Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя вітае перамогу правых сіл на выбарах у Польшчы


Валер Каліноўскі, Менск Перамогу правых партыяў “Закон і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа” віталі як прадстаўнікі беларускай палітычнай апазыцыі, гэтак і кіраўніцтва не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. Якая рэакцыя ў Беларусі на польскія выбары?

Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі накіравала віншавальныя тэлеграмы польскім партыям “Закон і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа” ў сувязі зь іх перамогай на нядзельных парлямэнцкіх выбарах у Польшчы. АГП супрацоўнічае зь лідэрамі “Грамадзянскай плятформы” з 1993 году, у тым ліку з Доналдам Тускам, які мае найвышэйшы рэйтынг у прэзыдэнцкай гонцы, зазначыў намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “І мы спадзяемся, што пры зьменах у польскім урадзе палітыка Польшчы стане больш асэнсаванай, як унутраная, так і зьнешняя, і больш прынцыповай. Таму мы думаем, тое, што прадстаўнікі “Грамадзянскай плятформы” дэманстравалі сваю пазыцыю перад выбарамі, прымалі адкрытым тэкстам прынцыповыя заявы па Беларусі, яны будуць уводзіць у польскую палітыку”.

Аляксандар Дабравольскі перакананы, што з боку Польшчы цяпер ня будзе ніякіх патураньняў беларускаму кіраўніцтву.

Беларускі Народны Фронт мае дамову аб партнэрстве зь іншым пераможцам польскіх выбараў, партыяй “Закон і справядлівасьць”. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка перакананы, што палітыка новага ўраду Польшчы адносна Беларусі будзе цяпер значна больш пасьлядоўнай, заснаванай ня толькі на прагматычным інтарэсе.

(Вячорка: ) “Акрамя таго, польская палітыка будзе значна больш самастойнай з гледзішча расейскай геапалітычнай прысутнасьці ў нашым рэгіёне. Пра гэта дастаткова ясна заяўлена лідэрамі і “Права і справядлівасьці” і “Грамадзянскай плятформы”.

Віцук Вячорка мяркуе, што абедзьве гэтыя партыі сваімі дзеяньнямі засьведчылі салідарнасьць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, і цяпер іх ініцыятывы будуць рэалізоўвацца польскай дзяржавай.

Член камісіі міжнародных зносінаў беларускага парлямэнту Сяргей Гайдукевіч прагназуе пагаршэньне адносінаў афіцыйнага Менску і Варшавы, але не адразу, а празь некалькі месяцаў пасьля фармаваньня новага ўраду:

(Гайдукевіч: ) “Потым будуць нейкія зьмены, і не на нашу карысьць. Я чакаю, што адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю будуць больш жорсткія па асноўных кірунках. Іх разуменьне дэмакратычных працэсаў, іх разуменьне таго, як мы рухаемся, кардынальна адрозьніваецца, таму я мяркую, што адносіны будуць горшымі”.

Сяргей Гайдукевіч тым часам зьбіраецца паехаць назіральнікам на прэзыдэнцкія выбары ў Польшчу.

Адзін зь лідэраў не прызнанага ўладамі кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут таксама перакананы, што ўсходняя палітыка Польшчы цалкам зьменіцца:

(Пачобут: ) “Яна будзе проста больш жорсткай у адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Яраслаў Качыньскі, партыя якога перамагла на выбарах, ужо даўно займае акрэсьленую жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму. Між іншым, ён у інтэрвію “Народнай Волі” заявіў, што людзі, якія замешаныя ў перасьледзе палякаў, атрымаюць забарону на ўезд у Польшчу”.

Анджэй Пачобут пры гэтым зазначыў, што ўсе палітычныя сілы Польшчы не прызнаюць праўладнага кіраўніцтва СПБ і працягваюць кантакты выключна з ранейшымі лідэрамі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Нагадаем, што партыя-пераможца парлямэнцкіх выбараў у Польшчы “Закон і справядлівасьць” стварыла адмысловы камітэт “Салідарныя зь Беларусьсю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG