Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты Саюзу палякаў Беларусі вітаюць перамогу правых у Польшчы


Сяргей Астраўцоў, Горадня Палітычна актыўныя гарадзенцы заўсёды цікавіліся выбарамі ў суседняй Польшчы, іхнія вынікі звычайна асабліва хвалююць мясцовых палякаў. Цяперашнія выбары ў польскі Сойм, бадай, найбольш важныя для шмат каго зь іх, пагатоў для кіраўніцтва Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, якое беларускія ўлады абвясьцілі нелегітымным.

Пасьля таго, як у траўні Міністэрства юстыцыі Беларусі скасавала вынікі 6-га зьезду Саюзу палякаў, дзе яго кіраўніком была абрана Анжаліка Борыс, польскія ўлады адразу заявілі аб сваёй падтрымцы новаму кіраўніцтву СПБ, як дэмакратычны абранаму. Асабіста заявіць аб сваёй падтрымцы неўзабаве ў Горадню прыехаў кіраўнік камісіі польскага Сойму ў справах сувязяў з палякамі ў замежжы Раман Гертых, які сустрэўся з Анжалікай Борыс. Раман Гертых таксама ўзначальвае палітычную партыю — “Лігу польскіх сем’яў”.

Пазьней Саюз палякаў наведаў віцэ-старшыня уплывовай партыі “Закон і справядлівасьць” Адам Ліпіньскі, які ўзначаліў камітэт “Салідарныя зь Беларусьсю”. Між іншым, польскія палітыкі гаварылі аб тым, што пасьля верасьнёўскіх выбараў спадзяюцца заняць добрыя пазыцыі ў парлямэнце і тады будуць мець значна большыя магчымасьці, каб дапамагаць Саюзу палякаў. 1 жніўня выказаць сваю падтрымку Анжаліцы Борыс ды яе прыхільнікам прыяжджаў віцэ-маршалак польскага Сойму Дональд Туск, сёньня адзін з верагодных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Польшчы.

Сама Анжаліка Борыс сёньня якраз знаходзіцца ў Польшчы. А адзін з актывістаў Саюзу Андрэй Пачобут сказаў мне, што перамога на выбарах партыі “Закон і справядлівасьць”, а таксама добрыя вынікі “Грамадзянскай плятформы” Дональда Туска—вельмі добры знак і для Саюзу палякаў, і для дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі . Лідэры гэтых партыяў увесь час маральна падтрымлівалі Анжаліку Борыс, Саюз палякаў, і, паводле спадара Пачобута, пазыцыя Польшчы адносна беларускіх уладаў можа стаць больш рашучай. Ён нагадаў яшчэ, што кіраўнік “Права і справядлівасьці” Лех Качыньскі ў інтэрвію “Народнай волі” раней сказаў, што будзе забаронены ўезд у Польшчу для ўдзельнікаў і арганізатараў зьезду Саюзу палякаў, які наладзілі ўлады у Ваўкавыску пры канцы жніўня.

Адзін з гарадзенскіх палякаў—Андрэй Кусяльчук быў назіральнікам у часе парлямэнцкай кампаніі “Грамадзянскай плятформы” у Любліне і Беластоку і прэзыдэнцкай кампаніі Дональда Туска у Варшаве. Ён гаворыць аб тым, як спадару Туску дапамагла ягоная падтрымка Саюзу палякаў:

(Кусяльчук:) “Ён выпярэджваў Качыньскага ў рэйтынгах, бо заангажаваўся ў справу абароны Саюзу палякаў. Гэтая абарона дадала яму больш за 10 адсоткаў, і ягоны рэйтынг быў вялікі. Каб на мінулым тыдні адбыліся б выбары, ён мог бы нават стаць прэзыдэнтам Польшчы нават у першым туры”.

Андрэя Кусельчукаа а таксама іншых маіх знаёмых палякаў, ды проста гарадзенцаў прываблівае тое, што дэмакратычныя выбары ў Сойм Польшчы прайшлі ўжо пятым разам, што кампанія адбывалася так як і ў астатніх дэмакратычных краінах. На жаль, гавораць яны, у сёньняшніх умовах гэты досьвед немагчыма увасобіць у Беларусі, выбарчае заканадаўства якой і практыку правядзеньня выбараў крытыкуюць міжнародныя экспэрты.

На здымку: Андрэй Кусяльчук
XS
SM
MD
LG