Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы ў Віцебску: шукаюць зброю і выбухоўку, забіраюць улёткі і сьцягі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Міліцыя актыўна шукае арганізатараў выбуху ў Віцебску 22 верасня. Затрыманыя 5 падазраваных. Сёньня высьветлілася, што ў лік падазраваных трапілі й маладыя актывісты апазыцыі. Праводзячы ў іх дома ператрусы, прадстаўнікі аддзелаў па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю напачатку пыталіся пра выбуховыя рэчывы, але забіралі з сабою ўлёткі, партыйныя дакумэнты ды бел-чырвон-белыя сьцягі. На думку моладзевых актывістаў, сілавыя структуры выкарыстоўваюць складаную сытуацыю ў горадзе, каб перадусім аказаць на іх маральны ціск.

Ператрусы ў моладзевых апазыцыйных актывістаў распачаліся мінулай ноччу: а палове на другую чацьвёра міліцыянтаў зіявіліася да 22-гадовай студэнткі Алены Стук з “Маладога фронту”. Дзяўчына дагэтуль уражаная тым, што яе падазраюць у злачынстве, у выніку якога ў шпіталях апынуліся калі 4-х дзесяткаў чалавек.

(Стук:) “Сказалі мне зброю здаць! Я што, самая небясьпечная тэрарыстка тут – нажы сталовыя толькі й ёсьць у доме! Гэта праўда. Яны і ў шафах глядзелі, і пад ложкам глядзелі. Паказалі пастанову, што мяне трэба абшукаць – і наперад!”

Нічога не знайшоўшы, міліцыянты сышлі. А сёньня зранку стала вядома пра новыя ператрусы.

Кіраўніка тутэйшай маладзёвай філіі АГП Дзяніса Дзянісава на той час дома не было, аднак міліцыянты патлумачылі ягоным бацькам, што шукаюць арганізатараў выбуху 22-га верасьня ці датычныя да гэтых падзеяў доказы. Аднак, паводле іхнага аповяду, большую частку часу міліцыянты правялі ў сынавым пакоі, і, не знайшоўшы нічога больш падазронага, забралі з сабою дыскі з вядомымі палітычнымі мультфільмамі, дакумэнты, якія Дзяніс прывозіў з сэмінараў у Польшчы ды Украіне, а таксама аркушы з подпісамі за наданьне імя Васіля Быкава адной з вуліц горада.

Прыблізна па такім самым сцэнары праходзіў ператрус і ў кватэры кіраўніка “Маладога фронту” Віктара Шляхціна.

(Шляхцін:) “Яны прад”явілі мне пастанову, дзе было напісана, што 22-га адбыўся выбух, і ў мяне могуць быць рэчы, здабытыя злачынным шляхам, а таксама якія маюць адносіны да гэтае справы. Яны паглядзелі тое-сёе ў кампутары, а калі потым заўважылі скрыню са старымі ўлёткамі Шчукіна ды Севярынца, то ўсё астатняе іх ужо перастала цікавіць,і яны заняліся толькі гэтым. Некуды патэлефанавалі, параіліся, а потым забралі ўлёткі, дзьве кніжкі і два бел-чырвон-белых сьцяга.”

Наступны ператрус адбыўся ў Сьцяпана Цішуціна, сябра моладзевай суполкі “Седьмая грань”. Выбуховых прыстасаваньняў там не знайшлі, але калі ў кватэру Цішуціных паспрабавалі ўвайсьці праваабаронца Валеры Шчукін і сябар Беларускага Гэльсінскага Камітэту Павал Левінаў, прысутныя там міліцыянты загадалі ім зараз жа пакінуць памяшканьне , паабяцаўшы за непадпарадкаваньне выклікаць на дапамогу АМОН.

Пра дадатковыя міліцэйскія сілы, выкліканыя ў Віцебск, паведаміў учора па мясцовым тэлебачаньні кіраўнік абласной міліцэйскай ўправы Вячаслаў Яўстаф”еў. У тэлевыпусках навінаў таксама паведамлялася пра тое, што затрыманыя пяцёра падазраваных у выбуху 22-га верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG