ўстаноўкі ўжо ў рабоце. Паставілі і лічыльнік на 20 кіляват. А закрыць млын хацеў старшыня сельсавету. Напэўна, зайздросна яму, што да яго на стары млын (яшчэ польскі, на камянях) ніхто не хацеў везьці малоць. Справа зрушылася дзякуючы вашай перадачы. І дарэмна вы кажаце, што нічога ня можаце зрабіць, што да вас не прыслухоўваецца “вэртыкаль”. Усе перадачы цяпер у Інтэрнэце, а чыноўнікі іх чытаюць. Прачыталі — і пайшлі нам насустрач”.

Дзякуй вам, паважаныя слухачы, за прыемную навіну. Паводле прэзыдэнцкага ўказу, рэагаваць чыноўнікі абавязаны на выступы толькі беларускай дзяржаўнай прэсы. Пра гэта мы вымушаны нагадваць тым сваім слухачам, якія зьвяртаюцца з канкрэтнымі просьбамі аб дапамозе ці скаргамі на мясцовых начальнікаў. Але здараюцца і такія вось выпадкі, як з гэтым прыватным вясковым млынам.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл зь Менску і Вольга Чарнабаева зь Веткі. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG