Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На парлямэнцкіх выбарах у Польшчы перамаглі правыя


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У нядзелю ў Польшчы адбыліся выбары ў Сэйм і Сэнат – верхнюю і ніжнюю палаты польскага парлямэнту. Паводле папярэдніх дадзеных адразу некалькіх незалежных апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў, гэтак званых “exit polls”, правацэнтрысцкая партыя “Закон і справядлівасьць” атрымала каля 28% галасоў, а іхнія бліжэйшыя канкурэнты – лібэралы з “Грамадзянскай плятформы” – на 3% меней.

Абедзьве партыі, якія, дарэчы, атрымалі амаль 100% галасоў і ў Сэнаце, яшчэ да выбараў заяўлялі, што пасьля галасаваньня створаць кааліцыю і дзеля гэтага ў іх мандатаў больш чым дастаткова.

Камэнтуючы вынікі галасаваньня, адзін зь лідэраў партыі “Закон і справядлівасьць” Зьбігнеў Васэрман заявіў:

(Васэрман: ) “Наша перамога цалкам справядлівая. Выбаршчыкі ацанілі належным чынам нашу цяжкую працу цягам 4 гадоў. У мінулым парлямэнце ў нас атрымалася шмат што зрабіць, нягледзячы на тое, што наша партыя была ў апазыцыі, гэта была невялікая група дэпутатаў”

На трэцім месцы даволі нечакана апынуўся Саюз левых дэмакратаў (СЛД) – гэта партыя, якая цяпер кіруе Польшчай, але якая цягам апошніх чатырох гадоў настолькі страціла папулярнасьць, што некаторыя назіральнікі сьцьвярджалі, што яна ўвогуле не патрапіць у парлямэнт. Але тут хутчэй за ўсё СЛД дапамагла падтрымка прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага, які ў апошнія дні перад выбарамі падтрымаў гэтую партыю, заявіўшы, што ў парлямэнце патрэбная моцная апазыцыя ў выглядзе левых сілаў.

Для беларусаў Беласточчыны трэцяе месца СЛД можа азначаць тое, што ў Сэйме зноў будзе Ян Чыквін – знаны праваслаўны дзеяч і абаронца закону аб нацыянальных меншасьцях, як быў прыняты сёлета.

Аднак выглядае што ні СЛД, ні яшчэ тры партыі, якія, ізноў жа паводле папярэдніх дадзеных, будуць у парлямэнце – а гэта кансэрватыўная “Ліга польскіх сем’яў”, папулісцкая “Самаабарона” і сялянская “Польская народная партыя” – ня будуць мець значнага ўплыву на сытуацыю ў краіне цягам наступных чатырох гадоў. Зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што новы польскі ўрад будзе займаць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам, чым цяперашні, посткамуністычны кабінэт міністраў. І “Грамадзянская плятформа” і “Закон і справядлівасьць” вельмі актыўна займаліся беларускімі пытаньнямі, калі былі ў апазыцыі. Прадстаўнікі абедзьвюх партыяў неаднаразова наведвалі Беларусь,у тым ліку і ў часе апошніх падзеяў вакол Саюзу палякаў Беларусі, ладзілі шматлікія акцыі ў Польшчы ў падтрымку дэмакратыі Беларусі, лабіравалі і лабіруюць беларускія пытаньні ў Эўрапарлямэнце. Варта нагадаць яшчэ, што “Закон і справядлівасьць” мае дамову аб партнэрстве зь Беларускім народным фронтам, а “Грамадзянская плятформа” з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Напярэдадні выбараў лідэры абедзьвюх партыяў неаднаразова дэкляравалі, што і надалей будуць надаваць беларускім справам значную ўвагу, але ўжо маючы значна больш магчымасьцяў для ўплыву на сытуацыю.

Натуральна, што вынікі парлямэнцкіх выбараў несумненна паўплываюць на хаду прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Польшчы 9 кастычніка. Паводле апошніх апытаньняў, найбольш верагодны пераможца прэзыдэнцкіх выбараў – лідэр “Грамадзянскай плятформы” Дональд Туск. На другім месцы прадстаўнік партыі “Закон і справядлівасьць” Лех Качынькі – брат будучага прэм’ера Яраслава Качыньскага. Апытаньні таксама паказваюць, што большасьць палякаў ня хочуць, каб дзьве найважнейшыя пасады ў дзяржаве займалі браты, таму перамога “Права і справядлівасьці” у парлямэнцкіх выбарах, хутчэй за ўсё, будзе на карысьць Дональда Туска. Магчыма, ён выйграе нават у першым туры, бо ўжо цяпер спадара Туска падтрымліваюць 45% палякаў.

Афіцыйныя канчатковыя вынікі выбараў будуць вядомыя ў аўторак увечары.

На здымку: галасуе верагодны новы прэм''ер Польшчы Яраслаў Качыньскі
XS
SM
MD
LG