Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэнісная зборная Беларусі захавала сваё месца ў эліце ўсясьветнага тэнісу


Ігар Карней, Менск Уначы 26 верасьня, прыблізна а другой гадзіне паводле беларускага часу, завяршыўся матч плэй-офф Усясьветнай групы Кубку Дэвіса паміж зборнымі Канады і Беларусі. Цягам трох дзён, ад 23 да 25 верасьня, у Таронта каманды змагаліся за тое, каб застацца ў эліце ўсясьветнага тэнісу. У роўнай барацьбе перамогу сьвяткавалі госьці, што стала ў пэўным сэнсе кампэнсацыяй за крыўдную паразу на старце сёлетняга розыйграшу Кубку Дэвіса ў Румыніі, калі ў горадзе Брашаў беларусы прайгралі румынам з мінімальным лікам 2:3.

Ня гледзячы на тое, што ў канадзкай зборнай няма зорных прозьвішчаў, а сама каманда не ўваходзіць у лік тэнісных дзяржаваў сьвету, фактар хатніх сьценаў не спрыяў аптымістычным прагнозам – у папярэдніх матчах Кубку Дэвіса беларусы не атрымалі аніводнай перамогі на выезьдзе. Сёньня ўначы такая традыцыя была паламаная. Прайграючы паводле першых двух дзён канадцам, асноўная ўдарная сіла беларусаў – Максім Мірны і Ўладзімер Валчкоў, усё ж прымусілі гаспадароў капітуляваць.

У першы дзень спаборніцтваў 23 верасьня у стартавым матчы Ўладзімер Валчкоў пасьля чатырох гадзінаў досыць роўнай барацьбы саступіў Франку Данчавічу. Як кажуць спэцыялісты, каб у тэнісе была нічыя, то абодва гульцы яе заслужылі б. Тым больш, што і ў рэйтынгу прафэсыяналаў АТР яны побач – Валчкоў 185-ы, Данчавіч – 188-ы. У параўнаньні з Валчковым, Мірнаму ў пэўнай ступені пашанцавала – ягоны першы супернік Дэніэл Нэстар увогуле ня мае адзіночнага рэйтынгу, паколькі сваёй спэцыялізацыяй лічыць гульню ў пары. Ужо ў трэцім сэце з-за розьніцы ў клясе і ранейшай траўмы Нэстар адмаўляецца ад барацьбы, а Мірны выраўноўвае лік у сустрэчы -- 1:1 пасьля стартавага дня.

У суботу традыцыйнай зьвязцы Мірны-Валчкоў супрацьстаяў “пабіты” ужо Мірным Нэстар і Фрэдэрык Німэер. Спэцыялізацыя Нэстара дала плён: беларусы прайгралі ў чатырох сэтах – нават ня гледзячы на тое, што Мірны ў парным рэйтынгу сёлета 4-ы (для прыкладу, Нэстар – 8-ы, Німэер 235-ы, Валчкоў – толькі 450-ы). У немалой ступені паразе беларусаў паспрыяла цэлая сэрыя двайных памылак Валчкова, якія ўдала выкарысталі канадцы. У інтэрвію пасьля заканчэньня сустрэчы Валчкоў спрабаваў захоўваць аптымізм, кажучы, што ў апошні дзень удача абавязкова будзе на баку беларусаў – маўляў, канадцы сваю долю вычарпалі за два першыя дні.

У апошні дзень матчу прайшлі дзьве адзіночныя сустрэчы. Максім Мірны гуляў супраць Франка Данчавіча, а Ўладзімер Валчкоў -- супраць Фрэдэрыка Німэера, які літаральна перад выступам замяніў заяўленага Нэстара. Дзесьці аб 11-й вечара 25 верасьня на сайце “Кубку Дэвіса” зьявілася першая інфармацыя: дзякуючы намаганьням Максіма Мірнага ў матчы Канада-Беларусь адноўленая раўнавага. У пяцісэтавым паядынку, які доўжыўся болей за тры гадзіны, Мірны атрымаў другую запар перамогу і лёс матчу цалкам залежаў ад таго, ці здолее мабілізавацца на сустрэчу Ўладзімер Валчкоў. Бліжэй да другой гадзіны начы ўжо 26 верасьня на сайце “Кубку Дэвіса” у справаздачы “Валчкоў пакідае Беларусь ва Ўсясьветнай групе” зьявілася канчатковая статыстыка трохгадзінага матчу Німэер-Валчкоў – 2:6, 7:6, 3:6, 4:6.

