Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы запасу прынялі прысягу


Вячаслаў Кулік, Менск У нядзелю ва Ўзброеных сілах Беларусі прымалі вайсковую прысягу афіцэры і салдаты запасу

У Міністэрстве абароны тлумачаць, што цяпер 15-дзённыя вайсковыя зборы праходзяць 500 так званых “партызанаў”. У вайсковыя часткі на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей выкліканы таксама афіцэры і салдаты запасу, якія, па словах ваенных, не трымалі ў руках зброю па два дзесяцігодзьдзі. Менавіта гэты кантынгент былой Савецкай Арміі прысягаў учора народу Беларусі. Падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч лічыць падзею правільнай, але вельмі запозьненай.

(Статкевіч: ) “Гэта павінна было адбыцца неўзабаве пасьля ўсталяваньня беларускай дзяржаўнасьці. Ва Ўкраіне гэта зрабілі ў 1991 годзе”.

Па словах афіцэра, у Менску 8 верасьня 1992 году таксама адбылася акцыя прыняцьця сымбалічнай прысягі афіцэрамі і салдатамі запасу.

(Статкевіч: ) “У 92-м годзе, калі беларускае войска было створана, кабінэт Кебіча адмовіўся прыводзіць вайскоўцаў, якія адслужылі, да прысягі Беларусі. І атрымалася двухсэнсоўная сытуацыя: навабранцы-салдаты прысягаюць Беларусі, а тыя, хто служыць у войску, прысягнуў Савецкаму Саюзу й усё. Гэта мела нэгатыўныя юрыдычныя наступствы. Яны не лічылі сябе ў выпадку пагрозы незалежнасьці Беларусі абараняць краіну”.

Урачыстую акцыю прысягі на плошчы Незалежнасьці праводзіла ў 1992 годзе Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў (БЗВ). Вось што гаворыць пра гэтую падзею яе ўдзельнік Валеры Костка.

(Костка: ) “Было вельмі шмат народу. Усе дэпутаты больш-менш нацыянальнага накірунку. Быў Васіль Быкаў. У мяне ёсьць аўтограф Васіля Быкава “8 верасьня 1992 году”.Мы, маладзечанская харугва, выступілі там са сваёй харугвай БЗВ і гербам Пагоня. Таксама фотаздымкі ёсьць”

Праз 13 гадоў і таксама ў залатую восень ваенкаматы зьбіраюць воінаў запасу ў рэжыме раптоўнай мабілізацыі. Гаворыць падпалкоўнік Мінабароны Вячаслаў Раменьчык.

(Раменьчык: ) “Такі элемэнт, як раптоўная мабілізацыя, у нас адбываецца ўпершыню. У першую чаргу гэта мае на мэце праверыць здольнасьці ваенкаматаў ажыцьцяўляць мабілізацыю прызыўных рэсурсаў”.

Чуткі пра тое, што ноччу ваенкаматы выцягваюць людзей у “партызаны”, абляцелі Беларусь. І вось якія меркаваньні гэта выклікае ў жыхароў Менску.

(Першы спадар: ) “Я сам былы вайсковец. Гэта пустая справа. Армія павінна быць прафэсійная. Няхай вайскоўцам плацяць шалёныя грошы, але яны павінны быць прафэсіяналамі. Вось як “Альфа”, напрыклад, як “Алмаз” наш. А вось гэта ўсё – зборы – гэта пустая страта грошай. Паверце мне, я – савецкі маёр”.

(Другі спадар: ) “Я лічу, што гэта патрэбна. Новае ўзбраеньне патрабуе, каб салдат, які служыў колісь, мог працаваць на гэтай тэхніцы”.

(Трэці спадар: ) “Партызаншчыне – не. Вось гэта непатрэбна, бо нам няма з кім ваяваць. Ай, гэта дурата. Гульня ў дарослыя забавы. Трэба апраўдаць вялікі штат генэралітэту”.

У панядзелак, 3 кастрычніка, вайскоўцаў запасу чакае дэмабілізацыя і... бульба на полі. Шматлікія “партызаны” – адзіныя абаронцы ў вясковых сем’ях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG