Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На выбарчым участку ў амбасадзе Польшчы ў Менску было нешматлюдна


Альгерд Невяроўскі, Менск На 15 гадзін паводле менскага часу там прагаласавала каля 20 % польскіх грамадзянаў, якія стала, альбо часова жывуць у Беларусі. Усяго ў польскай амбасадзе ў Менску было зарэгістравана каля 150 польскіх грамадзянаў, што маюць права голасу. Яшчэ крыху больш за 80 патэнцыйных выбарцаў было зарэгістравана ў польскіх кансулятах у Горадні й Берасьці.

У акруговай выбарчай камісіі №17 па выбарах у Сэйм і Сэнат Польшчы, якая разьмясьцілася ў будынку амбасады гэтай краіны ў Менску не было шматлюдна. Я прыйшоў да будынку амбасады Польшчы а палове дзясятай раніцы і цягам гадзіны назіраў колькі прыйдзе польскіх выбарцаў на гэты ўчастак, дзе галасуюць за кандыдатаў у дэпутаты Сэйму й Сэнату па выбарчай акрузе Варшава-Цэнтар. Цягам гэтага часу там прагаласаваў толькі адзін чалавек. Гэта быў Уладзімер Пац – карэспандэнт Польскага радыё ў Менску. Казаць пра тое, за якіх кандыдата й выбарчы блёк ён прагаласаваў, Уладзімер не захацеў. Сказаў - няхай гэта застанецца таямніцай. Не сказаў польскі калега й пра тое, чаго ён чакае ад вынікаў гэтых парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. Сябры выбарчай камісіі таксама адмаўляліся даваць якія-кольвек камэнтары. Вядома толькі, што ў польскай амбасадзе ў Менску было зарэгістравана прыкладна каля 150 патэнцыйных выбарцаў. Яшчэ прыкладна па 40 грамадзянаў Польшчы зарэгістраваліся на выбарчых участках, што месьцяцца ў кансулятах гэтай краіны ў Берасьці й Горадні.

А 15 гадзіне я зноў прыйшоў да амбасады Польшчы. Старшыня выбарчай камісіі Марэк Гайкоўскі правёў мяне на выбарчы ўчастак, паказаў бюлетэні для галасаваньня, пазнаёміў са складам камісіі, але даваць камэнтары адмовіўся. Сказаў толькі, што яўка польскіх выбарцаў на менскім участку на гэты час складала крыху больш за 20%. Гэта ў асноўным былі прадстаўнікі ўсіх падразьдзелаў амбасады, а таксама некаторыя польскія прадпрымальнікі й студэнты, якія стала альбо часова жывуць у Менску. Вынікі галасаваньня ў польскіх парлямэнцкіх выбарах на беларускіх участках будуць вядомыя пасьля 20 гадзіны менскага часу.
XS
SM
MD
LG