У пасьляматчавых камэнтарыях тэнісныя спэцыялісты адзначаюць, што беларусы неверагодным чынам здолелі кампэнсаваць двухачковы дэфіцыт пасьля таго, як прайгравалі 2:1. Такім чынам, першая перамога на выезьдзе і яшчэ адзін сэзон у групе мацнейшых тэнісных зборных сьвету.

Увесь мінулы год матчы Кубку Дэвіса з удзелам беларусаў былі ледзьве не галоўнай падзеяй у краіне. Гэтым разам упершыню за апошні час беларускія тэлеканалы не трансьлявалі сустрэчу, што ўскосна давала падставы да пэсымістычных чаканьняў – маўляў, два тэнісісты, Максім Мірны і Ўладзімер Валчкоў, ня могуць бясконца выцягваць каманду. Раней напярэдадні кожнай сустрэчы афіцыйныя СМІ, перадусім, цэнтральныя каналы тэлебачаньня, няспынна ўслаўлялі Мірнага і Валчкова, якія лёгка распраўлялася з тэніснай элітай – немцамі, расейцамі, аргентынцамі. Нават перад мінулагоднім паўфіналам з амэрыканцамі настрой быў цалкам пераможны. Аднак пасьля невыразнай паразы ў ЗША і гэткага ж няўдалага старту ў сёлетнім розыгрышы Кубку Дэвіса ў Румыніі інтарэс да тэнісу зьнік увогуле. Прынамсі, пра хаду сустрэчы ні ў суботу, ні ў нядзелю Беларускае тэлебачаньне нават не паведаміла, затое хвілінаў дзесяць расказвала пра буйную перамогу хакейнай каманды прэзыдэнта над ветэранамі маскоўскага “Дынама” (інфармацыйнае агенцтва БелТА з лядовай пляцоўкі вяло аднаўленьні ў прамым эфіры).

Адным словам, як і бальшыні заўзятараў, мне даводзілася задавольвацца інфармацыяй з афіцыйнага інтэрнэт-сайту “Кубку Дэвіса” і тэлеканалу “Eurosport”. Аднак заставаліся аптымісты, якія ня верылі у вяртаньне беларусаў у Эўра-Афрыканскую зону, адкуль з такімі цяжкасьцямі тыя трапілі ў эліту ўсясьветнага тэнісу. Вядомая ў нядаўнім мінулым тэнісістка Вольга Барабаншчыкава не хавала, што да апошняга спадзяецца на Мірнага і Валчкова.

(Барабаншчыкава: ) “Мне падаецца, нашыя хлопцы падрыхтаваныя вельмі добра фізычна. Ну, ды вы самі зірніце на іх – яны ж у цудоўнай фізычнай форме!”.

(Карэспандэнт: ) “Іншае пытаньне – на колькі гэтай формы яшчэ хопіць? Колькі каманда яшчэ здолее трымацца за кошт толькі двух гульцоў?”

(Барабаншчыкава: ) “Вы ў мяне запытайцеся пра што-небудзь прасьцейшае. Я зараз не ў такім блізкім кантакце з тэнісам, і калі сачу за матчамі, то хіба толькі ўзроўню Кубку Дэвіса, дзе сапраўды можна атрымаць дозу адрэналіну. Таму агульную сытуацыю наўрад ці магу аналізаваць. Але мяркую, што ў беларускай каманды нядрэнныя пэрспэктывы, паколькі бачу, што першыя два нумары ў нашай зборнай у вельмі прыстойнай форме. Я ў іх веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG